Топ мультоў пра ўзаемаадносіны паміж дзецьмі, а таксама іх бацькамі

15.10.2019 Маё права
Калі мы кажам пра ўзаемаадносіны паміж дзецьмі, іх бацькамі, гвалт і выхаванне, то часцяком звяртаемся да спецыялізаванай літаратуры, экспертаў і іх кніг. І гэта правільна. Адзіная хіба — так мы не можам паглядзець на гэтыя праблемы збоку, адчуць іх і перажыць. І тут на дапамогу могуць прыйсці... мультфільмы. Што можна паглядзець бацькам і дзецям, каб лепш зразумець адно аднаго?

Свінка Пэпа (Вялікабрытанія) 





Не, гэта не жарт! Нягледзячы на статус папулярнага мема, гэты мультсерыял сапраўды працуе на сваю аўдыторыю — маленькіх дзяцей і іх бацькоў. Чаму? Па-першае, кароткія выпускі, каб дзеці не стамляліся. Па-другое, прыгоды Пэпы і яе сям’і вучаць знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. І па-трэцяе, набліжаныя да рэчаіснасці характары персанажаў паказваюць, што ў свеце няма ідэальных дзяцей і людзей у прынцыпе. Дык хіба гэта дрэнна? 

У дадатак мульт пакажа прыклад самакантролю (Пэпа нядрэнна трымае сябе ў руках) ды навучыць паважаць бацькоў. Тут няма негатыўных сітуацый, але не таму, што мульт адрывае ад рэчаіснасці. Ён хутчэй паказвае, што без іх ўвогуле можна абысціся, нават калі не ўсё ідэальна. Ну а каб бацькі не сумавалі, у мульце сустракаецца вытрыманы дарослы гумар. 

Вядома, Пэпа не без мінусаў, але гэта сапраўды добры варыянт для сямейнага прагляду.



Ох ужо гэтыя дзеткі! 


Image result for ох уж эти детки

Часам новае — гэта добра забытае старое. Тое ж тычыцца і гэтага папулярнага мультсерыяла 90-х і нулявых. Мульт распавядае пра прыгоды пяці галоўных герояў: Томі, Чакі, Філ, Ліл і Анжэлікі. Сюжэт грунтуецца на звычайных побытавых сітуацыях, якія, дзякуючы дзіцячаму ўспрыманню хутка становяцца сапраўднымі падарожжамі! Пры гэтым бацькі бачацца поўнай супрацьлегласцю — крыху адасобленымі, дзівакаватымі асобамі. Не згодныя з такой падачай? Але ж менавіта такімі вы можаце падавацца дзіцяці. 

Калі казаць пра герояў, то ў кожнага свае станоўчыя і адмоўныя бакі, што на кантрасце паказвае, як лепш сябе паводзіць, а што прывядзе да канфліктаў і нават бяды. Паміж дзецьмі далёка не ідэальныя адносіны, таму праблема камунікацыі тут якасна ўздымаецца, што можа навучыць дзяцей шукаць кампрамісы.  Ну і самае галоўнае для такога мульсерыяла — эпізоды не толькі цікавыя, але і маюць маральныя урокі. 

Менавіта таму раім гэты мультфільм як дзецям, так і дарослым, якія ў сваім дзяцінстве яго глядзелі. Цікава ж часам зірнуць, наколькі змянілася ўспрыняцце праз гады. І, дарэчы, студыя ўжо анансавала перазапуск, таму ў хуткім часе чакаем працягу!




Дзеткі з класа 402


Image result for дети из класса 402

Але што мы ўсё пра маленькіх дзяцей — яны ж хутка вырастуць, пойдуць у школу... І вось тут можа быць дарэчы мультсерыял “Дзеткі з класа 402”. Серыі тут якраз будуюцца на асаблівасцях дзіцячай псіхалогіі, канфліктах поглядаў дарослых і дзяцей школьнага ўзросту. А што можа быць больш наглядным для такога ўзросту, як не блізкія да рэчаіснасці партрэты персанажаў! Паглядзіце самі: эгаістычная лідарка класу Нэнсі, надакучлівая выдатніца Полі, лайдак Джэсі і не надта сумленны дэндзі Артур — ці не знаёмыя апісанні? Бадай, у кожнага ў класе былі падобныя.

Сам жа сюжэт пастаянна сутыкае герояў з даволі тыповымі знешнімі і ўнутранымі дылемамі. І зноўку ж — няма падзелу на чорнае і белае, што дапаможа сфармаваць шматграннасць учынкаў і разуменне неадназначнасці нашага свету. Урэшце, кожны эпізод заканчваецца маральным урокам і паказвае вынік розных сітуацый... Добрая магчымасць павучыцца на чужых памылках і паглядзець на свае паводзіны крыху збоку, няхай і перабольшана. 

У мульціку хапае тонкага гумару і цікавых паваротаў, таму глядзець будзе нясумна!




Апалон: дзеці на ўзгорку 

Image result for аппалон дети на холме

Анімэ — далёка не пра коцікаў, вялікія вочы і лаліт! Японцы сапраўды навучыліся рабіць вельмі жыццёвыя, псіхалагічныя і блізкія сэрцу сюжэты, жывых персанажаў. І “Апалон: дзеці на ўзгорку” — чарговы таму доказ! Калі апісаць гэты мульсерыял некалькімі словамі, то мы атрымаем наступнае: старэйшая школа, комплексы, сяброўства, джаз, мараль, пытанні будучыні і мары. Гучыць тыпова? У гэтым і прыгажосць гэтага анімэ — набліжанасць да рэчаіснасці, але ў вельмі прыемнай і стылёвай абгортцы.

Калі пра сюжэт без спойлераў, то гэта гісторыя сяброўства вучняў старэйшай школы. Адзін з галоўных герояў — Каору Нісімі, чарговы раз у новай школе. Так склаўся лёс, што ад моцнага хвалявання яго ванітуе, кружыцца галава, пэўны час ён нават рухацца не можа. І вядома, што праз гэта ў яго часцяком праблемы з аднакласнікамі. У жорсткім падлеткавым соцыуме такія асаблівасці — вялікі паказчык слабасці, што дае нагоду астатнім з такога здзекавацца. І вось у Каору новая спроба. На жаль, і тут большасць класа яго адразу абазвала “батанікам”. Але ж... не бывае дрэннага без добрага. І дадзеная гісторыя — не выключэнне. Калі вырашыце паглядзець, то вас чакае скачок у аповед пра жыццё, сапраўднае сяброўства і пераадоленне канфліктаў, унутраных і знешніх праблем падлеткаў на мяжы дарослага жыцця. Анімэ багата прыпраўленае вельмі якасным і добрым джазам і візуальным стылем, поўны камплект для прагляду тут у наяўнасці! 

Раім вучням сярэдняй і старэйшых класаў, а таксама тым, хто хоча заглыбіцца ў такую жыццёвую, але прыгожую і добрую гісторыю.




Канікулы Гуфі

Image result for каникулы гуффи


Заканчваем нашу падборку поўнаметражных мультфільмам ад Disney. І не варта зважаць на яшчэ аналагавую малёўку і даволі вялікі ўзрост — падлеткавым гісторыям і пытанню бацькаў і сыноў нашмат больш часу! 

Гісторыя апавядае пра сына Гуфі Макса. Так ужо склалася, што хлапец пакахаў дзяўчыну і ўвесь гэты час не мог ёй прызнацца. Ды і занадта крутым у школьнай іерархіі яго, мякка кажучы, не назавеш. І вось апошнія дні перад канікуламі, і наш герой вырашыў усё змяніць.  Так бы мовіць, і цмока заваліць, і прынцэсу вызваліць. Але ж... усё ідзе не зусім па плане. І ў самы адказны момант у жыцці Макса ён аказваецца з бацькам у машыне ў падарожжы на рыбалку праз усе Штаты. Так ужо склалася, што бацька з сынам абсалютна адзін аднаго не разумеюць, нібыта гавораць на розных мовах, праз што ў іх бываюць непаразуменні, канфлікты, а самае галоўнае — яны даволі далёкія адзін аднаму. Ці дапаможа ім гэтае падарожжа? Ці здолее Макс стрымаць абяцанне? Як збоку выглядае канфлікт бацькаў і сыноў? Пра ўсё гэта можна пабачыць якраз у гэтым мультфільме, а самае галоўнае — ён сапраўды можа дапамагчы зрабіць для сябе пэўныя высновы. І можа... Пабачыць прыгожую рамантычную лінію? Але каб пра гэта даведацца, паглядзіце мульт!

Бацькам і дзецям абавязкова для азнаямлення, нягледзячы на ўзрост гэтай стужкі!




Лаймуціс Сакалоў