У Пружанскім раёне (Брэсцкая вобласць) у перспектыве плануецца стварыць музей пейзажыста Станіслава Жукоўскага, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Аснову экспазіцыі, якая размесціцца ў аграгарадку Вялікае Сяло ў сядзібе “Жураўлінае”, складуць карціны сучасных мастакоў, якія ствараюць свае карціны ў стылі Жукоўскага. Так, будучаму музею 20 сваіх работ падарылі ўжо члены “Таварыства перасовачных выстаў. ХХI стагоддзе” з Санкт-Пецярбурга, якія правялі ў гэтых краях пленэр. Расійскія майстры паабяцалі наведваць Пружанскі раён штогод. Акрамя таго, экспазіцыя будзе прысвечана жыццю самога мастака, які 140 гадоў таму нарадзіўся ў суседняй вёсцы Старая Воля. На жаль, радавое гняздо майстра не захавалася да нашых дзён.
Гаспадыня аграсядзібы Святлана Машкала лічыць, што музей можа стаць цэнтрам творчасці Жукоўскага, які пісаў чуллівыя пейзажы, літаральна прасякнутыя любоўю да радзімы, ствараў інтэр’еры паркаў і сядзіб. “На малой радзіме Жукоўскага патрэбны музей. Жыхары цікавяцца яго творчасцю. Гэта будзе развіваць нашу культуру. Любая справа пачынаецца з прыватнай ініцыятывы. Мы падалі ўжо заяўку на стварэнне музея. Мясцовыя органы ўлады наша жаданне падтрымліваюць”, – расказала субяседніца.
Музей размесціцца ў старадаўнім драўляным доме, пабудаваным яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. У ім захаваліся нізкая столь, маленькія акенцы, атмасферу мінулай эпохі дапамогуць стварыць рарытэтныя рэчы. Ва ўладальнікаў сядзібы ў планах таксама абсталяваць невялікую этнаграфічную майстэрню.
Станіслаў Жукоўскі нарадзіўся ў сям’і збяднелага памешчыка ў 1873 годзе ў Гродзенскай губерні, цяпер гэта тэрыторыя Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Насуперак волі бацькі ён адправіўся ў Маскву вучыцца жывапісу і потым стаў вельмі вядомым лірычным пейзажыстам свайго часу. На большасці палотнаў мастака знаёмыя з дзяцінства пейзажы і сядзібы.
Аляўціна Чарнаволава, БелТА
Тэгі: Пружаншчына