Так, першае шэсце ў памяць катастрофы адбылося не 26 красавіка, а 30 верасня 1989 года. Дэманстрацыя не была дазволеная камуністычнымі ўладамі БССР, тым не менш на Шлях выйшла каля 30 тысяч беларусаў.
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net
26 красавіка 1989-га ў Мінску прайшла «Гадзіна смутку і маўчання» на плошчы Леніна, цяперашняй Незалежнасці. А 30 верасня ў сталіцы адбыўся ўласна першы Чарнобыльскі шлях.
Акцыю, якую ініцыявала актывістка БНФ з Магілёўскай вобласці Наталля Рослава, улады забаранілі. І нават прызначылі на 30 верасня агульнарэспубліканскі суботнік. Але не дапамагло — больш за 30 тысяч чалавек прайшлі ад гадзіннікавага завода «Луч» да плошчы Леніна. Траціна ўдзельнікаў шэсця прыехала з забруджаных радыяцыяй раёнаў.
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Кастуся Войткі, vytoki.net
Пазней арганізатары першага Чарнобыльскага шляху атрымалі буйныя штрафы.
«Першы Шлях быў у верасні. (...) Пісьменнік, грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч прывёз з Масквы вядомага тады савецкага акадэміка Веліхава, які выступіў на мітынгу і падтрымаў беларусаў. "Чарнобыльскі шлях" прайшоў на высокім узроўні, гэта была моцная акцыя, і яна адыграла вялікую ролю ў прарыве хлусні, якую збудавалі камуністы вакол Чарнобыля», — успамінаў сёлета ў інтэрв’ю Польскаму радыё грамадскі дзеяч Вячаслаў Сіўчык.
Паводле ўспамінаў Сяргея Навумчыка: «У 1989 годзе было дзве акцыі, прысвечаныя Чарнобыльскай трагедыі. У красавіку — «Гадзіна смутку і маўчання». А гэтая восеньская — самая магутная. Менавіта яе не хацела дапусціць ЦК, была прапагандысцкая кампанія, потым судзілі Хадыку і Грушавога і спрабавалі затрымаць Пазьняка».
Удзельнікі шэсця пазначалі сябе адмысловай нашыўкай, якая, як успамінаў адзін з арганізатараў акцыі, праваабаронца Алесь Бяляцкі, «прыкалвалася зашпількай да адзення».
Нашыўка ўдзельнікаў шэсця 30 верасня 1989 г. у Мінску. Фота: vytoki.net
Міліцыя не перашкаджала акцыі, хаця тая фармальна была забароненай.
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота: vytoki.net
Праваабарончы цэнтр «Вясна» да адмысловай выставы, што адбылася ў 2021 годзе, запісаў успаміны тых, хто прайшоў шэсцем па Мінску 30 верасня 1989 года.
Ірына Дубянецкая: Настрой быў прыкладна такі, як у вершы Таццяны Сапач: «О, час пераможных шэсцяў — крышацца брукі ад маршаў! Як не вітаць гэту музыку сусветнае мітусні!» Усё атрымлівалася, усё прагаворвалася, было магутнае адчуванне таго, што вось, ёсць мы, і мы ўваходзім у сілу, і ўсё знявечанае выправім, і самі ўсё вырашым, і адказнасць на сябе возьмем, і страху ў нас няма — ні страху адказнасці, ні страху ўлады моцных, што нас гняла... Штосьці такое, не спецыфічна Чарнобыльскае, а так, што і тут трэба працаваць — і мы можам і гатовыя, і да іншага дойдзе чарга, бо на гісторыі й жыцці суцэльны дзірван, і будзем яго разворваць, дай толькі час! Маладосць, што сказаць!
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота: С. Чырык, vytoki.net
Уладзімір Сіўчыкаў: Помніцца, была пэўная эйфарыя, адчуванне, што проста на вачах творыцца гісторыя. Што можна паўплываць на падзеі і асабістым удзелам, нават простай прысутнасцю ў шэрагах маніфестантаў. А яшчэ думалася, што бараню і сваю сям’ю, дзвюх дачок — чатырохгадовую Алесю і Хрысьціну, якой быў год і два месяцы.
Антаніна Хатэнка: Што памятаю? Трывожнасць памятаю, вельмі акрэслена, дакладна — ажно дых пераймае: што з намі будзе далей? Трымценне лісця на дрэвах памятаю. Напэўна, так трымцела я сама ў прадчуванні (яшчэ не адчуванні!) вялікай і неадольнай бяды. А бяда ж ужо зрывала бязлітасна жыцці, як тое лісцё з восеньскіх дрэў. Незвычайную цёплую еднасць памятаю. Быццам толькі маўчанне й можа так звязваць, лучыць і трымаць разам. Гэта была ці не адзіная часіна ў маім жыцці, калі недзе глыбока запалі ўсе словы. Я ішла поруч з мужам, Алесем Емяльянавым, і мне падавалася, што вось цяпер, у гэты незвычайны момант жальнай цішы, я пазнаю яго зусім не знаёмага, інакшага, чым заўжды, чым штодня. Знакі радыяцыі памятаю, як водбліскі чужое пагрозы. Ніколі больш так востра не адчувала візуальную інфармацыю.
І ніколі больш так не чутны былі крокі, нашы крокі — кожнага паасобку і ўсіх разам. Гэта была хада спакойных і мудрых людзей, якія верылі ў сваю моц і нават, мабыць, трошачку ў сваю місію.
Здзіўленне памятаю: нас усё болела й болела, з усіх краёчкаў зямлі нашай ішлі, ішлі, ішлі маўклівыя, але не суровыя, а нібыта неяк трагічна прасветленыя абаронцы — абаронцы свайго парушанага, разбуранага, выбухлага болем і скрухай, адчаем і сіроцтвам бяздом’я свету.
Прамаўляе Алесь Адамовіч. За ім стаіць Зянон Пазьняк. Фота: С. Чырык, vytoki.net
Вінцук Вячорка: Перад Плошчай Радаслава Вячорка і Станіслаў Сокалаў ішлі наперадзе. Стась жа са сцяжочкам, іх выпусцілі ўперад, бо сымбалічна, што дзеці.
Першы Чарнобыльскі шлях. Наперадзе ідуць дзеці. Фота: vytoki.net
Алена Лапцёнак: Той дзень запомніўся яшчэ і таму, што адмыслова на акцыю да нас з сяброўкамі прыехалі ўкраінскія актывісты, з якімі мы пазнаёміліся незадоўга да гэтай падзеі падчас экскурсійнай паездкі ў Львоў. У цэнтры горада стаялі пікеты пад сіне-жоўтымі фанамі (сцягамі па-щкраінску), такая натхняльная атмасфера «дзвіжу», кажучы сённяшнім слэнгам, што, кінуўшы свой экскурсійны аўтобус і групу, мы адправіліся ў Чарнаўцы — на самы першы музычны фестываль «Чырвона рута». І вось пасля гэтага ўжо яны прыехалі ў Мінск. Добра памятаю, як мы вярталіся з «Чарнобыльскага» шляху ўзрушанай кампаніяй па вуліцы Ілімскай пад сцягамі: вялікім сіне-жоўтым і бел-чырвона-белым.
Паліна Сцепаненка: Быў дождж і вельмі шмат было людзей. Ішлі па праспекце па праезджай частцы, што было нязвыкла, ішлі да Плошчы.
І падчас руху было адчуванне, што свет, у якім мы жылі, мяняецца, з кожным крокам з кожнай хвілінай і секундай. Што мы больш не будзем жыць у тым ранейшым свеце, дзе ўсім кіравала КПСС.
Першы Чарнобыльскі шлях. Фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net
Першы «Чарнобыльскі шлях» быў апазіцыйны да ўлады, бо камуністы ў Маскве і Мінску ад 1986-га хавалі праўду пра атамную катастрофу, змяншалі яе наступствы, ігнаравалі праблемы людзей з раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад Чарнобыля.
У першыя ж гады незалежнасці «Чарнобыльскі шлях» стаў акцыяй памяці пра трагедыю. Прыход Лукашэнкі да ўлады вярнуў апазіцыйны характар акцыі і зрабіў яе адной з ключавых датаў пратэставага календара.
26 красавіка 1996 года прайшоў самы буйны «Чарнобыльскі шлях». Прымеркаваная да дзесяцігоддзя катастрофы акцыя стала кульмінацыяй «Мінскай вясны — 96». Каля 50 тысяч чалавек прайшлі шэсцем па праспекце Францішка Скарыны ад Акадэміі навук і правялі мітынг. Адбываліся шматлікія бойкі з міліцыяй, арышты палітычных і грамадзянскіх актывістаў — усё пад лозунгамі пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі. Сярод арыштаваных былі актывісты БНФ — Юрый Хадыка, Лявон Баршчэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Вінцук Вячорка, лідар БНФ Зянон Пазьняк пасля акцыі выехаў з краіны.
Тады ж частка супрацоўнікаў музея Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам працаваў Алесь Бяляцкі, пачала дапамагаць арыштаваным і іх сваякам. Так і ўзнік праваабарончы цэнтр «Вясна».
Апошні раз у Беларусі «Чарнобыльскі шлях» прайшоў у 2018 годзе. У 2019-м замест шэсця арганізатары прапанавалі ўзяць удзел у «Чарнобыльскім тыдні» — мерапрыемствы, лекцыі, выставы.
У 2020-м акцыю не дала правесці эпідэмія кавіду.
Ад 2021-га і да сёння ні пра якія акцыі ў Беларусі не вядзецца. «Чарнобыльскія шляхі» праходзяць па ўсім свеце, дзе з’явіліся беларускія асяродкі пасля вымушанай эміграцыі, але толькі не ў самой Беларусі, якая найбольш пацярпела ад тэхнагеннай катастрофы 1986 года.
"Чарнобыльскі шлях" у Вільні, 26 красавіка 2023 г.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org
Чытайце яшчэ: Як беларуская дыяспара на чале з Аляксандрам Надсанам дапамагала ахвярам Чарнобыля