З 2005 года ў Берасці праводзіцца рок-фестываль, які спачатку збіраў пераважна хрысціянскія гурты. Рэлігійная цярпімасць і высокі ўзровень арганізацыі хутка прыцягнулі сюды таксама музыкаў, пазбаўленых пратэкцыі той ці іншай пратэстанцкай царквы. Цяпер X-Star — гэта проста музычны конкурс, на якім добра склаўся баланс інтарэсаў як выступоўцаў, так і гледачоў.
У мінулым годзе на фестывалі-конкурсе X-Star, да вялікага задавальнення беларускамоўнага насельніцтва Берасця, перамог гурт “Анахарсіс”. Яно і зразумела: магутны вакал Юрыя Харэвіча відавочны не толькі яго бацьку, удзельніку легендарнага “Сузор’я” Паўлу Харэвічу, але і любому слухачу, не кажучы пра кампетэнтнае журы. Апошнім часам вакальныя дадзеныя Харэвіча-малодшага ацанілі яшчэ і ў Расіі, таму гурт “Анахарсіс” паспеў кануць у лету. Гэтым ён унёс некаторыя карэктывы ў ход сёлетняга конкурсу: пераможца мінулага года, насуперак традыцыі, не адкрыў праграму.
Яшчэ адной яўнай арыгінальнасцю X-Star-2013 зрабілася тое, што ў фінале не аказалася ніводнага берасцейскага гурта. Калі тры з іх яшчэ маюць да абласнога цэнтра нейкае дачыненне, бо паходзяць з Берасцейшчыны, то другая палова фіналістаў увогуле прыехала са сталіцы. Што за дэмарш учынілі ўласна берасцейскія музыкі, не зусім ясна. Хіба ўсе яны за 8 гадоў паспелі ў гэтым конкурсе паўдзельнічаць.
Беларускую мову на фінале можна было пачуць ад двух гуртоў: менскага Litvintroll ды жабінкаўскай “Аблады” — адзінага гурта на конкурсе, дзеля напісання назвы якога не трэба пераключаць клавіятуру на лацінку. Ён, праўда, з моўным пытаннем яшчэ і сам для сябе не разабраўся. Выступленне пачаў з рускага верша, працягнуў беларускай песняй, з публікай пагутарыў зноў па-руску, другую конкурсную песню выканаў на мове краіны-суседкі. Больш вопытныя мінчукі на сцэне такіх казусаў не дапускалі, затое ў анлайн-апытанні пасля выступу быццам заблыталіся, якую мову трансляваць, і гаварылі па сказе то на адной, то на другой. Увогуле, шчасце ўсіх да аднаго гуртоў, што адказы ў анлайн-інтэрв’ю ніяк не ўплывалі на месцы ў конкурсе. Няўпэўненае мармытанне і паўторы адмінусавалі б музыкам мінімум палову заробленых на сцэне балаў.
А змагацца за балы на X-Star неабходна. Справа не толькі ў класічным прызнанні і прывілеі называцца пераможцам. Быць першым на гэтым конкурсе цікава нават з чыста прагматычных меркаванняў. Машыну, канечне, у якасці першага прыза не дадуць, а вось гітару з подпісам віртуоза Тоні Эмануэля — за мілую душу. Другі і трэці прыз таксама з музычнага пункту гледжання каштоўныя — запіс песні ў студыі і гітарны працэсар. Размеркавалася гэтае багацце наступным чынам. Трэцім зрабіўся малады мінскі гурт Nerves of steel, другое месца заняў Litvintroll, чым відавочна быў не вельмі задаволены, ну а лідарам конкурсу аказаўся гурт з Кобрына SGBand. Сказаць шчыра, мацнейшым за Litvintroll ён не выглядаў, але, відаць, апошні быў пакараны журы за дрэнны гук. Затое басіст гэтага гурта Аляксандр Стаціўка, што міграваў сюды з “Анахарсіса”, атрымаў тытул найлепшага бас-гітарыста конкурсу.
Калі яшчэ можна спрачацца з вердыктам журы па месцах, то з агульнай ацэнкай, выказанай украінскім прадусарам Ігарам Рагавым, ні кропелькі. Сапраўды, крэатыву камандам — у першую чаргу маладым — бракавала. Яны пайшлі лёгкім і нецікавым для слухача шляхам капіравання гуртоў мінулых дзесяцігоддзяў. Таму словы старшыні журы Джона Бауэра (ЗША), які прапанаваў пакінуць галоўны прыз сабе, а пераможцаў адарыць толькі здымкам Тоні Эмануэля, можна было ўспрыняць і жартам, і ўсур’ёз.
Зрэшты, адносна нізкі ўзровень сёлетніх удзельнікаў — не віна арганізатараў, якія падышлі да мерапрыемства, як заўсёды, звышсур’ёзна. Выдатна, напрыклад, што яны не толькі даюць магчымасць рок-гуртам выступіць і атрымаць каштоўны прыз, але і арганізоўваюць майстар-класы ў розных кірунках — вакал, гранне на бубнах, гранне на гітары, напісанне тэкстаў, прадусаванне і праца ў камандзе. Майстар-класы праводзяць пераважна музыкі з ЗША.
Своеасаблівым майстар-класам можна лічыць і выступ гасцей конкурсу — харвацкага гурта October light, які збочыў у Берасце са свайго еўрапейскага туру. Каманда — добры прыклад таго, як можна эфектна сумясціць звышактыўныя целарухі і выкшталцонае гранне на класічных інструментах.
P.S. Арганізатарамі фестывалю-конкурсу X-Star нязменна з’яўляюцца гурт “Спасение” і “Музычны цэнтр С”, што амаль адно і тое ж. Суарганізатары — Берасцейскі абласны грамадска-культурны цэнтр і таварыства “PromoMusic”.
Іна Хоміч
Тэгі: Берасце