Музей Вольнай Беларусі ўпершыню прадставіць беларускае сучаснае мастацтва ў афіцыйнай праграме Warsaw Gallery Weekend

Музей Вольнай Беларусі ўпершыню далучыцца да Warsaw Gallery Weekend не толькі як пляцоўка правядзення падзей, але і як музейная інстытуцыя, якая афіцыйна прадстаўляе беларускае сучаснае мастацтва ў праграме найбуйнейшага фестывалю сучаснага мастацтва ў Цэнтральнай Еўропе.

У межах Warsaw Gallery Weekend 2026 Музей Вольнай Беларусі прадставіць персанальную выставу маладога беларускага мастака Аляксандра Адамава hyperMOTHER. Shared Breathing, якая адкрыецца 18 верасня.

WGW1.jpg

Гэта важны этап у развіцці музея. Удзел у Warsaw Gallery Weekend у новым статусе сведчыць пра прызнанне Музея Вольнай Беларусі як паўнавартаснай еўрапейскай культурнай прасторы, якая паслядоўна прадстаўляе беларускае сучаснае мастацтва міжнароднай аўдыторыі.

Сёння Музей Вольнай Беларусі — гэта не толькі прастора захавання памяці і асэнсавання найноўшай гісторыі Беларусі, але і адкрытая платформа для сучаснага мастацтва, падтрымкі незалежных беларускіх творцаў і развіцця культурнага дыялогу.

Ужо ў шаснаццаты раз Warsaw Gallery Weekend аб’яднае вядучыя галерэі і мастацкія інстытуцыі Варшавы, ператвараючы горад у адзіную арт-прастору. На працягу трох дзён гледачы змогуць наведаць дзясяткі выстаў, сустрэцца з мастакамі і пазнаёміцца з найбольш актуальнымі мастацкімі праектамі рэгіёна.

WGW2.jpg

Новы праект hyperMOTHER. Shared Breathing Аляксандра Адамава развіваецца як доўгатэрміновы мастацкі цыкл. Выстава даследуе тэмы біяпалітыкі клопату, дэлегавання цялеснасці і экзістэнцыяльнай стомленасці сучаснага чалавека, разважаючы пра ўразлівасць, узаемазалежнасць і формы існавання ў свеце, што пастаянна змяняецца. 

Для Музея Вольнай Беларусі ўдзел у Warsaw Gallery Weekend — гэта не толькі магчымасць паказаць новы мастацкі праект, але і важны крок у міжнародным прадстаўленні беларускай культуры, падтрымцы сучасных беларускіх мастакоў і пашырэнні прысутнасці Беларусі на культурнай мапе Еўропы.

Адкрыццё выставы: 18 верасня 2026 года

Даты правядзення Warsaw Gallery Weekend 2026: 18–20 верасня 2026 года

Месца: Музей Вольнай Беларусі, Варшава.