Музыныя ўрачыстасці юбілейнага году

01.11.2017 Музыка

31 кастрычніка ў Мінску адбылася важная музычная падзея, прысвечаная юбілейнаму году 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і 500-годдзю Рэфармацыі ў Еўропе.

Таленавіты дырыжор, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў арганізаваў канцэрт духоўнай музыкі ў вялікай залі Белджяржфілармоніі. Разам з доктарам тэалогіі Ірынай Дубянецкай ён прадставіў панараму еўрапейскай музыкі эпохі Залатога века Беларусі.

SAM_0803

Залю запоўнілі вернікі ўсіх канфеcій і аматары класічнай музыкі. Мастакі Мікола Купава і Аляксей Марачкін ўпрыгожылі файе сваімі карцінамі, творчая група царквы “Ян Прадвеснік” у шляхетных строях вітала гасцей. Госці імпрэзы змаглі атрымаць друкаваныя аркушы з Бібліі Францішка Скарыны, зробленыя на адноўленым варштате.

Вечарыну адкрыў  харал  М. Лютэра “ Цвярдыня наша – Вечны Бог”.  У выкананні сімфанічнага аркестра “Сapella Academia” і ансамбля салістаў “Вытокі” прагучалі творы І.С. Баха, Г.Ф. Гендэля, А. Дворжака, Мендэльсона- Бартольдзі, а таксама кампазітара Вацлава з Шамотул.  Эпоха Рэфармацыі дала новую хвалю пераасэнсавання хрысціянства і гэтыя працэсы адбіліся ў музыцы нямецкіх і чэшскіх кампазітараў.

SAM_0829

Саліст Ілля Сільчукоў выканаў два фрагменты хваласпеваў з “ Любчанскага канцыяналу” 1618 года – евангелічнага нотнага зборніка, выдадзенага ў мястэчку Любча. У выкананні арганіста Юрый Габруся прагучала прэлюдыя на харал “Кyrie, Gott heiligier Geist”.Салістка Наталля Акініна  (мэца- сапрана) прадставіла дзве арыі з араторыі “ Месія”. У выкананні салістаў Іллі Сільчукова і Юрыя Габруся  прагучаў гімн Дж. Ньютона “ Цудоўная ласка”.

“Там над  вечнаю краінай,

Бог, адвечны  ў  любові”

Аляксей Фралоў праявіў высокае мастацтва дырыжыравання. Ён уважліва прыслухоўваўся да кожнай скрыпкі і флейты, адчуваў кожны інструмент ў аркестры і даваў накірунак меладычным і вытанчаным гукам, прапускаючы іх праз сваю душу.

“ Гэта цудоўна арганізаваная містэрыя на Божую хвалу. За гэтыя 500 гадоў жыве і ўзмацняецца любоў да Бога праз музыку і слова. Вельмі ўразіла высокамастацкая передача такога складанага перыяду, як Рэфармацыя. Мастацтва музыкантаў вышэй пахвалы!” – адзначыла паэтка Ядвіга Іванаўна Рай.

SAM_0812

“Я ў захапленні ад канцэрта і атрымала вялікае эмацыйнае задавальненне. Я даўно ведаю Аляксея Фралова. У адным чалавеку столькі талентаў, якія даюць, напэўна, эпохі пераломныя, адраджэнскія. І музыкант, і дырыжор, і музыказнаўца, і даследчык, і папулярызатар,- проста харызматычная асоба, якая  яднае і прыцягвае да сябе”, – сказала слухачка, якая назвалася Тамарай Мікалаеўнай.

– Аляксей Фралоў кансалідаваў музыкантаў на выкананне складаных твораў і выдатна склаў праграму канцэрта,-заўважыў слухач з царквы “Ян Прадвеснік”. – Ён выбраў узнёслыя і дынамічныя творы, хваласпевы.

8 лістапада ў Белдзяржфілармоніі адбудзецца другі канцэрт  пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова “ TUBA MIRUM”  з удзелам Мінскага канцэртнага аркестра “Няміга” ,Minsk trombone quartet і спецыяльнага госця – прафесара Жака Мажэ ( трамбон) з Францыі.

Э. Дзвінская, фота аўтара