У беларускамоўным полі любяць шмат чаго абмяркоўваць, але ёсць тэмы, якія стараюцца не асабліва агучваць, альбо проста не бачыць. Сярод іх — скарачэнне насельніцтва, а ў першую чаргу эміграцыя моладзі. Ці можна такую з’яву назваць здрадай, альбо гэта праблема краіны? Давайце паспрабуем разабрацца.
У 2017 годзе заявілі, што насельніцтва Беларусі ўжо складае 9,468 мільёна чалавек. Нагадаю, што пікавы паказчык быў у 1995 годзе, калі ў нашай краіне жыло 10,2 мільёна. Даволі істотнае падзенне, праўда? Пры гэтым варта ўсведамляць, што гэтая лічба можа быць меншай: прычына ў тым, што большасць беларускіх эмігрантаў захоўвае пашпарт, таму больш-менш дакладную лічбу мы атрымаем толькі пасля наступнага перапісу ў 2019 годзе. Але менш лічбаў.
Вядома, што на такое падзенне яшчэ ўплывае нашая даволі нізкая нараджальнасць, але будзем шчырымі: тут добрую долю займае эміграцыя. І не трэба спрачацца. З Беларусі сапраўды бягуць людзі, і ў першую чаргу моладзь — галоўны рэсурс для будучыні любой краіны. З’язджаюць, дарэчы, збольшага разумныя і перспектыўныя асобы. Пацверджанняў шмат. Як мінімум, вельмі многія пачынаюць пераезд з паступлення ў замежныя ВНУ, у якія яшчэ трэба паступіць, ды і для працы за мяжой трэба ведаць мясцовыя мовы, што само па сабе намякае на пэўны парог уваходжання ў стан эмігранта (хоць і тут хапае выключэнняў). Але чаму так? Вядома, што ў Беларусі несалодка, але ці настолькі? Што вымушае моладзь пакаваць чамаданы і шукаць шчасця нават не ў нейкіх Штатах, а ў вельмі блізкіх Літве, Польшчы, Чэхіі, Расіі і г.д.? І ўвогуле, дзе той патрыятызм, дзякуючы якому моладзь проста павінная зубамі ўгрызацца ў свой родны кут і рабіць усё, каб тут застацца? На жаль, рэальнасць больш прагматычная і сумная.
Магчымасці, заробкі і… свабода? Не, гаворка не толькі пра дэмакратыю, але і пра пэўную атмасферу ў грамадстве. То бок свабоду выбару і самавыяўлення, якога, на жаль, бракуе ў сучаснай Беларусі, дзе дагэтуль шмат скрэпаў, праз якія маладзёну даводзіцца прадзірацца з боем. Гэта і выбар справы жыцця, права апранацца як пажадаеш, без вечнай крытыкі з боку большасці. Ды нават нестандартны лайфстайл можа ў Беларусі настроіць супраць цябе большасць. Асабліва гэта адчувальна, калі ты творчы чалавек ці маеш не самыя папулярныя ў грамадстве погляды.
Пра гэта я магу меркаваць па сабе, калі ў дзяцінстве нават мая леварукасць у малодшых класах гімназіі выклікала ў некаторых настаўнікаў жаданне мяне “перавучыць пісаць правільнай рукой”. Я не кажу ўжо пра крытыку больш “нестандартных” рэчаў, як пірсінг вуха ў старэйшых класах і зацікаўленасць напісаннем тэкстаў з намерам гэтым зарабляць сабе на жыццё. Таму, на жаль, пра асабістую свабоду наўрад ці можна казаць у Беларусі. З цягам часу гэта стала крыху лягчэйшым, хаця тыя ж тату дагэтуль могуць выклікаць негатыўную рэакцыю. Гэта сапраўды праблема, бо моладзь заўсёды была і будзе самай прагрэсіўнай часткай насельніцтва, і не даваць ёй самавыяўляцца прыводзіць грамадства да застою, які заўсёды нараджае стагнацыю краіны. А любы прагрэс пачынаецца з сябе. Менавіта таму пытанне асабістай свабоды стаіць рубам у Беларусі. З гэтым трэба нешта рабіць.
Гэта калі пра асабістае. А што наконт магчымасцяў і заробкаў? Калі з другім дастаткова паглядзець эканамічныя рэйтынгі і статыстыку па ўзроўні жыцця, то з першым крыху складаней. Што такое магчымасці для маладзёна? Насамрэч гэта неабавязкова наяўнасць крутых кампаній з высокімі заробкамі. Ці лёгка ў Беларусі заняцца і зарабляць справай, якая табе падабаецца? Можна, але далёка не ўсім. Ды нават калі твой занятак і падпадае пад фармат краіны, ты сутыкнешся з вялікім шэрагам праблем заканадаўчых, што ніяк не матывуе моцна рызыкаваць. А калі ты, напрыклад, цікавішся старымі гульнямі і хочаш адчыніць сваю крамку, дзе кожны ахвочы зможа не толькі набыць, але і пагуляць у старыя кансолі?
Ці магчыма такое ўявіць у Беларусі? На жаль, не.
А я ведаю, што, напрыклад, у Фінляндыі такое ёсць і спакойна існуе ва ўмовах рынкавай эканомікі. Згодны, можна сказаць, што гэта экзатычны прыклад. Добра, возьмем любы іншы звычайны дробны бізнес, якім бы хацеў займацца маладзён. Той жа рамонт ровараў. Ці дае дзяржава магчымасці без вялікіх укладанняў адкрыць сваю справу? Ці існуе нейкая праграма падтрымкі маладзёжнага бізнесу, які вырашае не толькі эканамічныя (дробны бізнес добра падымае эканоміку), але і сацыяльныя, як звычайнае стварэнне працоўных месцаў маладым людзям? За мяжой такіх праграм хапае, у нас жа нешта ёсць, але на паперы. Максімум можна падвальчык у жылым доме танна арандаваць, што слаба вырашае праблему. І гэта толькі бізнес!
Я маўчу пра пэўныя праблемы фрылансу і творчай дзейнасці, з чым у нас выхад толькі праз ІП. А вялікія абавязковыя выплаты дзяржаве часта нашмат большыя за чысты прыбытак звычайнага фрылансера, што зноў жа звужае кола магчымасцяў моладзі. А калі яшчэ ўзяць адсутнасць вялікага выбару цікавых праграм, грантаў, арганізацый, слабая развітасць універсітэцкай мабільнасці і міжнароднай супрацы канчаткова забіваюць нейкія надзеі на магчымасці ў Беларусі. Нават у краінах-суседзях гэтага нашмат больш. І моладзь гэта ведае, таму абірае для сябе лепшае. Яны, атрымліваецца, адчуваюць большую патрэбу ў сабе не дома, а на чужыне. І пакуль мы не зменім гэта, з адтокам моладзі будзе цяжка змагацца.
Можна шмат казаць пра патрыятызм, але моладзь у ХХІ стагоддзі перш за ўсё абірае месца, дзе яны могуць развівацца. Так, гэта выключна рацыянальны падыход, дзе няма рамантыкі. Але ж… Будзем шчырымі, менавіта краіне больш патрэбныя развіццё і моладзь, чым наадварот. І таму менавіта ўлады, грамадская супольнасць павінныя зрабіць першы крок насустрач. А пакуль… Большасць маіх знаёмых і сяброў ужо там, за мяжой. Усё менш маіх старых знаёмых застаецца ў Беларусі. А гэта толькі прыватны выпадак. Такіх гісторый усё больш і больш, і мы павінныя нарэшце ўзняць гэтую праблему і вырашыць, што гэтым неабходна займацца. Рэцэпты вядомыя, засталося толькі пачаць рабіць.
А пакуль нават я часам ужо задаю сабе гэтае пытанне: наколькі яшчэ мяне хопіць, каб жыць у Беларусі? Адказу на гэтае пытанне я не ведаю. Але пытанне ўжо ўзнікае, і менавіта гэта праблема для краіны. Трэба нешта рабіць, пакуль не позна.
Багдан Сакалоў