На краму Symbal.by падаюць у суд

У сваім фэйсбуку, стваральнік symbal.by Павал Белавус піша пра далейшае развіццё падзей вакол крамы. 

symbal.jpg

«Памятаеце я расказваў, што да нас прыйшлі з МНС, а гэта значыць, што нам засталося працаваць некалькі дзён. Я памыляўся, тады 23 чэрвеня, нам заставалася працаваць 1 дзень, мы не паслухаліся, працавалі яшчэ 5 дзён, а цяпер Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях накіраваў у Эканамічны суд Мінска заяву, у якой просіць ужо праз суд прыпыніць дзейнасць нашай кампаніі ў будынку на пр-це Машэрава, 18. Суд адбудзецца 16 ліпеня.

Вось тут падрабязна з усімі дакументамі.

1. 23 чэрвеня (аўторак) МНС накіроўвае ў нашую краму для маніторынга інспектара па ананімнай скарзе, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю. Сфатаграфаваць скаргу нам не далі.

2. У гэты ж дзень, 23 чэрвеня, разумеючы, што нам не дадуць далей працаваць і хутка знойдуць прычыну каб зачыніць, мы абвяшчаем, што працуем да канца тыдня, 28 чэрвеня. Тады ж вечарам прыехаў аўтазак з АМАПам.

3. Тады ж, 23 чэрвеня, інспектар МНС Асташка рыхтуе аналітычную запіску, дзе фіксуе парушэнні ў нашым памяшканні, якія ствараюць небяспеку прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва. Нагадаем, што ў гэты час ужо тыдзень у памяшканні адсутнічала электрычнасць па не залежных ад нас прычынах.

4. І адразу 23 чэрвеня Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях складае прапанову пад нумарам 2 аб спыненні дзейнасці нашай крамы на пр-це Машэрава, 18 і 24-га чэрвеня — зацвярджае.

5. 29 чэрвеня Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях накіраваў у Эканамічны суд г. Мінска заяву, у якой просіць ужо праз суд прыпыніць дзейнасць нашай кампаніі ў будынку на пр-це Машэрава, 18. Суд адбудзецца 16 ліпеня.

6. Да пасяджэння суда мы падрыхтуем усе неабходныя дакументы, каб адстаяць сваё права працаваць у памяшканні на пр-це Машэрава, 18. За тры гады працы ў гэтым памяшканні мы прайшлі некалькі праверак, узгадненняў і выканалі ўсе ранейшыя патрабаванні МНС, якія ўзнікалі да памяшканне, дзе працавала крама, і нараканняў ад іх не мелі.

На дадзены момант ёсць толькі 1 спосаб падтрымаць нашую краму — замовіць і аплаціць праз сайт стыкеры салідарнасці.

PS: 7 ліпеня іду ў Савецкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях каб атрымаць адказ: ці маем мы права працаваць да рашэння суда ці не».