Мінск у мастацкім кіно і кінахроніках, нягледзячы на шэраг артыкулаў у розных СМІ і публікацыі навукова-папулярнага характару, — усё яшчэ нязведаная, мала вывучаная тэма. Паколькі Мінск — даволі сціплая «зорка» для шырокага экрана, кожнае ягонае з’яўленне ў старых стужках, кожная згадка, кожная заўважаная лакацыя, выкарыстаная ў мастацкім фільме, выклікае сталую цікаўнасць і ў аматараў, і ў прафесійных аглядальнікаў кіно.
Дзе ў Мінску стаяў палац Гедзіміна? Як сталіца Беларусі ператварылася на ўсерасійскую сталіцу ідыётаў? Ці далёка Мінск ад Дзікага Захаду? Прапануем разам з budzma.org пусціцца ў вандроўку па кінематаграфічным Мінску, праз час і розныя лакацыі, — па такім, які мы не ведаем, або на які добра падзабыліся.
Крыху мінскай кінагісторыі
У 1900 г. першыя кінатэатры, ці як тады іх звалі, «электратэатры», з’явіліся і ў Мінску. Любое пустое памяшканне, куды можна было паставіць крэслы, лаўкі і павесіць экран, ператваралася ў кінатэатр. Кінаапарат ставілі ў суседнім пакоі і праз невялікае акенца паказвалі фільм. Першы сапраўдны кінатэатр — «Ілюзіён» адкрылі ў 1907 г. у доме на рагу Захар’еўскай і Петрапаўлаўскай вуліц (цяпер частка Кастрычніцкай плошчы ля скрыжавання пр. Незалежнасці і вул. Энгельса). Затым, у 1909 г., былі адкрыты кінатэатры «Мадэрн» і «Гігант». Аснову сеансаў складалі кароткія стужкі, знятыя на розных кінастудыях Расійскай імперыі, або прывезеныя з-за мяжы.
Кінатэатр «Эдэн» на вул. Захар’еўскай лічыўся самым мадэрновым і «люксавым» электратэатрам — тут былі самыя раскошныя інтэр’еры, а найсучаснейшую апаратуру прывезлі з Германіі і ЗША
Мінскі прадпрымальнік Рыхард Штрэмер стаў адным з першых кінахраністаў горада. Летам 1908 г. на пляцы каля пажарнага дэпо (на цяперашняй вуліцы Гарадскі вал) і на велатрэку гарадскога сада (цяпер у парку імя Горкага) кінааператары Штрэмера 18 дзён здымалі вучэнні Мінскага вольнага пажарнага таварыства, а ўвосень публіцы прадставілі фільм пад назвай «Манеўры МВПТ». 8 снежня 1908 г. ў кінатэатры Штрэмера прэзентавалі новы фільм уласнай вытворчасці «Экскаватар — пякельная машына за Брэсцкім вакзалам», а праз тыдзень выйшла дакументальная кінастужка «Пажар у горадзе Мінску на Паліцэйскай вуліцы».
У 1911 годзе мінскія кінааператары, якія працавалі для Рыхарда Штрэмера, знялі фільмы «Польскае храмавае свята на Кальварыі ў Мінску», «Палёты рускага авіятара Утачкіна над Камароўскім полем», «Крушэнне цягніка на станцыі Руднікі» і іншыя стужкі працягласцю меней за 20 хвілін. На жаль, ніводная з гэтых стужак не захавалася.
Кінастужка ў тыя часы рабілася з лёгкаўзгаральных матэрыялаў, а памяшканні пад кіно не адпавядалі і мінімальным патрабаванням пажарнай бяспекі (напрыклад, публіцы ў іх дазвалялася паліць); акрамя таго, вайна, рэвалюцыі, акупацыі Мінска і, урэшце, нацыяналізацыя сінематографа бальшавікамі — усё гэта не спрыяла захаванню кінаспадчыны. У савецкім Мінску да кінематографа звярнуліся толькі ў 1924 г., а першы айчынны мастацкі фільм выйшаў на экраны ў 1927 г.
Стужка «Лясная быль» (1926) таксама данесла нам каштоўныя кадры гістарычнага Мінска. На стоп-кадры бачна, як чырвонаармейцы «ўступаюць» у Мінск з боку Кальварыйскай вуліцы.
Мінск у «кінематаграфічным часе»
Тысячагадовы горад проста павінен мець сваю, складзеную з эпохаў і вехаў, «кінематаграфічную храналогію». І яна, хаця і такая своеасаблівая, у горада ёсць! Давайце паспрабуем крышку аднавіць мінскую «хронасінемалогію».
1. «Кіношнае» Сярэднявечча: мінскі палац Гедымінавічаў
Пачнем наш агляд са згадкі пра адну з самых палітызаваных і прапагандысцкіх стужак міжваеннай БССР — эпічнай «В огне рожденная» (1929), знятай «Беларусьфільмам». У фільме распавядаецца пра беларускі народ-рэвалюцыянер, які стагоддзямі змагаецца за сваю волю, каб скінуць панскае ярмо.
Сяляне-беларусы цягнуць паланкін магната-прыгнятальніка да палаца іншага прыгнятальніка — князя Гедзіміна. У ролі параднага ўвахода ў замак — фасад Чырвонага касцёла (Касцёл св. Сымона і Алены)
Ідэалагічна вытрыманае нямое кіно працягвае праз увесь хранаметраж стужкі адзіную думку: усе, хто не з бальшавікамі — ворагі беларусаў. Гэтымі ворагамі паўстаюць не толькі немцы ці палякі, але і Рада БНР і армія Булак-Булаховіча, князі Сапегі і род Гедзімінавічаў. У канцы стужкі беларускі народ плячо ў плячо выходзіць на шырокі прастор разам з Чырвонай Арміяй...
2. Усерасійская сталіца дурняў за часам Напалеона
Фільм знакамітага амерыканскага рэжысёра Вудзі Алена «Каханне і Смерць» (Love and Death, 1975) у форме гратэску парадыруе расійскую класічную літаратуру, асабліва эпічныя раманы Талстога і Дастаеўскага, і іх экранізацыі, на фоне Напалеонаўскай кампаніі ў Расіі.
Кінаафіша, прымеркаваная да выхаду фільма на экраны
Персанажы фільма ўвесь час уступаюць у філасофскія дыскусіі і выгаворваюцца доўгімі паэтычнымі маналогамі, пакутуюць ад «праклятых экзістэнцыяльных пытанняў». Напрыклад, у сённяшніх умовах вуснамі расійскага афіцэра і ягонай сваячніцы зусім па-новаму гучыць пытанне пра маральны выбар і права на забойства (абмяркоўваецца мэтазгоднасць забойства Напалеона).
Стоп-кадр са стужкі ў момант, калі героі праязджаюць праз Мінск
Што ў сюжэце пра Мінск? Галоўныя героі адпраўляюцца ў Маскву, акупаваную французамі, прыхапіўшы з сабою афелка Бердзікава, які едзе ў Мінск на ўсерасійскі з’езд местачковых ідыётаў. Дарэчы, падчас здымак «Мінскам» служылі відарысы Будапешта...
Геніяльны рэжысёр па-свойму, іранічна, але з гуманістычных поглядаў падыходзіць да тэмы вайны, таму сёння стужка зноў падаецца актуальнай. Раім яе перагледзець.
3. Вільня Каліноўскага ў Мінску
Адзін з першых айчынных мастацкіх фільмаў на гістарычную тэму, «Кастусь Каліноўскі» (1927), знаходзіцца ў пастаянным топе аглядаў старых стужак — у ім можна пабачыць відарысы міжваеннага Мінска. Як вядома, у стужцы мінскія вуліцы і плошчы сталі адпаведнымі лакацыямі недасяжнай на той момант Вільні: так, напрыклад, «Пішчалаўскі замак», што на сённяшняй вул. Валадарскага, стаў вязніцай у Лукішках. Мы не будзем падрабязна спыняцца на шмат разоў разабранай па кадрах стужцы — проста пакінем некалькі стоп-кадраў, каб яшчэ раз насалодзіцца атмасферай старасвецкага Менска з ягонымі арыгінальнымі вузкімі вулачкамі, рознатыпавай брукаванкай і аўтэнтычнымі фасадамі дамоў...
На стоп-кадры з шыбеніцай на «віленскай плошчы Лукішкі» — мінская Траецкая гара, але найбольшую каштоўнасць надае відарыс на заднім плане, дзе ў кадр патрапілі амаль усе асноўныя рэлігійныя будынкі — дамінанты гістарычнага сэрца горада.
Звілістая Казмадзям’янаўская са старой брукаванкай і сходнікамі ператварылася ў віленскую вулачку
Конны царскі канвой праязджае праз прыватны сектар па дарозе на плошчу Лукішкі (Траецкую гару) — такія краявіды ў «двух прыпынках ад цэнтра», як сказалі б сёння, назіраліся ў гістарычным Мінску паўсюль
Дарэчы, другім фільмам, у якім Мінск зноў ператварыўся ў губернскую Вільню, стала стужка «Его превосходительство» 1927 года, якая распавядала гісторыю замаху яўрэя-рэвалюцыянера Гіршы Лекерта на віленскага генерал-губернатара фон Валя ў 1902 годзе.
На стоп-кадр патрапіў фрагмент фасада Сабора Сашэсця Святога Духа
4. Паміж бальшавікамі і палякамі
У міжваеннай БССР савецка-польскай вайне аддавалі значнае месца пры распрацоўцы рэвалюцыйна-ідэалагічнай тэматыкі. Таму тым, хто цікавіцца гісторыяй айчыннага кінематографа, на памяць, безумоўна, прыйдзе стужка «Лясная быль» (1927), якая, як і «Кастусь Каліноўскі», часта трапляе ў топы старых фільмаў з відарысамі Мінска. Аднак мы б хацелі ўзгадаць іншую стужку, знятую на дзесяцігоддзе пазней, але не менш каштоўную колькасцю мінскіх відарысаў — гаворка пойдзе пра фільм «Адзінаццатае ліпеня» 1938 года, прысвечаны бальшавісцка-польскай вайне.
Тагачасная афіша пра выхад фільма
Сюжэт фільма ідэйна просты. Польскія інтэрвенты падыходзяць да Бярэзіны. Чырвоная Армія часова пакідае беларускія землі. Арганізуюцца партызанскія атрады, на чале аднаго з якіх становіцца бальшавік Сцяпан. У гэтым жа атрадзе і яго брат, які знаходзіцца ў змове з польскім шпіёнам Капустай. Пры садзейнічанні Капусты польскія ўланы, якія з’явіліся ў вёсцы, дабіраюцца да лагера партызан і захопліваюць штаб. Янка паспявае папярэдзіць штаб аб перамяшчэнні белапалякаў, і партызаны вымушаны адступаць па непраходным балоце. Ім удаецца выратавацца і злучыцца з Чырвонай Арміяй, якая адзінаццатага ліпеня займае Мінск. Апошнія хвіліны патрыятычнай стужкі — самыя каштоўныя для аматараў гісторыі Мінска. Але замест шматслоўя лепш пакінем некалькі стоп-кадраў адтуль.
Уваход Чырвонай Арміі ў Мінск па былой Феліцыянаўскай на плошчу Свабоды. Вежа езуіцкага калегіума з гадзіннікам — сапраўднае ўпрыгожанне плошчы
Аўтэнтычная забудова побач са Святадухавым саборам (Кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа)
Звілістая вуліца «не прычасанага», не выпрастанага гістарычнага Мінска міжваеннага перыяду
5. Знішчаная дзеля эфектнага кадра
На заканчэнне кінахраналогіі Мінска застаецца дадаць колькі словаў пра стварэнне (і своеасаблівыя метады савецкай рэжысуры, так бы мовіць) «кіношнага» вобразу «акупаванага фашысцкімі гітлераўцамі Мінска» — гэтая тэма стала фактычна фінальнай (і зацыкленай на доўгія гады) у кінаўвасабленні гістарычнага горада. Размова пра здымкі фільма «Руины стреляют...» (1969) напярэдадні зносу старой Нямігі.
Фота падчас здымак кінастужкі «Руины стреляют...»
Фота падчас здымак кінастужкі «Руины стреляют...»
Як паказваюць фота з фондаў БДАКФФД, для больш выразнага адлюстравання на экране «гітлераўскай агрэсіі» і «нямецкага бамбардавання» горада частка будынкаў, патрапілых у кадр, насамрэч атрымала пашкоджанні не ад авіябомб ці падпалаў, а ад чугуннай «бабы» савецкіх будаўнікоў-ударнікаў у пасляваенны час...
Кіналетапісны Мінск
А зараз звернем увагу на рэальныя вобразы сталіцы — на тое, як выглядалі мінскія кварталы і прадмесці ў захаваных да нашага часу кінахроніках міжваеннага часу і першых пасляваенных гадоў. З улікам страчаных і ацалелых кінатвораў (так, са стужак, знятых у 1920-х — 1930-х гг., захавалася толькі каля паловы ад іх колькасці), кожная з такіх кінахронік — сапраўдны і ўнікальны скарб.
Адным з галоўных святаў міжваеннай БССР, акрамя даты ўтварэння савецкай рэспублікі, якой прысвячалі падобныя кінастужкі 1935 г., было таксама і свята «вызвалення ад белапалякаў».
Нягледзячы на сваю нецікавую назву «Дом-музей I съезда РСДРП в Минске» (1927) гэтая кароткая стужка вельмі каштоўная. Не толькі тым, што дае магчымасць убачыць, як насамрэч выглядаў аўтэнтычны домік РСДРП да вайны. Акром таго, і гэта, мабыць, галоўная значнасць стужкі, — насалодзіцца першым відарысам на 180° плошчы Свабоды.
Стоп-кадр з аглядальнага відарыса ад плошчы Свабоды з асноўнымі архітэктурнымі дамінантамі гістарычнага цэнтра. На жаль, захаванасць і якасць выкладзенай у сеціва стужкі не дае магчымасці ўгледзецца ў дэталі
Яшчэ адзін цікавы кінадакумент — эпізод «Новые здания и улицы Минска» з кінастужкі «Белорусская Советская Социалистическая Республика» (1936).
Сярод цікавых дэталяў, якія можна заўважыць у замалёўцы пра міжваенны Мінск — чатырохмоўныя шыльды (на беларускай, ідыш, польскай, расійскай мовах) на будынках інстытутаў (ды й увогуле надпісы, афішы і шыльды на беларускай мове паўсюдна), трамвай як галоўны транспарт і,... знакамітая чысціня ў горадзе (у кароткім эпізодзе месціч падымае кінуты пад ногі недагарак і выкідае яго ў сметніцу).
Асабліва цікава параўноўваць гістарычныя кінакадры з сучаснымі ім іншымі выяўленчымі рэсурсамі. У калажы ўверсе змешчаны стоп-кадр са стужкі 1946 г. — трамвай едзе па вул. Савецкай у раёне былога Аляксандраўскага сквера, такой непадобнай на сучасны шырокі праспект Незалежнасці ў раёне Кастрычніцкай плошчы. Унізе — малюнак 1938/9 г. Анатоля Тычыны (1897–1986) з калекцыі Музея гісторыі беларускай літаратуры, на якім адлюстравана амаль тое ж месца, бліжэй да скрыжавання вул. Савецкай і Энгельса
Міжваенныя кінастужкі — таксама каштоўныя (хаця і вельмі фрагментарныя) візуальныя крыніцы аб прадмесцях Мінска, назвы якіх выйшлі з ужытку, а межы — размыліся новай сеткай вуліц. Першым тут можна паставіць Кашары (пра гэта прадмесце мы пісалі раней) — адное з месцаў адпачынку гараджан, знакамітае ў міжваенны час сваім іпадромам, а сёння — адзін з нешматлікіх ціхіх куткоў цэнтра сталіцы.
Кашарскі іпадром з’яўляецца на хранікальных кадрах 1935 г. усяго на некалькі секунд. Лёс ягоны таксама быў кароткім: у 1925 г. адкрыты, у 1944 г. тут прайшлі парадам партызаны праз вызвалены Мінск, а ў 1946 г. на тым жа іпадроме былі павешаны нацысцкія злачынцы. З 1949 г. іпадром афіцыйна перастаў функцыянаваць
Напрыканцы агляду даваенных кінастужак толькі заўважым, што ўсё ж першым прадмесцем, якое трапіла ў вочка кінааператара, стаў працоўны раён — Ляхаўка.
На стоп-кадры са стужкі «У агню народжаная» (1929) патрапілі карпусы завода «Энергія» — прамысловы раён уздоўж сучаснай вул. Кастрычніцкай захаваўся да нашых дзён. Прамысловы краявід настолькі спадабаўся стваральнікам стужкі, што фатаграфія, зробленая на здымках сцэны, некалькі гадоў тыражавалася як у прэсе БССР, так і ўсяго СССР.
Пасляваеннае дзесяцігоддзе было занята аднаўленнем сталіцы БССР, адпаведна, мясцовая кінавытворчасць больш канцэнтравалася на стварэнні кіначасопісаў, кіналетапісаў і кінахронік, якія б адлюстроўвалі адраджэнне «Горада Сонца». Хуткасць і маштабнасць адбудовы горада, што праўда, уражвалі і замежных кінааператараў.
Унікальныя кінакадры адбудовы Мінска захоўваюцца ў Нацыянальным польскім кінафотаархіве (Repozytorium Cyfrowe Filmoteki Narodowej) «ZSRR. Odbudowa Mińska» (дата 1948-09-07)
Брытанская кампанія British Pathé ў 1958 г. таксама зняла невялікі відэарэпартаж пад назвай «Capital Of Belorussia — Minsk Restored» (1958)
Мінскія лакацыі ў мастацкіх фільмах
Пасляваеннае дзесяцігоддзе было цяжкім як для эканомікі краіны, так і для кінаіндустрыі. Гульнёвыя айчынныя фільмы разнастайнай тэматыкі пачалі захопліваць кінаэкраны з 1950-х гг. З гэтага ж моманту, яшчэ даволі сціпла, кароткімі эпізодамі, у мастацкае кіно пачаў «прабівацца» і Мінск са сваім новым абліччам.
На стоп-кадры са стужкі «Хто смяецца апошнім» (1954), знятай па сатырычным творы Кандрата Крапівы, можна заўважыць забудову вул. Горкага (сучасная М. Багдановіча). Што цікава — у тыя часы па ёй хадзіў трамвай
А на стоп-кадры з фільма «Пасеялі дзяўчыны лён» (1956) у кадр разам з новымі «Варотамі горада» патрапіла і падвойная воданапорная вежа пачатку ХХ ст., якая абслугоўвала тагачасную чыгунку і якую ў хуткім часе разабралі
У стужцы Іосіфа Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960) у пачатку фільма цягнік прыбывае на станцыю Мінск. Каля будынка чыгуначнага вакзала, верагодна, стаіць абеліск у памяць ахвяраў Курлоўскага расстрэлу 1905 г. Верагодна, на час здымак быў пастаўлены макет, паколькі дзеянні ў стужцы адбываюцца напярэдадні Другой сусветнай вайны, у час якой помнік быў пашкоджаны і потым не аднаўляўся
З пачатку 1960-х гг., з забудовай сталіцы новымі кварталамі і мікрараёнамі, пачалося і новае «кіношнае» жыццё горада: у кадры мастацкіх стужак усё часцей пачалі трапляць жылыя раёны, новыя вуліцы, бульвары, дамы. А прыход каляровай кінастужкі ў савецкую кінаіндустрыю зрабіў стоп-кадры з гэтых фільмаў больш яскравымі і запамінальнымі.
Рэжысёры і аператары пачынаюць эксперыментаваць з перспектывай і панарамнымі відарысамі. Так, у стужцы 1960 г. «Любовью надо дорожить», дзякуючы задумцы здымачнай групы, патрапіў эпізод з панарамным краявідам Мінска з вышыні тэлевежы. На гэтым стоп-кадры левы бок лёгка пазнавальны — заўважны галоўныя дамінанты, цырк і Дом афіцэраў. А вось правы бок уяўляе большую цікавасць. На пярэднім плане — парк, які пакуль носіць імя 30-годдзя БССР, за ім, у далечыні, можна заўважыць Цэнтральную (Кастрычніцкую) плошчу з помнікам Сталіну. Будынак музея ВАВ яшчэ не пабудаваны.
Яшчэ адзін стоп-кадр з той жа стужкі і яшчэ адна эфектная рэжысёрская вынаходка: прыгожы відарыс вечаровага чыгуначнага вакзала падкрэслены ліхтаром на пярэднім плане, які патрапіў у кадр пад такім вуглом, што падаецца месяцам каласальных памераў
Вечаровыя і начныя здымкі Мінска — адна з эфектных знаходак рэжысёра Сяргея Сплашнова. На гэтым стоп-кадры галоўныя героі ідуць наўпрост па начным праспекце, а ўдалечыні заўважны «глушылкі» на Залатой Горцы, якія пільнуюць свядомасць савецкіх грамадзян ад «тлетворного влияния Запада»
У 1966 г. на «Беларусьфільме» выпусцілі камедыйную стужку «Саша Сашенька». Фільм атрымаўся слабым, хаця ў ім гралі папулярныя савецкія акцёры, у тым ліку Наталля Селязнёва, Леў Прыгуноў, а ў эпізодзе — нават Уладзімір Высоцкі. Для аматараў жа (ды й месцічаў) Мінска стужка запомнілася найперш тым, што ў ёй можна ўбачыць некалькі новых (ці адноўленых) лакацый сталіцы.
Адзін з эпізодаў стужкі здымаўся ў яшчэ недабудаваным раёне бульвара Талбухіна — на стоп-кадры можна заўважыць недабуды грамадска-жыллёвага ансамбля — першы сталічны мікрараён
А ў іншым месцы — доўгі пуцеправод у бок Маскоўскай вуліцы
Безумоўна, кінафільм 1965 г. «Любімая», як па наватарскім рэжысёрскім стылі, так і па ўражлівым відэашэрагу, стала трымаецца на першых месцах «топа» мастацкіх стужак з відарысамі Мінска. Не будзем падрабязна спыняцца на фільме, паколькі ён не раз быў разабраны ў публікацыях і блогах, зазначым толькі, што рэжысёрская знаходка зняць відарысы горада не толькі з дахаў дамоў, але і з верталёта і сёння прымушае з вялікай цікаўнасцю ўглядацца ў кожны кадр.
У кінастужцы «1000 окон» (1967) устаўлены кароткі фрагмент са знакамітай аэракіназдымкі Мінска, зробленай для стужкі «Любимая» 1965 года. На гэтым стоп-кадры, у ніжняй частцы, можна заўважыць «дом Кастравіцкай», які перажыў дзве вайны, але загінуў у мірны час ад клапатлівых рук камуністычных будаўнікоў, «пачысцілых» плошчу Леніна
Рэжысёрская вынаходка Юрыя Марухіна са здыманнем Мінска з верталёта знайшла свой працяг у аўтарскім 10-хвілінным роліку пад назвай «Сонца над горадам» — сюды ўвайшлі кадры, якія не патрапілі ў фільмы «Любімая» і «1000 окон».
Адзін з унікальных эпізодаў кінанарыса — відарыс на новую забудову ў раёне скрыжавання Якуба Коласа (зараз Лагойскі тракт) з вул. Кальцова (Зялёны луг-2). Пустка пад Зялёны Луг-3 яшчэ не асвоена.
У 1970-я гг. на экранах пашыраецца тэматыка дзіцячага гульнявога кіно. Ну і як тут абысціся без відарысаў паркаў і атракцыёнаў Мінска?
Фільм «Па сакрэце ўсяму свету», зняты па матывах любімай савецкімі школьнікамі кнігі Віктара Драгунскага «Дзяніскіны апавяданні», можна смела назваць трыб’ютам новых раёнаў Мінска і ягонага «дзіцячага складніка» — у адрозненне ад другой часткі («Удивительные приключения Дениса Кораблева») у кадр патрапілі не толькі цэнтральныя вуліцы і парк імя Горкага. Сярод лакацый першай часткі — паўночна-ўсходні рог горада: Парк Чалюскінцаў, Батанічны сад і раён легендарнай дзіцячай кавярні «Казачны замак», а сярод кварталаў і забудоў — вул. Кальцова, Веры Харужай, Каліноўскага, Сурганава, Славінскага...
Хаця ў дзіцячай стужцы ўвага на мінскіх адрасах не акцэнтуецца, некаторыя лакацыі заўважныя і пазнавальныя. У першым радку — знакамітая «Супер-8» у Парку Чалюскінцаў. У другім радку, злева — ансамбль «доўгіх дамоў» — забудовы ў мікрараёне Усход-1, на ўзвышшы па вул. Каліноўскага; справа — «доўгі дом» (Славінскага, 37) на Усходзе-2, выгляд з унутрыраённай забудовы. У ніжнім радку — пазнавальны Дом Друку (злева) і фрагмент «дома з рашоткай» па В. Харужай (справа)
Ваенная драма Барыса Сцяпанава «Воўчая зграя» (1975) у большай частцы здымалася ў лясах пад Лынтупамі. Але ў самым пачатку і ў фінале фільма можна заўважыць відарысы Мінска. Цікаўнасць выклікаюць фінальныя кадры, знятыя, падобна, у мікрараёнах Усход-1 і Усход-2.
У кадр патрапілі будынкі на ўзвышшы па вул. Каліноўскага (па фільме — Касманаўтаў; у кадры заўважны нумары дамоў), а таксама бачны ансамбль мікрараёна Усход-2 па вул. Славінскага — напрыклад, крама па адрасе Славінскага, 45.
Апошняя траціна ХХ ст. — час, калі для натурных здымак замест «улюбёных» рэжысёрамі Ленінграда, Вільнюса, Рыгі ці Львова пачалі абірацца айчынныя краявіды. Сярод іх пачэснае месца заняў і Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс.
«Зорны час» Лошыцкай сядзібы прыйшоўся на 1973 год, калі тут было знята некалькі эпізодаў для папулярнага дзіцячага прыгодніцкага фільма «Корцік». У стужцы сядзіба Прушынскіх ператварылася ў «дом Цярэнцьевых».
Другім разам і Лошыцкая сядзіба, і Лошыцкі восеньскі парк патрапляюць на вялікі экран у стужцы «Запіскі маладога ўрача» (1991), знятай па матывах апавяданняў Міхаіла Булгакава
Яшчэ больш лакацый і незаўважаных раней куточкаў Мінска падаюць фільмы 1980-х гадоў, асабліва — ад часоў «перабудовы».
У 1983 г. на экраны выйшла савецкая роўд-муві «Кіроўца аўтобуса» — экранізацыя аповесці В. Чарныха «Няскончаны ўспамін пра дзяцінства шафёра міжгародняга аўтобуса». У двухсерыйнай стужцы пераплеценыя лёсы пасажыраў і ўспаміны самога кіроўцы. Але, што найбольш цікава для аматараў мінскіх краявідаў — гэта пакручасты маршрут аўтобуса «Мінск —Брэст», які фактычна аб’язджае ўвесь горад (а па выніку, падобна, кіруецца ў зусім іншы бок — на Лагойскую трасу).
На стоп-кадры патрапілі: парадны ансамбль мікрараёна Усход-1 уздоўж праспекта, шматпавярховікі блізу плошчы Ванеева і Партызанскага праспекта, ансамбль высотных інтэрнатаў па вул. Карбышава і ансамбль забудовы праспекта Машэрава. Стоп-кадр са старым аўтавакзалам «Цэнтральны» ўжо мае гістарычную каштоўнасць.
Эфектны відарыс на стоп-кадры з культавай «перабудовачнай» драмы пра падлетка «Плюмбум, або небяспечная гульня» (1986) — персанаж бяжыць па дахах дамоў на рагу вул. Ульянаўскай і Свярдлова
Ад пачатку 1990-х гадоў Мінск увогуле робіцца ўлюбёным горадам для расійскіх кінарэжысёраў, у кадр да якіх, як падаецца, хутчэй трапляюць мінскія перыферыі, чым «традыцыйныя» лакацыі Старога горада і ансамбль сталінскага ампіра ўздоўж Праспекта...
Хаця у расійскай стужцы «Не хочу жениться» (1993) можна заўважыць Траецкае прадмесце, парк Горкага і іншыя звыклыя краявіды, але значная частка натурных эпізодаў здымалася далёка ад цэнтра — у Зялёным Лузе, на відовішчных берагах Сляпянскай сістэмы. На стоп-кадры патрапілі, сярод іншага, прыкметныя слупкі інтэрнатаў па вул. Карбышава, вадаспад і будынак гатэлю «Агат», а таксама, на даляглядзе — забудова на ўзвышшы мікрараёна Усход-1
У расійскай камедыі «Дела Лоховского» (1997) мінскія відарысы таксама заўважныя. Сярод іх — новы архітэктурны аб’ект сталіцы — Палац Рэспублікі. У адным эпізодзе галоўны герой ляціць на верталёце над мікрараёнам Зялёны Луг. Патрапілі ў кадр гімназія № 22 і СШ № 148. Таксама бачны выезд з Лагойскага тракта на кальцавую, дзе будуецца «Аквабел», расчышчаная пляцоўка для запраўкі United Company і стары гаражны кааператыў. Ёсць у фільме эпізоды, калі верталёт пралятае над вул. Каліноўскага і камера здымае вул. Шырокую. Таксама ў кадр трапляе будынак «Детского мира»
І на заканчэнне некалькі словаў. Не трэба думаць, што Мінск натхняе толькі рэжысёраў «Беларусьфільма» або расійскіх кінакампаній. У 1990-я і ў самым пачатку 2000-х Мінск рабіўся то лацінаамерыканскім горадам, то цэнтрам сусветнага землятрусу, аднак, праўду кажучы, тут працяглы час здымаліся стужкі слабой якасці. На шчасце, такая прадукцыя не стала для сталіцы «кінанормай».
У моцнай драме 2015 г. француза Арно Дэплешэна «Trois souvenirs de ma jeunesse» («Тры ўспаміны з маёй маладосці», у англамоўным пракаце — «My Golden Days») ёсць сцэна пра прыгоды маладога галоўнага героя ў савецкім Мінску — можна пабачыць выставачныя залі Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама будынак звонку і навакольныя відарысы (напрыклад, старое трамвайнае дэпо).
Увесь ілюстрацыйны матэрыял узяты з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Змітро Пілецкі, budzma.org