Ціхан Чарнякевіч: Мне ўсё роўна

Крытык Ціхан Чарнякевіч напісаў для нас калонку аб тым, што адбываецца ў краіне.


Некалькі дзён цішыні перад тым, як зноў пачнецца. Можа быць, гэта аб’ектыўна так, а мажліва гэта проста твае праекцыі, далягляды чаканняў. Як ні цынічна казаць, але будзе штосьці ці не будзе ў лютым – мне ўсё роўна.

Я ведаю, што нейкі чалавек са скуры даставацьме сам сябе і сваё атачэнне, каб пра яго далей гаварылі.

Магчыма, нейкі чалавек нават выпусціць на сцэну Усебеларускага народнага сходу Наталлю і Наталлю скакаць у ружовых стрынгах. Вынесе на руках і скіне ў аркестровую яму старшыню Міжнароднай федэрацыі хакея з шайбай. Прылюдна і смачна, доўга і цягавіта пацалуе ў губы Генадзя Зюганава.

Магчыма. Але мне ўсё роўна.

Мы цяпер знаходзімся ў эпосе, калі цалаванне замежных лідэраў, з высокай доляй верагоднасці, будзе транслявацца рэгулярна. Адрознівае эпоху толькі тое, што нашы бацькі памятаюць менавіта засосы, а як дабівалі падчас галадоўкі ў гэты ж самы час украінскага геніяльнага паэта Васіля Стуса – не памятаюць.

Наверсе ўсе хочуць зрабіць выгляд, што нічога не адбылося. На вялікі для верху жаль, звесткі пра нашых галадароў даходзяць не ў выглядзе малявы для дзесяцёх абраных, а да сотняў тысяч людзей, якія даўно не глядзяць “галубыя аганькі”.

Эмоцыі ў мяне зніклі яшчэ летам. Прыкладна ў той дзень, калі ў Менск вярнуўся інтэрнэт. На замену эмоцыям прыйшла халодная яснасць, што правілы скончыліся. Іх парвалі і выкінулі ў сметніцу. Мала таго, у сметніцу выкінулі і людзей. Яны чамусьці не ўлазяць, таму іх даводзіцца туды ўбіваць пры дапамозе прамысловай кувалды.

Мы з’яўляемся сведкамі таго, як у гішпанскі бот не проста спрабуюць, а задорна і публічна ўціскаюць мільёны людзей. Фактычна ўсю моладзь, “новых людзей”, усе гэтыя новыя раёны, якія так актыўна рэкламавалі і забудоўвалі, і якія цяпер патрулююцца, нібы варшаўскае гета.

Фактычна вядзецца грандыёзны, але далёка не новы для гісторыі эксперымент над асобна ўзятым народам. Які, канечне, розны. Які, канечне, дзіўна, што ў прынцыпе захаваў сябе.

Якому не далі нармальнай адукацыі. Які не ведае моваў і ні разу не быў у Еўрасаюзе. Які не чытаў Купалы і Разанава. Які проста жыве выжываннем, і радуецца таннай гарэлцы і шашлыкам пад Кіркорава. Ці Кіркораву пад шашлыкі.

І гэты народ таксама даўно тут, побач. Розніца ў тым, што і яму пачалі далятаць слабыя промні несправядлівасці.

Яшчэ да ўсіх жніўняў я памятаю сваё здзіўленне ад пачутых маршрутачных размоў пра “ды колькі ён будзе яшчэ сядзець, чорт гэты” і “дайце ж дзецям пажыць, колькі можна”.

Чамусьці заўжды будучыня – гэта клопат пра дзяцей. Людзі не гавораць пра выбары, мажарытарны прынцып у фармаванні парламенту альбо пра рынак каштоўных папер і біржу зямельных надзелаў. Яны гавораць пра будучыню.

“Вось бачыш, ты вырасцеш, і будзе ўжо другое правіцяльства, другое ўсё, усё будзе па-другому”, днямі пачуў у аўтобусе ад жанчыны, якая доўга глядзела на асветлены ліхтарамі Палац Незалежнасці, а потым з жалем стала гаварыць са сваім унукам.

Беларусы чакаюць будучыню, яны разумеюць падставовыя рэчы, што сёння – будучыні няма.

І таму, што скажа Вася Пупкін у газеце ці ў аналіцічэскай перадачы – не важна.

Што там дзе ўзмацніць за якое дзеянне чалавек з пагонамі – не важна.

Як доўга будзе цалаваць Зюганава нейкі чалавек і колькі гадзінаў будзе прамаўляць – не важна.

Нават як мяне раптам арыштуюць і пасадзяць у слуцкі лагер – не важна.

Не важна ўсё, што робіцца, пакуль адсутнічаюць падставовыя рэчы.

Я не буду слухаць і разглядаць гэтыя карцінкі з матрыцай прапанаванага свету, дзе сядзець на зэдлі з адной ножкай камфортна, а селядзец абавязкова трэба запіваць малаком. Дзе двойчы два роўна пяці, а ў сутарэннях турмы ніколі “няма цемнаты”.

Свет ясны як шкло. Мне ўсё роўна.

Ціхан Чарнякевіч, budzma.org