Наста Дашкевіч: «Разрываецца маё сэрца за Змітра, праз усе ягоныя пакуты, праз слёзы дзяцей, якія яго чакалі...»

20 ліпеня адзначае дзень народзінаў Зміцер Дашкевіч. Ён мусіў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Летась Змітру прызначылі 1,5 года калоніі, а Насце — 3 гады «хатняй хіміі».


Сям'я ДашкевічаўНаста і Зміцер Дашкевічы. Фота: Facebook

«20 ліпеня — напэўна, адзін з улюбёных дзён у годзе для мяне. Бо ў гэты дзень нарадзіўся самы любячы муж і бацька чатырох дзетак. Ва ўсіх апошніх лістах, Зміцер пакутуе на думку, колькі ўсяго звязанага з дзецьмі ён прапусціць, колькі любові ад іх не атрымае і колькі сваёй ім не аддасі... За 16 месяцаў ягонага зняволення я атрымала сотні лістоў поўныя любові, пяшчоты, болю і Божага Слова. Кожны з дзетак атрымоўваў свае лісты. Давід, можна сказаць, па лістах таты з турмы, вучыўся пісаць і чытаць... — піша Наста Дашкевіч 20 ліпеня. — Разрываецца маё сэрца за Змітра, праз усе ягоныя пакуты. Разрываецца сэрца праз слёзы дзяцей, якія чакалі тату, ужо збіраліся вешаць гірлянды і шарыкі, а я пакутліва падбірала словы, як сказаць ім, што тата не прыйдзе».

«Каб жа ж я ведала, як яму можна дапамагчы — аддала б усё, каб дапамагчы і ні разу б не вагалася. Бо чалавек — заўжды каштоўнасць. А родны чалавечак — найвялікшая каштоўнасць. А мой муж — для мяне цэлы сусвет. З днём народзінаў, каханы! Адзінае, што магу зрабіць для цябе ў гэты дзень — гэта пост і малітва. Таго ж прашу і для яго ў сяброў — узгадайце ў малітвах», — кажа Наста Дашкевіч.

Палітвязня, былога лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча можна павіншаваць, даслаўшы бандэроль, паштоўку альбо грашовы перавод на адрас: горад Жодзіна, вул. Савецкая 22А, Турма N8, 222160, Зміцер Вячаслававіч Дашкевіч.