12 студзеня у выставачнай зале Палаца мастацтва адбылася прэзентацыя творчага праекта “Нам засталася спадчына…”.
На выстаўке сабраныя працы з трох творчых плэнераў, якія прайшлі ў 2010 годзе ў розных мястэчках Беларусі. Яна падсумоўвае творчыя вынікі плэнераў, прысвечаных тром выбітным асобам канца 18—першай паловы 19 ст. – Івану Хруцкаму, Яну Дамелю і Яну Лапацінскаму.
Выстаўка заслугоўвае ўвагі грамадскасці, не столькі ў сувязі з прадстаўленымі на ёй творамі, колькі з самой ідэяй, закладзенай у гэты праект. Па словах арганізатараў “зварот да імёнаў некалі вядомых нашых землякоў, а на сёння амаль забытых, з’яўляецца данінай удзячнасці сваім продкам за іх высакародную дзейнасць. Спадзяемся, што гэтая мастацкая акцыя паслужыць справе ўмацавання сацыяльна-гістарычнай памяці народа і дзейсным сродкам выхавання нацыянальна-патрыятычных і грамадзянскіх перакананняў нашых суайчыннікаў.”
Алесь Родзін, фрагмент карціны “Адліга”
Хто такі Іван Хруцкі (1810—1885) павінна быць вядома кожнаму беларусу. Гэта мастак, адзін з немногіх, які займеў тытул акадэміка Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, пасля чаго вярнуўся да сябе на радзіму ў маёнтак у Захарнiчах, недалёка ад Полацка, – жыць і працаваць. Яго творчасць паспрыяла развiццю нацюрморта ў Расiйскай iмперыi. А ў мінулым годзе ЮНЕСКА ўнесла яго імя і дзень нараджэння ў спiс памятных дат.
Віктар Крук “Полацкая восень Івана Хруцкага”
Ян Дамель (1780—1840), мастак-патрыёт, сын палкоўніка саксонскіх войскаў, аўтар гістарычных твораў “Вызваленне Касцюшкі з цямніцы” і “Адступленне французаў праз Вільню”.
Мікалай Мішчанка “Восеньскія далі”, Мікалай Таранда “Апошні прамень”
Зусім забыты сёня Ян Лапацінскі (1747 – 1810). Ён займаў высокія адміністрацыйныя пасады, быў маршалкам Мсціслаўля, яго паважала літвінская шляхта. Акрамя гэтага ён быў творчай асобай, займаўся гравіраваннем, малюнкам, дробнай скульптурай, быў мецэнатам мастацтва і калекцыянерам. Апошні перыяд жыцця Ян Лапацінскі правёў у сваім маёнтку ў Шаркаўшчыне, дзе праходзіў адзін з пленераў.
Вёска Сар’я належыла магнацкаму роду Сапегаў, але ў сярэдзіне XVIII ст. яна была выкуплена Лапацінскімі. Ад іх застаўся цудоўны помнік архітэктуры Сар’янскі храм.
Віктар Крук “Царква Лапацінскага”
На выставе прадстаўлены работы творцаў маладога і сталага пакаленняў, якія пабывалі на плэнерах і паспрабавалі ў сваіх творах нейкім чынам раскрыць тэму жыцця і творчасці выбітных дзеячаў. Сярод аўтараў Васіль Касцючэнка, Сяргей Пісарэнка, Уладзімір Рынкевіч, Алег Скавародка, Мікалай Таранда ды іншыя.