25 сакавіка і некалькі дзён пасля колькасць узгадванняў Беларусі ў сусветных СМІ рэзка падскочыла. Адбыўся такі рэзкі рост упершыню пасля падзеяў лета-восені 2020. Нават леташняе маштабнае ўварванне войскаў РФ ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі нашай краіны не выклікала столькі цікавасці да Беларусі, як заявы Крамля пра фактычны пачатак перакройкі сістэмы ядравай бяспекі ў Еўропе. Агляд замежных СМІ на тэму размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі зрабіў Аляксей Гайдукевіч.
Анонс размяшчэння тактычнай ядравай зброі на беларускіх складах і разбудову неабходнай інфраструктуры суправаджаўся масаванай інфападтрымкай. У тым ліку і ў заходніх СМІ.
Варта заўважыць, што своеасаблівая артпадрыхтоўка да сёлетніх падзеяў пачалася яшчэ ў 2021–2022. Калі з вуснаў прадстаўнікоў каманднага апарата ў Мінску пачалі гучаць словы аб неабходнасці «ўзнаўлення ядравага парытэту ў Еўропе» за кошт размяшчэння смертаноснай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Вельмі цікава, што першы з часоў халоднай вайны фактычны акт ядравай эскалацыі ў Еўропе выклікаў неадназначную рэакцыю ў свеце — у СМІ і палітычных асяродках. Хаця, на думку некаторых экспертаў, прасоўванне зброі і сродкаў яе дастаўкі да межаў Польшчы (краіны NATO) ёсць узгодненым актам агрэсіі. Ён цалкам упісваецца ў стратэгію ў першую чаргу КНР па ціску на ЗША і Еўропу за кошт павелічэння ядравага патэнцыялу па ўсёй планеце.
У прыватнасці, у артыкуле на сайце японскай інфармацыйнай агенцыі Nikkei адзначаецца: «У мінулым годзе Міністэрства абароны ЗША прагназавала, што да 2035 года Кітай павялічыць свой ядзерны запас да 1500 боегаловак. У іншых ядравых дзяржаваў гэты паказчык застанецца без зменаў. Пекін будзе валодаць 14% усіх боегаловак у свеце супраць 4% зараз, памяншаючы агульную долю ЗША і Расіі да менш чым 80%».
Імкненне да здзяйснення паступовага пашырэння зонаў уплываў Кітаю і ягоных хаўруснікаў у Еўропе можа быць адным з цалкам рацыянальных тлумачэнняў нічым не справакаванага ядравага шантажу. Якім фактычна і з’яўляецца пагроза дзеяннем і ўласна размяшчэнне зброі на тэрыторыі Беларусі.
Напярэдадні новай «гонкі ўзбраенняў»
Аб працах па разбудове інфраструктуры для ядравай зброі каля межаў NATO Крэмль заявіў на другі год пасля буйнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Але эксперты адзначаюць, што ўжо на пачатку стагоддзя РФ агрэсіўна дзейнічала ў сферы ядравай бяспекі:
«Яшчэ ў 1990-я ЗША і краіны NATO ў аднабаковым парадку адклікалі з еўрапейскага кантынента ўсе сродкі дастаўкі нестратэгічнай ядзернай зброі наземнага базавання (напрыклад, тактычныя ракеты), а не пазней за 2013 год — і марскога (ракеты «Тамагаўк»). У Еўропе засталіся толькі тыя, што перавозіліся самалётамі.
У сваю чаргу ў Расіі былі і распрацоўваліся ракеты, якія запускаліся з зямлі і з мора (спачатку сістэма «Точка-У», потым і больш сучасныя «Іскандэры», на моры — «Калібры»). У 1990-я гады Расея і НАТА ўзялі на сябе ўласныя абавязацельствы па скарачэнні тактычнай ядзернай зброі.
Прынамсі каля дзясятка гадоў Расія нарошчвала свой арсенал, у той час як крыху больш за дзесяць гадоў таму ЗША распачалі далейшае добраахвотнае скарачэнне».
Крыніца: ft.com
Такім чынам, можна канстатаваць, што Крэмль аднабакова пайшоў на эскалацыю. Што можа справакаваць не толькі новую «гонку ўзбраенняў» у Еўропе, але таксама выклікаць з’яўленне адразу некалькіх дзяржаваў з атамнай зброяй.
Чытайце па тэме: Постпраўда атамнай вайны
Аб гэтым можа сведчыць хаця б рэакцыя Бразіліі падчас разгляду пытання магчымага размяшчэння зброі РФ у Беларусі ў ААН.
Прадстаўнік лацінаамерыканскай краіны падкрэсліў, відавочна змяшчаючы ўвагу з факту агрэсіўных дзеянняў РФ:
«Прадстаўнік Бразіліі выказаў меркаванне аб тым, што рашэнні Канферэнцыі па разглядзе Дамовы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі 2020 года не выконваюцца.
Усе дзяржавы, якія валодаюць ядравай зброяй, працягваюць мадэрнізаваць свае арсеналы альбо колькасна, альбо якасна.
Бразілія доўгі час сцвярджала, што любыя новыя згоды аб размяшчэнні ядравай зброі супярэчаць дамоўленасцям. У тым ліку паміж саюзнікамі па NATO».
Такім чынам, бразільскі дыпламат прадэманстраваў траекторыю, якой могуць карыстацца і іншыя краіны. Фактычна прадстаўляючы любы, нават не зусім аб’ектыўны факт, для апраўдання распаўсюду ядравай зброі на планеце.
І размова можа весціся неабавязкова пра Бразілію, якая фармальна спыніла вайсковыя ядравыя распрацоўкі ў 1990-м, але вядзе працу па пабудове атамнага падводнага чоўна.
У першую чаргу сітуацыя можа змяніцца на Блізкім Усходзе. Дзе суседзі Ірана, які некалькі дзесяцігоддзяў намагаецца атрымаць тэхналогію ядравага ўзбраення, ужо выказвалі пазіцыю на карысць неабходнасці гіпатэтычнага адказу на дзеянні Тэгерана.
Напрыклад, у мінулым годзе міністр замежных справаў Саудаўскай Аравіі на пытанне аб магчымай рэакцыі кіраўніцтва ягонай краіны (з 3-м абаронным бюджэтам у свеце) на верагодны прагрэс Ірана ў ядравых распрацоўках адказаў на ўсходні манер: «Калі Іран атрымае ядравую зброю, мы зробім сваю стаўку».
«Кімізацыя» Беларусі і грамадства
Афіцыйныя ўлады Польшчы пакуль не агучваюць думкі, якія ўжо не першы год трапляюць час ад часу ў польскі палітыкум. Відавочна, адлюстроўваючы сацыяльны запыт у краіне.
Толькі некалькі дэпутатаў з розных бакоў спектра разам з пачаткам новай фазы вайны ва Украіне выказваліся аб неабходнасці атрымання Варшавай ядравага арсеналу.
Пакуль што з нашага рэгіёна Еўропы толькі латвійскі кіраўнік МЗС фактычна агучыў амерыканскую пазіцыю, якая дамінуе ў СМІ і сярод экспертаў:
«NATO не варта «залішне рэагаваць» на планы Расіі размясціць тактычную ядравую зброю ў Беларусі.
Ядравая зброя РФ ўжо размешчана ў Калінінградзе, каля нашых межаў, яшчэ да пачатку ўварвання ў Крым у 2014 годзе.
Міністр падкрэсліў, што лічыць Беларусь не суверэннай дзяржавай, а «часткай расійскай ваеннай акругі»».
На думку спецыялістаў, на сённяшні момант ЗША мае намеры дэ-юрэ прытрымлівацца дамоваў аб нераспаўсюдзе ядравай зброі ў «новых краінах» NATO. Але ў польскіх профільных СМІ ужо гучаць прапановы не чакаць эскалацыі «гонкі ўзбраенняў» у паўночнакарэйскім (аднабаковым) стылі на ўсходзе Еўропы.
Для гэтага прапануецца распаўсюд сістэмы Сумеснай ядравай місіі NATO на краіны Усходняй і Паўночнай Еўропы. Гэта значыць размяшчэнне авіяцыйных атамных бомбаў на складах, падкантрольных ЗША, якія ў выпадку агрэсіі могуць быць перададзеныя вайсковай авіяцыі ўсходнееўрапейскіх ці паўночнаеўрапейскіх краінаў. На сённяшні момант у сістэму ўваходзяць склады ў Бельгіі, Нідэрландах, Нямеччыне і Турэччыне.
Таксама польскія эксперты падкрэсліваюць:
«Дадаткова неабходна ўжо зараз адпаведна загрозам адаптаваць іншыя элементы абароны. Выведку, спадарожнікавае назіранне (для атрымання ранняга папярэджання), супрацьпаветраную абарону (для ўскладнення ўдараў) і звычайныя ўдарныя ракетныя сістэмы. Таксама было б мэтазгодна разгледзець павышэнне ўстойлівасці да наступстваў магчымых удараў (грамадзянская абарона), асабліва ў бліжэйшых да Беларусі краінах».
Цалкам верагодна, што падобнага меркавання прытрымліваецца значная частка польскіх элітаў, а не толькі аўтар публікацыі. Бо Польшча ўжо зараз робіць апошнія крокі да павялічэння жывой сілы войска да найбольшай у Еўропе. І такім чынам, ужо ў блізкай будучыні можа трансфармавацца да ўзроўню, калі зможа дыктаваць умовы і не азірацца на пазіцыю амерыканскіх ці брытанскіх саюзнікаў. Дзейнічаць з дамінантнай пазіцыі, каб не дапускаць пагрозаў з боку ерапейскай Паўночнай Карэі, якую ўсё больш нагадвае камандны апарат у Беларусі.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org