27 лістапада 2011 года (нядзеля) МГА “Гісторыка” ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” запрашаюць вас у незвычайнае падарожжа! Гэтым разам мы не будзем да самай поўначы ганяцца за архітэктурнымі помнікамі, а прысвецім вандроўку аднаму месцу — вёсцы Празарокі, што ў Глыбоцкім раёне. Вёска як вёска, якіх шмат у Беларусі. А з пэўнага часу — нават аграгарадок. Але, як і кожная вёска — якіх, нагадваем, шмат у Беларусі, — мае сваю багатую на падзеі гісторыю. А каб ацаніць смак гэтай гісторыі, што дасць фору каліфарнійскай Санта-Барбары, трэба прыпыніць свой крок і зазірнуць углыб. Што мы вам сёння і прапануем!
Такім чынам, наш кароткі доўгі маршрут: Мінск — Празарокі — Чарневічы — Гінькава — Мінск. А ў праграме падарожжа чакаюцца:
1) гісторыя Празарокаў (летапісны пачатак, гісторыя ўладальнікаў, касцёл Небаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Петрапаўлаўская царква, помнік Ігнату Буйніцкаму, Альгердаў шлях, старыя могілкі (не будем мы Гісторыкай, як не зойдзем!), рэшткі старой местачковай забудовы);
2) мясцовая школа як цэнтр краязнаўчага жыцця (хол “Краіна Празораў”, музей Ігната Буйніцкага, шчырая гасціннасць і забаўляльная праграма — народныя танцы з рэпертуару трупы Буйніцкага і Празароцкага краю);
3) пачастунак у карчме “У Ігната” — абед “Празароцкія прысмакі”;
4) крыніца святога Яна ў в.Чарневічы (бяром з сабою тару!).
5) пошук цмока і падземнага лазу ля возера Гінькава.
Выезд: 27.11.2011 у 7:00 раніцы з Мінска.
Калі ласка, пра сваё жаданне паехаць паведаміце Кірылу: +375 29 761-07-94.