Моўныя прыкметы «натуралізаваных» беларусаў

Гісторык Анатоль Трафімчык апублікаваў у выданні «Літаратура і Мастацтва» цікавую працу «Моўныя прыкметы «натуралізаваных» беларусаў», у якой сабраў распаўсюджаныя памылкі і асаблівасці, з якімі сутыкаюцца маладыя беларусы, якія пачынаюць размаўляць на роднай мове не ад нараджэння.

Ілюстрацыя: Воля Кузьміч, Generation.by

Прысвячаецца выдатнай даследчыцы, добрай прыяцельцы Н. С., якая падказала ідэю гэтай работы.

За апошнія гадоў дваццаць адбылася трансфармацыя сацыяльных пластоў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову: у вёсцы мова знікае, але, з іншага боку, горад пашырае беларускамоўны сегмент — за кошт мабільнай моладзі, інтэлігенцыі дый увогуле прагрэсіўных людзей. З розных прычын чалавек пераходзіць на беларускую мову: нехта дэманструе сваю пазіцыю, нехта гоніцца за модай, яшчэ нехта — за экстравагантнасцю і г. д. «Натуралізаваныя» беларусы, якія ад пачатку не валодалі мовай прашчураў, маюць пэўныя праблемы пры яе засваенні: не толькі хібы, але і штучныя элементы. Увазе чытачоў прапануецца пералік памылак і асаблівасцей, характэрных для тых, хто адпачатку гаварыў на рускай або трасянцы, а беларускую засвоіў пазней. Часам яны прысутнічаюць і ў «натуральных» беларусаў.

Аўтар гэтай працы не прэтэндуе на вычарпанасць тэмы, але заклікае спецыялістаў выканаць падобнае даследаванне на навуковым узроўні.

Арфаэпія

Вымаўленне з’яўляецца ці не галоўнай прыкметай асваення няроднай мовы. Вывучыць мову — адно, правільна вымавіць — іншае.

У беларускай мове асіміляцыя па мяккасці — вельмі распаўсюджаная. Выпадкі яе адсутнасці нас не цікавяць (як і відавочны акцэнт з выбухным г і мяккім ч). Тут усё ясна. Асіміляцыю многія пры жаданні адольваюць, але не бачаць тонкасцей у вымаўленні. А варта ведаць, што с’, з’, ц’, дз’ у беларускай мове — ці то ў асіміляцыйных пазіцыях перад мяккім зычным (акрамя г, к, х), ці то ўвогуле пры мяккасці — вымаўляюцца вельмі мякка, прынамсі, мякчэй, чым адпаведныя гукі ў рускай мове, недзе ў кірунку польскіх аналагаў s’, z’, с’, dz’, не даходзячы, аднак, да іх.

Граматыка

Не менш складана асвойваюцца аспекты граматыкі. Памылкі ў іх могуць быць не настолькі відавочнымі ў параўнанні з арфаэпіяй, асабліва пры веданні найбольш пашыраных формаў. Пералічым найбольш частыя.

Многія парушэнні нормы абумоўлены ўплывам рускай мовай, з якой адбываецца калькаванне. У прыватнасці, сярод «навучаных мове» часта чуецца прыслоўе «пабольш» (паболей, паменш, паменей) — прычым, такая форма трапіла нават у кніжныя тэксты! — у той час, калі беларускім аналагам з’яўляецца выраз з прыназоўнікам «чым»: чым больш (або проста больш — у залежнасці ад кантэксту).

Асабліва пашырана ўжыванне канчатка — ам у М. скл. мн. л. замест — ах: па палямпа палях, па машынампа машынах.

Абсурдны перабор часам назіраецца ў прымяненні канчатка —у ў назоўніках Р. скл. м. р. адз. л. (напрыклад: да днЮ роднай мовы). У той жа час іншыя зусім ігнаруюць гэты канчатак, нават у выпадках абавязковага яго ўжывання выкарыстоўваць канчатак —а. Тут выяўляецца ўплыў адпаведна польскай і рускай моў (зрэшты, канчатак у такіх формах з’яўляецца праблемным нават для добрых знаўцаў, таму размова ідзе пра крайнія тэндэнцыі).

Вельмі грубай (але, на жаль, нярэдкай) памылкай з’яўляецца адсутнасць чаргавання зычных пры палаталізацыі ў выніку скланення слоў, аснова якіх заканчваецца на «г», «к», «х»: напрыклад, казкау казке (замест правільнага «у казцы»); рукана руке (замест «на руцэ»); ВеранікаВераніке (замест «Вераніцы»).

Часам здараецца і супрацьлеглы варыянт, калі пачынаюць чаргаваць зычныя, дзе не трэба: няма яго дачцы — замест няма яго дачкі.

Няўменне скланяць словы «дзіця», «парася», «цяля», «кацяня» і да т. п. (відаць, праз рэдкую неабходнасць прымяняць іх на практыцы): ужыванне ў Р., Д., М. скл. формы Н. скл. — «дзіця» замест правільнай «дзіцяці».

Блытанне займеннікаў сабесябе (часам табецябе). Напрыклад: «Што ты сябе думаеш?», «Не бяры сябе да галавы», «Як сябе хочаш».

Няўменне правільна ўтварыць форму дзеяслова 2-й асобы мн. л.: кажуць «жывеце», «ідзеце» (з націскам на перадапошнім складзе) замест правільнага «жывяце», «ідзяце» (з націскам на апошнім складзе).

Імкненне да беларускамоўнасці спараджае тэндэнцыю «збеларушчваць» і такія словы ці элементы, якія гэтага не патрабуюць. Напрыклад, суфікс «ір», які надзвычай шырока распаўсюджаны ў рускай і адсутнічае ва ўкраінскай, у нашай ужо стала заняў сваё месца. Між іншым яго хочуць ліквідаваць: або праз прыбіранне (тады кажуць «асацыюецца» замест «асацыіруецца»), або праз трансфармаванне нібыта ў бок больш беларускага гучання (тады кажуць «камандыроўка», «камандыр» замест «камандзіроўка», «камандзір»).

Выклікае праблемы ўтварэнне множнага ліку ад слова «дзяўчына» — «дзяўчыны», калі трэба «дзяўчаты» (форма «дзяўчыны» выкарыстоўваецца толькі на месцы, дзе некалі быў парны лік (які зархаізаваўся) — ад дзвюх да чатырох: чатыры дзяўчыны).

Акцэнталогія

Засваенне мовы праз навучанне (асабліва на аснове падручнікаў) непазбежна адаб’ецца на націсках. У прыватнасці, заўважаны такія выпадкі няправільных націскаў: скаргА — замест скАрга, вадзЯнік — замест вадзянІк, пастаноўка націску на манер рускамоўных формаў: спалА, забралА. Акцэнталагічныя праблемы маюць характар індывідуальны, але абавязкова прысутнічаюць у вывучанай мове.

Лексіка

На слоўнікавы склад мовы звычайна звяртаецца першасная ўвага тых, хто яе спасцігае. Некаторыя нават мяркуюць, што колькасныя паказчыкі тут — гэта найлепшае сведчанне валодання мовай. Яны, безумоўна, важныя. Але іх нельга абсалютызаваць. Правільнае прымяненне слоў таксама можа шмат паведаміць пра носьбіта мовы. Да прыкладу, пытанне «Як справы?» – яўная штучная калька, натуральны аналаг якой – пытанне «Як маешся?».

Ізноў-такі не будзем чапаць відавочныя хібы, блытаніну ў сэнсах (накшталт: «Добры дзень, дарагая рэдакцыя! Вас бянтэжыць малады пісьменнік» — без каментарыяў; альбо: апынуцца замест аказацца). Паўсюдна сустракаецца ўжыванне некаторых, прабачце за таўталагічнасць, занадта слоўнікавых слоў, выразаў — замест больш натуральных для пэўнага кантэксту, больш адпаведных стылю выказвання: дрэнна замест кепска, цудоўна замест хораша, памятаць замест помніць, распавядаць замест расказваць, асадка замест ручка і інш.

Запаланілі сучасны беларускамоўны дыскурс займеннікі на -сьці (дзесьці, хтосьці, чыйсьці, якісьці і г. д.), якія выцеснілі свае аналагі з пачатковай часціцай не- (недзе, нехта, нечый, нейкі і г. д.), — прычым, у сітуацыях, калі відавочна на —сьці не пасуе («якіхсьці» ніколі не пасуе, «нейкіх» заўсёды лепей).

У многіх моўцаў назіраецца комплекс перад выкарыстаннем некаторых нейтральных беларускіх слоў (якія ў рускай маюць грубую канатацыю ці мадальнасць): дзеўка, цыцкі, жыд. Або наадварот — пашырэнне беларускіх слоў на непрымальныя паняцці: адчыніць вочы, бутэльку (а можна толькі дзверы ці вокны).

Сінтаксіс

Ці не найтанчэйшым аспектам у засваенні мовы з’яўляецца сінтаксіс. Нярэдка да яго ставяцца як да другаснага, тым больш калі вышэйпамянёныя пласты прайшлі адносна ўдалую апрабацыю. А насамрэч тут шмат «падводных камянёў». Яны абумоўлены часцей за ўсё ўплывам ці то рускай мовы (бо, як правіла, менавіта ёю карысталіся раней), ці то польскай (пры веданні апошняй — з мэтаю адрознення ад рускай мовы).

Так, у апісанні мэты руху натуралізаваныя беларусы выкарыстоўваюць канструкцыю з прыназоўнікам «за»: пайсці за хлебам. Трэба ж прымяняць прыназоўнік «па»: пайсці па хлеб.

Прыкладна тое самае назіраецца стасоўна ўжывання прыназоўнікаў «аб» — «пра» ў дачыненні да назоўнікаў адпаведна Тв. і В. склонаў: для беларускай мовы больш характэрны другі варыянт: думаю пра экзамен, а не аб экзамене (хоць у кніжных стылях распаўсюджаны і прыназоўнік «аб»).

Апошнім часам усё больш сустракаецца ў тэкстах і пры размовах прымяненне польскага прыназоўніка «да» ў месцах беларускага прыназоўніка «у»: паехаў да Менскапаехаў у Менск.

Заключэнне

Да ўсяго сказанага трэба дадаць агульную стэрыльнасць, дысталяванасць мовы «натуралізаваных» беларусаў, адсутнасць у ёй дыялектных элементаў. З чаго вынікае, што пры ўсёй неабходнасці ўдасканальваць сваю мову і маўленне не варта схематызавацца, аддаляцца ад прыродых вытокаў, а наадварот — шчодра чэрпаць у іх моўныя веды і навыкі (галоўнай крыніцай тут стане літаратурная класіка — ад В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча да В. Гардзея і А. Федарэнкі, прычым, некаторыя раяць чытаць уголас, а вершы завучваць; на жаль, народных моўных асяродкаў становіцца ўсё менш і менш, хоць дарэшты яны яшчэ не зніклі). Сам працэс удасканалення трэба ажыццяўляць па ўсіх напрамках, сярод якіх, бадай, няма магістральных, бо любая мова — з’ява комплексная, і роднаснасць беларускай з суседнімі можа аказацца падманлівай.

P.S. Аўтар просіць успрымаць матэрыял не як імкненне прынізіць ці абразіць, але як міні-дапаможнік па асвойванні ў багатай і каларытнай беларускамоўнай стыхіі.

Калі артыкул быў падрыхтаваны, выявілася, што зусім нядаўна ўбачыла свет брашура Веранікі Бандаровіч «Стыльна па-беларуску: комплексны даведнік па культуры маўлення» (Мінск, 2013), у якой разглядаецца шэраг аспектаў, аналагічных разгледжаным у нашым артыкуле. Думаецца, гэтае выданне і наша міні-даследаванне стануць узаемадапаўняльнымі.

 

Анатоль Трафімчык, Generation.by