«Беларусь можа быць прыкладам выканання мары Святога Яна Паўла II, які марыў пра тое, каб Еўропа дыхала двума лёгкімі — лёгкімі заходняга і ўсходняга хрысціянства. Я так заўсёды кажу: прыязджайце ў Мінск і паглядзіце — на вуліцы з аднаго боку знаходзіцца каталіцкі касцёл, з другога — праваслаўны», — заявіў у эфіры тэлеканала «СТБ» мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які разам з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі ўдзельнічаў сёння ў цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску.
У сваю чаргу мітрапаліт Павел сказаў: «Знакава, што мы сёння, як і ў папярэднія гады, святкуем разам. І свята Пасхі Хрыстовай — перамогі жыцця над смерцю, і свята Перамогі над «карычневай чумой». Вядома, мы ўсе сёння схіляем калені перад ветэранамі — тымі, хто не шкадуючы сіл, здароўя і нават жыцця, абараняў нашу Айчыну, наш народ».