Шосты фестываль народнай творчасці і рамёстваў «Глушанскі хутарок» адбыўся 3 кастрыніка ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам. Фестываль з году ў год набірае абароты. У гэтым годзе ён здзівіў і вялікай колькасцю народу. Прычым, фестываль сабраў не толькі тых, хто прыехаў паглядзець на свята. Было вельмі шмат творчых калектываў, рамеснікаў, вытворцаў сельгаспрадукцыі і нават уладальнікаў аграсядзібаў, якія прадстаўлялі на свяце свае падворкі і абменьваліся вопытам.
З пустымі рукамі са свята сысці практычна немагчыма. Тут ёсць месца і весялосці з танцамі, і народным вячоркамі. Ды і народ настолькі гасцінны, што літаральна на кожным кроку прапаноўваюць скласці кампанію, каб пакаштаваць найсмачнейшыя дранікі, бліны або «гарладзёр» хатняй вытворчасці! Такія мерапрыемствы любяць замежнікі, і, здаецца, у хуткім часе ўбачыць іх у Глушы не складзе цяжкасці. І гэта нядзіўна, бо на фестывалі можна было набыць розныя вырабы народнага промыслу – посцілкі, ручнікі, вышытыя абрусы, сапраўдныя лапці, карціны і мяккую цацку. Дзякуй Богу, кітайскім шырспажывам тут і не пахла. Літаральна на вачах у заінтрыгаванай публікі кераміст Юрый Боўда вырабляў нейкую прыгажосць з гліны. Тут жа ішоў гандаль ўжо гатовымі сувенірамі. Побач прадавалі яблыкі, адборную бульбу і памідор па цэнах, якіх у Бабруйску і не ўбачыш.
Усе дамы культуры і клубы Бабруйскага раёна прадставілі на фестывалі вялікую і яркую канцэртна-забаўляльную праграму, выконвалі ўсе ад душы і без фанаграм. Праляцеў у адно імгненне конкурс прыпевак. Вытанчана, інтэлігентна ўпісаўся ў канву «хутарку» выступ дачкі Алеся Адамовіча. Гэтае свята на яго радзіме ў Глушы пісьменніку, напэўна, б спадабалася …