На Каляды гасцям рады…

Беларускую Швейцарыю, як часта называюць Лагойскі край, учора наведалі паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін.

Першая сустрэча адбылася ў Акалоўскай сярэдняй школе, якая нядаўна адзначыла свой стогадовы юбілей. Выступленне вядомых паэтаў стала святочным віншаваннем акалоўскіх вучняў і настаўнікаў з юбілейнай датай у жыцці школы. У сваю чаргу вучні старэйшых класаў падрыхтавалі прыемную неспадзяванку для сталічных гасцей, увасобіўшы на сцэне паэтычна-музычную кампазіцыю паводле паэмы Леаніда Дранько-Майсюка “Жыцень” і вершаў Эдуарда Акуліна.

Не менш гасцінна і радасна, з калядным караваем і навагоднімі зычаннямі, сустракалі паэтаў і ў Засоўеўскай сярэдняй школе. Рыхтуючыся да сустрэчы, вучні грунтоўна перачыталі іх кнігі і падрыхтавалі буклеты, прысвечаныя жыццю і творчасці “беларускіх песняроў”. Падчас імпрэзы адбылася і вясёлая літаратурная віктарына, пасля якой госці адказалі на шматлікія пытанні вучняў і раздалі памятныя аўтографы і нечаканыя пацалункі.

Атмасфера, якая амаль дзве гадзіны панавала ў актавай зале школы, была напраўду казачнай і паэтычнай. Іначай не нарадзіўся б у Эдуарда Акуліна проста падчас сустрэчы “Калядны экспромт”:

Калі прыцісне безграшоўе,
Хвароба, горыч боль і скруха,
Вяртайся ў роднае Засоўе,
Каб акрыяць крывіцкім духам!

Напрыканцы было вырашана зрабіць урокі жывой паэзіі ў Засоўеўскай школе традыцыйнымі. На наступную сутрэчу госці паабяцалі завітаць у Засоўе разам з Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам.

На фота:
1.Па аўтограф да Леаніда Дранько-Майсюка.
2.Падчас выступлення ў Акалоўскай СШ.

Тэгі: