У гэты дзень 70 гадоў таму ў Нью-Ёрку пайшоў з жыцця Мсціслаў Дабужынскі — таленавіты мастак, літаратар, вандроўнік, педагог і руплівец даўніны. Прыгадваем цікавыя моманты з жыцця вядомага на ўвесь свет творцы, які быў неабыякавы і да беларускай справы.
Крыніца: en.wikipedia.org
Мсціслаў Дабужынскі нарадзіўся ў Ноўгарадзе ў 1875 годзе ў змяшанай сям’і. Ягоная маці — Лізавета Дабужынская была з сям’і праваслаўнага святара, а бацька, Валерыян Дабужынскі паходзіў з даўняга літоўскага роду. Менавіта бацькава паходжанне адыграе ў будучым ключавую ролю ў жыцці мастака.
У Ноўгарадзе сям’я пражыла зусім мала — літаральна месяц, а потым перабралася ў Пецярбург. Там маці скончыла кансерваторыю, каб потым стаць опернай спявачкай, зоркай правінцыйнага ўзроўню, а бацька пачаў рабіць кар’еру ў расейскім імператарскім войску і даслужыўся ў выніку да звання генерал-лейтэнанта артылерыі.
Калі Мсціславу было 2 гады, бацькі разышліся, кожны з іх звязаў потым свой лёс з іншымі людзьмі. Дабужынскі часта летам прыязджаў гасцяваць да маці на Тамбоўшчыну, дзе яна асела разам з новым мужам і дзецьмі, але большую часту жыцця праводзіў з бацькам, які і займаўся яго выхаваннем.
Менавіта ад бацькі ён і даведаўся, што той нарадзіўся ў мястэчку Дабужы, якое знаходзілася ў Панявежскім павеце, на тэрыторыі сучаснай Літоўскай рэспублікі. Калі дзед Дабужынскага быў зусім малым, сям’я страціла маёнтах у Дабужах і з таго часу жыла выключна з працы або службы. Праўда, вялікіх матэрыяльных цяжкасцяў не было, асабліва пасля таго, як бацька даслужыўся да генеральскага чыну.
З малых гадоў Мсціслаў Дабужынскі шмат вандраваў, найперш па абшарах Расейскай імперыі. Звязана тое было ў першую чаргу са службай бацькі ў розных гарнізонах. Магчыма, менавіта з гэтый прычыны мастак цягам жыцця ўважаў сябе «грамадзянінам свету», хаця разам з тым ніколі не забываўся на сваё паходжанне ні «па мячы», ні «па кудзелі».
Дабужынскі атрымаў вельмі добрую адукацыю. Скончыў у Вільні Другую мужчынскую гімназію, затым вучыўся ў Рысавальным класе Таварыства падтрымкі мастацтваў, займаўся ў прыватных мастацкіх студыях і школах Пецярбурга і нават у акадэміях Мюнхена. Акрамя гэтага, мастак адвучыўся на юрыдычным факультэце ў Пецярбургскім універсітэце.
Мсціслаў Дабужынскі — мастак найперш гарадскі. У яго шмат карцін з самымі рознымі гарадамі: і правінцыйнымі, і тагачаснымі «сталіцамі свету». Пецярбург, Лондан, Парыж, Неапаль, Рым, Амстэрдам, Варонеж, Вільня, Коўна, Віцебск, Чарнігаў, Кіеў — вось далёка няпоўны спіс гарадоў, дзе пабываў творца і якія адлюстраваў у сваёй творчасці.
Мсціслаў Дабужынскі. «Віцебск», 1919
Мсціслаў Дабужынскі. «Дом у Коўне», 1930 год
З канца 1918 года да лютага 1919 года Мсціслаў Дабужынскі жыў у Віцебску, дзе прыклаў руку да арганізацыі Мастацкага народнага вучылішча, а таксама Музея сучаснага мастацтва. Ён нават паспеў пабыць дырэктарам навучальнай установы непрацяглы час, потым яго замяніў на гэтай пасадзе Марк Шагал.
У гэты перыяд свайго жыцця ён літаральна разрываўся паміж двума гарадамі — Віцебскам і Петраградам. У першым была праца і быў бацька, а ў другім пражывала ягоная сям’я: жонка, сын і цяжкахворая дачка. Відаць, сямейныя абставіны істотна паўплывалі на рашэнне мастака пакінуць Віцебск ды канчаткова перабрацца ў Петраград.
Да ўсяго, у Дабужынскага з’явіліся ў былой сталіцы Расейскай імперы абавязацельствы, якія ён меўся выканаць: арганізацыя опернага тэатра, выкладчыцкая дзейнасць і многае іншае. У пачатку 1919 года з Віцебска ў Літву таксама выехаў і бацька Дабужынскага.
З 1924 года Дабужынскі жыў у Коўне, «часовай» сталіцы міжваеннай Літвы. Атрымаўшы персанальнае запрашэнне на пераезд, ён без асаблівых праблемаў даказаў сваё літоўскае паходжанне ды атрымаў пашпарт гэтай краіны.
Асеўшы там мастак шмат малюе на гістарычную тэматыку. Яму належыць адзін з першых эскізаў герба даваеннай Літвы, ён афармляе вокладкі літоўскіх выданняў, робіць партрэты Вялікіх Князёў Літоўскіх.
Дабужынскі нанова пераасэнсаваў даўнюю гісторыю і даў звыклым і вядомым матывам новае жыццё. Мяркуючы па ўспамінах мастака, яшчэ з часоў юнацтва, калі ён жыў і вучыўся ў Вільні, яго захапіла тутэйшая міфалогія і містыка. Нездарма ён быў адным з тых, хто першым ацаніў талент Мікалоюса Чурлёніса.
Забягаючы наперад адзначым, што ў канцы 30-х гадоў Дабужынскі ўласнаручна складзе свой радавод, які будзе цягнуцца ажно да 1532 года. Першыя веды аб тых далёкіх часах мастак атрымаў ад прыгаданых ужо вышэй бацькі і дзеда, які выводзіў род Дабужынскіх ад паганца і «чыстакроўнага» літвіна Януша.
У гэты ж час Дабужынскі супрацоўнічае з беларусамі, якія таксама ў той час пражывалі ў Коўне, падтрымлівае дзейнасць Беларускага цэнтра ў Літве. Найперш, вядома, падтрымлівае прыязныя стасункі з Вацлавам Ластоўскім — таксама рупліўцам даўніны і шчырым прыхільнікам беларуска-літоўскага сяброўства. У гэты час Дабужынскі займаецца мастацкім афармленнем часопіса «Крывіч», які выходзіў у 1923-1927 гадах пад рэдакцыяй Ластоўскага.
Першы нумар часопіса «Крывіч», 1923 год
Менавіта па просьбе Ластоўскага мастак узяўся за афармленне фундаментальнай «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», якая пабачыла свет у 1926 годзе ў Коўне. Ёсць думка, што Дабужынскі мог прымаць таксама ўдзел у афармленні іншых частак гэтага выдання, але пакуль гэта ўсё толькі на ўзроўні версіі. Дакладна вядома, што ён працаваў над вокладкай. І, каб паказаць гістарычную пераемнасць, ужыў шрыфт, які нагадвае шрыфты з выданняў Францыска Скарыны.
Гісторыя Беларускай (Крыўскай) кнігі, 1926 год
З 1929 года Мсціслаў Дабужынскі быў вядучым мастаком Дзяржаўнага тэатра ў Коўне. З сярэдзіны 30-х гадоў рэгулярна выязджаў на гастролі разам з трупай. У ліпені 1938 года Мсціслаў Дабужынскі пакінуў Літву, як высветлілася назаўсёды. Спачатку выправіўся ў Лондан, дзе павінен быў працаваць над стварэннем касцюмаў і дэкарацый «Бесаў» паводле знакамітага твора Фёдара Дастаеўскага. Але пачалася Другая сусветная вайна і тэатр быў перавезены ў Амерыку.
Спыніўся Мсціслаў Дабужынскі ў Нью-Ёрку, дзе і пражыў да самай сваёй смерці. Там ён працягваў маляваць, займацца кніжным афармленнем, пісаў мемуары. Пайшоў з жыцця ў 1952 годзе ва ўласнай майстэрні, дзе працаваў над адным з варыянтаў сваёй карціны «Вітаўт — Вялікі князь Літоўскі». Што вельмі сімвалічна...
Л.Г., budzma.org