Што нам кажуць продкі? Сабралі мудрыя і цікавыя беларускія прыказкі

27.09.2024

Прымаўкі — мудрасць народа. Яны бываюць вельмі дарэчы ў розных сітуацыях: могуць падтрымаць, засцерагчы ад памылак, падштурхнуць да правільных дзеянняў, даць пасмяяцца з сябе.


Многія з нас лёгка могуць узгадаць расійскія прымаўкі. Прымаўкі роднай мовы часта не ведаем ці не памятаем, бо рэдка чуем іх. А яны ж трапныя, прыгожыя і зразумелыя!

Падабралі беларускія адпаведнікі да самых распаўсюджаных расійскіх прымавак. На адну расійскую — па некалькі беларускіх, каб вы напоўніцу адчулі багацце роднай мовы.

Бедность — не порок 

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Беднасць — не загана 

Сярмяга — не знявага, а жупан — не вялікі пан 

Бяднейшы — не канечне дурнейшы 

Беднасць не адбярэ ні чэсці, ні розуму

Гэтыя прыказкі гавораць пра тое, што беднасць не робіць чалавека горшым.

Напрыклад: Здзівіла, што навуковы супрацоўнік жыве так бедна. Але, як кажуць, беднасць не загана (І. Шамякін. Выкармак).

Витать в облаках 

Maliunak Andrusia TakindanhaМалюнак Андруся Такінданга

Пра нябесныя мігдалы думаць 

Пра нябесныя ясноты марыць 

У надхмар’і лунаць 

У паднябессі лунаць

Азначае, марыць пра нешта недасяжнае, летуценіць.

Напрыклад: Як табе гэта падабаецца? Трэба рабіць, а ты сядзіш ды думаеш пра нябесныя мігдалы... (Янка Брыль. Сірочы хлеб)

Береги платье снову, а честь смолоду

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Шануйся замалада — не напаткае бяда

Шануй рапуху ў садзе, а сябе ў грамадзе 

Шануй сябе, то й людзі шанаваць будуць

Гэтыя прыказкі нагадваюць аб важнасці годна сябе паводзіць і мець пашану да сябе.

Напрыклад: Думайце, дзеткі, пра тое, што вы кажаце ды робіце. Памятайце прыказку «Шануйся замалада — не напаткае бяда».

В одно ухо вошло, а в другое вышло

Maliunak Andrusia Takindanha
 Малюнак Андруся Такінданга

Адным вухам слухае, а другім выпускае 

У адно вуха ўпусціў, а ў другое выпусціў

Так кажуць пра таго, хто няўважліва слухае, не запамінае, што яму гавораць. Цікава, што ў беларускім варыянце слухач сам адказны за няўважлівае слуханне.

Напрыклад: — Ты, гарэза, я бачу адным вухам слухаеш, а другім выпускаеш. Пра нешта іншае думаеш.

Волка бояться — в лес не ходить

Maliunak Andrusia Takindanha   Малюнак Андруся Такінданга

Хто ваўкоў баіцца, па ягады не ходзіць 

Баяўшыся трэску, і ў лес не трэба хадзіць 

Баючыся ваўкоў, застанешся без грыбоў 

Калі баяцца цяжкасцей, небяспекі, то не варта і пачынаць нешта. Таксама прыказваюць таму, хто праз малаважную прычыну адмаўляецца выканаць нейкую работу.

Напрыклад: [Анжэк:] Могуць быць непрыемнасці. Прытым вялікія. [Фелікс:] Ахвотна веру... Толькі «ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць» (В. Зуб. Юнацтва рыцара)

Без труда не вытащишь и рыбку из пруда

Maliunak Andrusia Takindanha  Малюнак Андруся Такінданга

Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці

Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца

Па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш

Каб дабіцца нечага жаданага, трэба дзейнічаць, старацца, праяўляць актыўнасць.

Напрыклад: Бацька Іван Васільевіч прайшоў шлях ад качагара да машыніста паяздоў, маці Ніна Рыгораўна шчыравала на льнокамбінаце. У сям’і часта паўтаралі мудры народны выраз: «Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці» (У. Вялічка, А. Марціновіч. Аршанскі плацдарм).


В чужом глазу сучок видит, а в своем бревна не замечает 

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

У чужым воку і парушынку ўгледзім, а ў сваім і калоды не пабачым 

Чужыя грахі перад вачыма, а свае за плячыма 

Чужое бачыць пад лесам, а свайго не бачыць і пад носам 

Свайго горба ніхто не бачыць

Так кажуць пра тое, што людзі ў іншых бачаць нават дробныя недахопы, а ў сябе не заўважаюць і вялікіх.

Напрыклад: «Ага! — злавіў сябе на думцы Віктар. — Самому можна, а другім — не? У чужым воку саломінку ўбачыў, а ў сваім і бервяна не заўважаеш?» (А. Кобец-Філімонава. Агні за перавалам)

Где много слов, там мало дела

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Языком у Вільні, а галавою за печчу 

Слоў — на мех, а спраў — на смех 

Каб так смыкам, як языкам 

Хто языком штурмуе — не шмат наваюе

Прыказка азначае, што ў балбатлівага чалавека вынікі працы малыя, нязначныя. 

Напрыклад: — Вам не сумна мяне слухаць? Рабочы не прывык языком штурмаваць, а больш рукамі. — Што вы! — запярэчыў я, успомніўшы народную прыказку: «Хто языком штурмуе — не шмат наваюе» (І. Гурскі. Сталасць)

Делать из мухи слона

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

З камара каня рабіць 

З блыхі (з мухі) вала рабіць 

З ветру вяроўку віць 

Раскажаш пра вераб’я, а перакажуць пра жураўля 

Скажы на кепаць, а даложаць на локаць 

Байка з камара вырасце на вала

Прыказкі азначаюць: беспадстаўна перабольшваць нешта, надаваць нечаму нязначнаму вялікае значэнне.

Напрыклад: «— А ты думаеш газетка... тая... сапраўдная? Ды я нават ведаю — хто яе згламэздаў. Ёсьць там у Бацькі два памагатары — з блыхі вала зробяць...» (Вінцэсь Мудроў. Чалавек з сажнем)

Жди у моря погоды

Сядзі ў будзе і чакай, што будзе 

Сядзі ды на неба глядзі

Кажуць з неадабрэннем пра таго, хто пасіўнічае, чакаючы невядома чаго. 

Напрыклад: А во — надзьмуўся! Я — пра тое, што брат не раіць табе ўцякаць. Што ж ён думае — з мамінай печы, з-пад жончынай коўдры — нам тут з табою, як кажуць, сядзі ў будзе ды чакай, што будзе? А дудкі! Насядзеліся... (Я. Брыль. Птушкі і гнёзды). 


Насильно мил не будешь

Не памогуць і чары, як каму хто не да пары 

Упрошваючы не намілуешся 

Даганяючы не нацалуешся 

Сілаю не быць мілаю

Прыказкі азначаюць, што сілай не прымусіш палюбіць сябе. 

Напрыклад: [Куторга:] Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімерычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесць: даганяючы не нацалавацца. (В. Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта).


Не по хорошу мил, а по милу хорош

Не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа 

Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы

Прыказка азначае: што чалавеку дорага і важна, тое яму і прыгожа, і добра.

Напрыклад: Не тое хораша, што хораша, але тое, што каму даспадобы. Сапраўды, ці варта падпарадкоўвацца модзе? Можа, лепей насіць тое, што табе падабаецца.

І што, што шмат пекных дзяўчат навокал. Лепей за яго любку для яго няма. Бо не прыгожая прыгожа, а каханая прыгожа.


Язык мой — враг мой 

Хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае

Прыказка вучыць, што важна думаць, перш чым нешта сказаць, бо можна сказаць лішняе, пакрыўдзіць, выдаць таямніцу і агулам нажыць праблемы.

Напрыклад: — І не хацела зусім пакрыўдзіць, а вось, не падумаўшы, ды выдала. Ох і праўда, хто язык доўгі мае, таму дрэнна бывае.

Не учи учёного

 
Не вучы акуня (рыбу, качаня) плаваць 

Не вучы кульгаць: і так ногі баляць 

Не вучы аратага араць, касца касіць, а сейбіта сеяць 

Не вучы старога ката смятанку злізваць (з печы саскокваць) 

Кажуць пра майстра сваёй справы, якому не патрэбныя парады іншых, а таксама, калі хтосьці не жадае слухаць чыюсьці параду. 

Напрыклад: Невядомы чалавек вырываецца. [Сымонка:] Трымай яго, дзядзька Рабіна! Трымай мацней! [Рабіна:] Не вучы рыбу плаваць (В. Вольскі. Машэка).

Если кажется, креститься надо

«Мусіць» за вуха ўкусіць 

Здаецца, што й певень смяецца 

Няхай не здаецца дурной авечцы 

Як здаецца, то хрысціся

Так часта адказваюць чалавеку, які ўжывае «здаецца», «мусіць».

Напрыклад: — Мусіць, звольняць мяне. Я бачыла, як кіраўніца глядзіць на мяне. — «Мусіць» за вуха ўкусіць. Яна проста не ў гуморы, а твая справаздача не такая дрэнная, як ты думаеш.


Не откладывай на завтра то, что можно сделать сегодня

 
Адклад не йдзе ў лад 

Лепей цяпер, чым у чацвер 

Сон на заўтра адкладзі, а справу сёння давядзі

Пра важнасць не адкладаць справы на потым.

Напрыклд: — Ну, можа, досыць на сёння, заўтра даробім? — Не, дзядзька, давай зараз. Адклад не йдзе ў лад.

На бога надейся, а сам не плошай

Божа памажы, але й сам падбяжы 

На Бога спадзявайся, але і сам старайся 

Працуй, нябожа, то і Бог паможа 

Прыказка падкрэслівае, што важна і самаму старацца ды прыкладаць намаганні. Таксама прыказкай адказваюць, калі чалавек у размове спадзяецца на Бога.

Напрыклад: — Бог дапаможа, неяк пражывем. — Божа памажы, але й сам падбяжы.


Жить на широкую ногу 

 

Maliunak Andrusia Takindanha
Малюнак Андруся Такінданга

Жыць як пан (як кароль) 

Панам (па-панску) жыць 

Жыць як золата важыць 

Жыццё як мёду піццё 

Жывем як песні пяем

Кажуць пра чалавека, што жыве ў дастатку, раскошы (апошнія тры прымаўкі таксама значаць: добра, у згодзе, у радасці)

Напрыклад: Часам мы марылі, як буду я «вучоным», буду жыць, як пан, а яна будзе ў мяне гаспадыняй, і ёй не трэба будзе бадзяцца па свеце... (Янка Маўр. Шлях з цемры)

Хорошему всюду хорошо

 
Добраму чалавечку добра і ў запечку, а благаце блага і на куце (а ліхаце дрэнна і на куце) 

Добрая душа нап’ецца і з каўша 

Добраму ўсюды добра (а кепскаму кепска)

Гаворыцца пра добрага, памяркоўнага чалавека. 

Напрыклад: Ні той спагады, ні той парады, ані шаны... Хіба што прыказка і суцяшала: — Добраму чалавечку добра і ў запечку, а якой благаце дрэнна й на куце... (Р. Барадулін. Мама).

***

Напрыканцы прывядзем беларускія прыказкі, якія нам спадабаліся. 

Бруднае да чыстага не прыстане

Добрыя вочы дыму не баяцца

Гэта значыць, што абраза, паклёп і падобнае не прынізяць сумленнага, невінаватага чалавека. 

Напрыклад: Беларус таму, што яго зневажалі, не стаў горшы. Бруднае да чыстага не прыстае (І. Гурскі. На скрыжаванні дарог).

*

Плакаў, плакаў — усё бог аднакаў, пачаў пяяць (спяваць) — стаў бог даваць

Плакаў, плакаў, а бог быў аднакаў, пачаў танцаваць, пачало шанцаваць

Прыказка азначае, што плачучы, жыццё не паправіш.

Напрыклад: Павесялелы Гамон смяяўся, шчэрачы бяззубы рот: «Плакаў я плакаў, а бог быў аднакаў, а як стаў танцаваць, пачало шанцаваць!» Грамада падтрымала яго дружным рогатам: Гамонава прымаўка спадабалася (У. Гніламёдаў. Валошкі на мяжы).

*
Не дораг абед, а дораг прывет.

Ласкавыя, добразычлівыя адносіны прыемнейшыя, лепшыя за пачастунак. 

Напрыклад: Нездарма людзі кажуць: не дораг абед, а дораг прывет. Падсілкаваўся трохі падарожнік-чарадзей, пачаў распытваць у аратага пра ягонае жыццё-быццё, якую ён хацеў бы мець палёгку... (У. Ягоўдзік. Жаўрук).

*
І ракаў не хачу, і ног не мачу

Гаворыцца як катэгарычны адказ ад якойсьці прапановы суразмоўніка.

Напрыклад: — Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам... Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю... — Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу... (У. Караткевіч. Млын на Сініх Вірах).

Выкарыстаныя крыніцы:

https://bydialects.org/dicts/tlumacalny-slounik-prykazak-2011

https://slounik.org/sanko

https://www.bielmova.org

https://bydialects.org/dicts/skarby-narodnaj-movy-2005-r

В. С., Budzma.org