Звычайны святлафор можа быць прыкметай дыскрымінацыі: калі зялёнае святло на шырокай вуліцы гарыць толькі 10 секунд, сталыя людзі не паспяваюць перайсці дарогу. Калі ў паліклініцы дактары адмаўляюць у адэкватным лячэнні, маўляў, што ж вы хочаце ў вашым узросце, — гэта таксама эйджызм. Нават улюбёнае лецішча, калі гэта адзіная альтэрнатыва актыўнасці пенсіянераў, — эйджызм. А паколькі адсотак састарэлага насельніцтва імкліва павялічваецца, нам давядзецца разбураць гэтыя ганебныя стэрэатыпы і практыкі. Якім чынам?
На гэтую тэму budzma.by паразмаўляла з арганізатарамі і кіраўнікамі першага ў Беларусі Універсітэта залатога веку Вітаўтам і Ланай Руднікамі.
Універсітэт існуе ўжо 8 гадоў. Як расказалі суразмоўцы, у першы год было 38 студэнтаў і 6 курсаў, разлічаных на тры месяцы, а цяпер яго наведваюць 200 студэнтаў і працуюць 49 разнастайных клубаў і курсаў з праграмай на акадэмічны год.
Універсітэт залатога веку двойчы быў адзначаны як прыклад найлепшай працы са сталымі людзьмі ў Нацыянальнай справаздачы Беларусі па выкананні Мадрыдскага міжнароднага плана па праблемах старэння. Як гавораць Лана і Вітаўт Руднікі, лепш за ўсё эфект дзейнасці вымяраецца водгукамі людзей:
— 95% нашых студэнтаў адзначаюць, што ў іх палепшылася якасць жыцця. Многія кажуць, што Універсітэт дапамог ім выйсці з дэпрэсіі, здзейсніць мары, распачаць уласную справу, нават стварыць новую сям’ю. Некаторыя студэнты сталі потым выкладчыкамі нашай праграмы. Таксама мяняецца мысленне. Людзі, якія выраслі ў таталітарным грамадстве, не прывыклі да актыўнасці, часам не разумеюць, якая карысць у валанцёрстве, не прывыклі да таго, што іх патрэбы выслухоўваюць і ўлічваюць. Праз Універсітэт стаўленне мяняецца.
Апантанасць + стратэгія
Універсітэты трэцяга ўзросту сёння існуюць па ўсім свеце. У Польшчы, напрыклад, іх больш за 500. У Беларусі — пакуль адзінкі. Колькі патрэбна сродкаў і рэсурсаў, каб стварыць і ўтрымліваць такія ўніверсітэты для сталых? Ці можна здзяйсняць такія ініцыятывы ў межах сацдамовы з фінансавай дапамогай дзяржавы?
— Каб стварыць такі праект, перш за ўсё трэба вельмі шмат энергіі, натхнення і апантанасці, чаго не заменяць ніякія фінансы, — адзначае дырэктарка праграмы Лана Руднік. — Але, безумоўна, выдаткі патрэбныя: на арэнду памяшкання, працу выкладчыкаў, навучальныя матэрыялы. Гадавыя выдаткі могуць скласці каля 50 000 еўра.
Сёння фінансавую падтрымку Універсітэту залатога веку аказвае Фонд “Памяць, адказнасць і будучыня” па праграме міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”. У межах дзяржаўнай сацыяльнай дамовы праект не працуе:
— Сацдамова прадугледжвае часовую падтрымку праектаў. А наша праца не аднаразовая, а доўгатэрміновая, — удакладняе Вітаўт Руднік. — Падтрымка дзяржавы павінная быць у іншым — у стварэнні сістэмных умоў для годнага старэння, асяроддзя, прыязнага да сталых. Трэба разумець, што гэта патрэбна не толькі пенсіянерам, але і ўсяму грамадству, бо сталыя людзі маюць велізарны патэнцыял, які можна выкарыстаць на карысць краіны.
Сістэмны падыход можна рэалізаваць праз распрацоўку Нацыянальнай стратэгіі актыўнага даўгалецця, лічаць суразмоўцы:
— У 2016 годзе мы арганізавалі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, дзе прынялі рэзалюцыю аб неабходнасці распрацоўкі такой стратэгіі і выказалі свае прапановы*. Гэты дакумент знаходзіцца ў дзяржаўных органах. Нядаўна міністр працы і сацыяльнай абароны публічна падтрымала неабходнасць прыняцця такой стратэгіі, што вельмі добра. Але вопыт іншых краін паказвае, што распрацоўка і зацверджанне такіх дакументаў — марудны працэс. Мы хочам яго прыспешыць, каб яшчэ гэтае пакаленне сталых людзей магло б скарыстацца вынікамі рэалізацыі стратэгіі ў Беларусі.
Горад, прыязны да сталых,—месца вольнае
— Але нішто не перашкаджае на мясцовым узроўні рэалізоўваць некаторыя новыя падыходы ўжо сёння, — удакладняе Лана Руднік. — Напрыклад, вельмі дзейсны крок – далучэнне да сеткі гарадоў, прыязных да сталых. Сёння ў яе аб’яднаны 541 горад з 37 краін свету.
Што можа зрабіць горад для паляпшэння ўмоў для старэйшага пакалення і ўключэння яго ў актыўнае жыццё? Вось толькі некаторыя ідэі, якія мы прапануем мясцовым уладам:
- стварыць пры гарвыканкаме раду па справах сталых людзей, дзе яны агучвалі б свае інтарэсы і патрэбы;
- адкрыць рэсурсны цэнтр для сталых з інфармацыйным, юрыдычным і псіхалагічным кансультаваннем;
- увесці “залатую картку сталага гараджаніна”, якая дае ільготы і зніжкі на тавары і паслугі з боку арганізацый, гатовых зрабіць гэта добраахвотна;
- стварыць на базе паліклінік спецыялізаваныя геранталагічныя кабінеты;
- арганізаваць курсы “Падрыхтоўка да пенсіі”, “Фінансавая пісьменнасць”, бо пенсіянеры значна страчваюць у даходах і не ведаюць, як палепшыць жыццё на пенсіі.
Мы правялі ў Гродне шырокую інфармацыйную кампанію, падчас якой пазнаёмілі грамадскасць з адметнымі рысамі і прынцыпамі гарадоў, прыязных да сталых. Ідэю ўжо падхапілі іншыя. Спадзяемся, што хутка ў Беларусі з’явіцца першы такі горад.
Лагічным працягам дзейнасці стане першы Форум-фестываль універсітэтаў трэцяга ўзросту, які адбудзецца 25-27 траўня ў Мінску.
— На гэтым форуме мы таксама будзем гаварыць пра стратэгічныя моманты: умацаванне супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, якія займаюцца працай па адукацыі і актывізацыі сталых людзей, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, — рэзюмуюць суразмоўцы.
Ганна Кручкова
Фота з архіва В. і Л. Руднік
*Некаторыя прапановы для паляпшэння якасці жыцця сталых людзей з рэзалюцыі канферэнцыі:
– улічваць інтарэсы сталых людзей падчас планавання інфраструктуры жылых забудоваў і сацаб’ектаў;
– распрацаваць дзяржаўныя праграмы па прадухіленні і пераадоленні праблем дэменцыі;
– уключыць у адукацыйныя праграмы школ дысцыпліну “Актыўнае даўгалецце”;
– развіваць адукацыю для дарослых у сельскай мясцовасці;
– рэарганізаваць шпіталі для ветэранаў у сучасныя герыятрычныя цэнтры;
– увесці курс па асновах геранталогіі пры падрыхтоўцы спецыялістаў па сацыяльнай рабоце;
– ствараць “банкі дадзеных сталых ментараў” — кваліфікаваных спецыялістаў сталага веку, якія прапануюць свае прафесійныя паслугі, у тым ліку і на аснове частковай занятасці, развіваць інстытуты настаўніцтва;
– стымуляваць прадпрымальніцкія ініцыятывы сталых людзей для паляпшэння іх матэрыяльнага дабрабыту;
– распрацаваць праграмы па перападрыхтоўцы людзей перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з попытам на рынку працы;
– арганізоўваць інтэрнэт-клубы для сталых людзей з навучальнымі курсамі па навыках электронных зваротаў у дзяржаўныя органы, інтэрнэт-банкінгу, зносін у блогах і сацыяльных сетках.