Аб’ява на дзьвярах былой Галерэі «Ў» сьведчыць, што неўзабаве тут зьявіцца бар пад назвай «Питер» – перадае Радыё Свабода.
Як паведамляла Радыё Свабода, летась у верасьні тэрыторыя ў раёне былога тралейбуснага дэпо на вуліцы Чырвонай была прададзена за 17 мільёнаў рублёў кампаніі-забудоўніку «А-100 Дэвэлапмэнт».
На выкупленым участку плянуецца ўзьвесьці жылы комплекс з аб’ектамі сацыяльна-грамадзкага прызначэньня і падземнымі паркінгамі. Распачатыя ведамасныя ўзгадненьні праектаў і спадарожнай дакумэнтацыі.
На тэрыторыі, прызначанай пад перабудову, сярод іншага падпалі пад знос два знакавыя месцы — Галерэя «Ў» і кнігарня «ЛогвінаЎ». З 2009 году тут быў эпіцэнтар прэзэнтацый, культурных імпрэзаў, продажу кніжак незалежных выдавецтваў.
Пераезд гэтай пляцоўкі ў іншае месца тлумачыўся ў тым ліку і перадвызначанасьцю адрасу. Хоць, прызнаецца арт-дырэктарка Галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава, навіна стала стымулам для росту — маленькі будынак папросту перастаў спраўляцца з попытам на яго.
«Калі зьяжджалі, мы ведалі, што там будзе адкрывацца нешта іншае, — кажа Ганна. — Пра гэта казаў адзін зь людзей, які браўся за гэты праект, праўда, не было яшчэ ні назвы бара, ні канцэпцыі, яны з намі сваімі сакрэтамі не дзяліліся. Пра назву я даведалася абсалютна выпадкова… Так ці інакш, раён будзе забудоўвацца, мабыць, ёсьць людзі больш сьмелыя. Але як з нашага гледзішча, укладаць грошы ў праект, якога хутка ня стане і які даволі дарагі па арэндзе, было ўжо не разумна. Цяпер займаемся пераездам, робім рамонт. І што адбываецца па старым адрасе, мяне, шчыра кажучы, ужо не турбуе».
Раней кіраўнік «А-100 Дэвэлапмэнт» Аляксандар Цэнтэр тлумачыў: паколькі гаворка пра цэнтар гораду, распрацоўка неабходнай дакумэнтацыі запатрабуе сурʼёзных узгадненьняў. Паводле ягоных прагнозаў, на гэта пойдзе сама меней два гады. Выглядае, што цягам гэтага часу камэрсанты яшчэ спадзяюцца зарабіць.
Шчыра кажучы, у нашай краіне ніхто ня можа гарантаваць, што і як будзе адбывацца.
«Шчыра кажучы, у нашай краіне ніхто ня можа гарантаваць, што і як будзе адбывацца, — працягвае суразмоўца. — Тое, што могуць нешта зьнесьці вельмі хутка, усе цудоўна ведаюць. Ці здарыцца гэта ў дачыненьні да тралейбуснага парку? Цяжка сказаць; хутчэй так, чым не. Мяркую, у канцы вясны нейкі рух ужо пачнецца. Людзі, якія адкрываюць гэты бар, таксама ў курсе акалічнасьцяў угоды „А-100“, гэта шырока асьвятлялася ў СМІ. Значыць, ведаюць, якім чынам ня проста ўкласьці грошы ў праект, а таксама пасьпець адбіць іх. Асабіста для мяне гэта вельмі сьмела, паглядзім…»
Як Ганна Чыстасердава ставіцца да таго, што на месцы папулярнай арт-пляцоўкі нацыянальна-культурніцкай арыентацыі пачне працаваць бар?
«Ну, я ж не магу нешта вырашаць за іншых людзей, — парыруе арт-дырэктарка Галерэі „Ў“. — Магчыма, камусьці ў нашым горадзе не хапае „Питера“. Як ужо казала, пакуль я не зусім разумею, якая там будзе канцэпцыя, бо, калі аб’ектыўна, Піцер таксама можа быць розны. Нешта камэнтаваць у гэтым выпадку досыць складана, бо цяпер я стопрацэнтна занятая новым праектам і проста ня маю часу аналізаваць, што адбываецца на месцы былой галерэі».
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» пачала працаваць у кастрычніку 2009 году ў пераабсталяваным будынку колішняга пункту прыёму шклотары.
Неўзабаве яна стала адным з самых атмасфэрных месцаў гораду. За час яе існаваньня тут адбыліся сотні выставаў, прэзэнтацыяў, сустрэчаў з творцамі, а сама галерэя стала арганічнай іміджавай часткай сталіцы.
Адразу пасьля навіны пра знос гаспадары пачалі шукаць альтэрнатыўную пляцоўку. Плянуецца, што сваю дзейнасьць галерэя адновіць на вуліцы Кастрычніцкай.