У першы дзень каляндарнай зімы саграваемся цёплымі трэкамі беларускіх музыкаў. На наш сціплы погляд, лістапад па канцэнтрацыі асобных рэлізаў, выйшаў мацнейшы, чым той жа кастрычнік. Тут сапраўды ёсць, з чаго абіраць: ад пост-панка і індзі-попа да музыкі ў стылі 70-х і рэпа з элементамі бразільскага фонка. Давайце крыху бліжэй разгледзім кожны з 10 рэлізаў, бо пра іх без сумневу ёсць, што сказаць.
Новая песня Вікі — абсалютны выбар яе слухачоў, якія галасавалі за рэліз менавіта гэтага трэку на прамым эфіры ў цік-току, дзе артыстка вырашыла паказаць некалькі сваіх дэма-запісаў. Песня «Закахалася» гучыць адначасова пяшчотна і сэксуальна і адкрывае новыя грані ў творчасці спявачкі. Акцэнт робіцца на гітарны інструментал, які поўнасцю раскрываецца бліжэй да прыпеву і дазваляе па-сапраўднаму закахацца ў гэты трэк.
Хто яшчэ з беларускіх музыкаў умее пісаць такія кранальныя песні-калыханкі? Лічаныя асобы! Вось і песня «Лістапад» ад калектыву NaviBand мякка кранае за плечы і абдымае, як матуля, што заўсёды суцешыць і падтрымае. Кампазіцыя стварае тое самае адчуванне дому, якое шмат каму з нас цяпер так патрэбна.
Серабранскі рамантык, вакаліст і франтмэн гурта Chabor Алесь працягвае плавіць сэрца дзяўчынак, як ліпеньскае сонца пламбір. І робіць ён гэта ў новай лірычнай кампазіцыі «Dah», напоўненай яркімі меланхалічнымі вобразамі.
Трэба сказаць, што гэтая песня ўвогуле не падобная на той пост-панкавы кірунак, па якім упэўнена рушыў гурт у папярэдніх рэлізах і, хто ведае, куды далей можа занесці прага да эксперыментаў. Упэўнены, што без крутой музыкі мы дакладна не застанёмся.
Файна, калі маладыя беларускія выканаўцы выпускаюць свае першыя трэкі па-беларуску. Яшчэ круцей, калі гэта эксперыментальны жаночы індзі-поп, вакал у якім гучыць, нібы голас анёлаў з нябёсаў. Насця ўклала ў свой трэк як танцавальныя, так лірычныя элементы адначасова і атрымалася кампазіцыя, якую з гонарам можна паказаць любому замежніку ў адказ на пытанне: «А як гучыць ваша сучасная музыка на вашай мове?».
Выпадкова пачуўшы кавалак гэтай песні ў ціктоку, я ўсё чакаў яе рэлізу. І вось, у лістападзе, яна выйшла і трапіла ў самае сэрца, апраўдаўшы самыя смелыя чаканні. Вакал Дзімы стварае неверагодную гармонію спачатку з фартэпіяннай партыяй, а потым, з астатнім міксам з інструментаў, якія цудоўна раскрываюцца ў прыпеве. Калі і ёсць ідэальная рамантычная песня для пачатку гэтай зімы, то гэта, безумоўна, «Твайго сэрца блакіт».
Як мог бы гучаць сон, калі быў бы песняй? Меланхалічнай гітарнай партыяй, з нарастаючым басам, прадуманым тэкстам і абавязкова — заядаючым прыпевам. Менавіта такой і выйшла песня «Сны», дзе лірычны герой то ўпадае ў бессань, то ўпіваецца ўспамінамі, эпізадычна з’яўляючыся ў снах сваёй былой дзяўчыны. Яшчэ адна шыкоўная балада пра каханне ў скарбонку маладых беларускіх артыстаў новай хвалі.
Жыццесцвярджальна, танцавальна, жыццёва — тры словы, якімі можна апісаць новы сінгл гурта Nochy. Выбух эмоцый і кантраст паміж куплетам і прыпевам, на якім выдатна грае вакалістка гурта. Але не спяшайцеся расслабляцца, бо тэкст у гэтай песні — не проста дэкор, а важны элемент. Толькі паглыбіўшыся ў яго можна разгадаць сапраўдны сэнс песні і як след яе адчуць.
Артысты з Падляшша не плануюць спыняцца напрыканцы гэтага года і, мяркуючы па іх бурлівай дзейнасці, у наступным таксама. Літаральна ўчора яны выкацілі слухачам альбом #INDAWOODS — зборнік з 11 трэкаў, аб’яднаных адной ідэяй, абсалютная большасць якіх ужо выходзіла калісьці сінгламі. Трэк «Lusterka» — не з’яўляецца нейкім адметным, ён проста атрымаўся камбінацыяй розных музычных трэндаў. Мяркуйце самі: бразільскі фонк, сталёвая рэп-чытка і меладычны вакал у куплеце — хіба не падобна на трэндавае гучанне ўсяго, што было ў 2024?
Адзін з тых самых беларускіх гуртоў, якія не трэба прадстаўляць. І хоць у СОЮЗа рэгалій больш, чым у Брэжнева, гэта не перашкаджае ім здзіўляць слухачоў. Канкрэтна цяпер — першым трэкам па-беларуску ў сваёй творчасці. Ды якім! Мілагучнасць яго перавышае ўсе дапушчальныя нормы, інструментал, відавочна, адсылае да залатых часоў «Песняроў», а вакал настолькі лёгкі, што рызыкуе ўзляцець пад аблокі, як шар з геліем. Кампазіцыя адназначна на 12/10 і я вельмі раю хоць разок націснуць на плэй і даць сваім вушам адчуць гэтую асалоду.
«Вішнёвая костка» — музычная сінергія Ластоўскага і паэткі Дар’і Бялькевіч. Ад гэтай кампазіцыі вее вайбам сталічных трамваяў, юнацкімі марамі, абдымкамі на развітанне і п’янымі размовамі на кухні а 4-й ранку. Можна сказаць, што калабарацыя музыканта і паэткі атрымалася цалкам удалая і асабіста я разлічваю на працяг, які, пэўне ж, будзе яшчэ больш кранальным, што па тэксту, што па музыцы.
Хатні Томпсан, Budzma.org