Наста Кудасава: «Хачу, каб мая будучая кніга давала веру ў тое, што дабрыні ў свеце ўсё ж такі больш»

Наста Кудасава ўжо чатыры гады жыве ў эміграцыі. За гэты час у яе выйшлі тры кнігі і рыхтуецца да выдання чацвёртая, а ў найбліжэйшы час паэтка едзе ў вялікі тур па Еўропе. Паразмаўлялі з Настай пра новую кнігу, пераклады з удмурцкай мовы, тэрапеўтычную сілу паэтычнага слова, а таксама пра тое, як яе паэзія прайшла шлях ад тонкага «невымаўля» да грамадзянскай вымоўнасці.

Nasta KudasavaНаста Кудасава. Фота Антона Туркова

— Наста, калі да Вас першы раз прыйшло разуменне, што Вы паэт?

— Калі? Шчыра сказаць, гэта была, напэўна, самая складаная рэч — прызнацца самой сабе, што я паэт. 

Я пісала вершы ўсё жыццё, але назваць сябе паэтам — гэта было неяк пафасна, я саромелася так казаць.

Для мяне пісьменнікі і паэты заўсёды былі асаблівымі, высокімі, такімі далёкімі ад мяне людзьмі, небажыхарамі, да якіх я не мела ніякага дачынення. Адчувала сябе проста дзяўчынкай, якая піша вершы. І нават калі выйшла мая першая кніга, я не думала, што я паэт.

Напэўна, упершыню ўсвядоміла сябе паэтам, калі прачытала крытычны водгук Леаніда Галубовіча на маю першую кнігу «Лісце маіх рук». Спадар Леанід быў для мяне вялікім аўтарытэтам. І я памятаю, мне стала так сорамна і так дзіўна, што настолькі важны чалавек прачытаў маю кнігу і напісаў на яе рэцэнзію. З таго часу я пачала больш сур’ёзна ставіцца да творчасці.

— У чым, на вашу думку, сутнасць паэзіі?

— Паэзія — гэта асалода, якую адчувае як чытач, так і пісьменнік. Для паэта задавальненне ўкласці ў адзін радок тое, пра што можна зняць цэлы фільм.

Таксама паэзія мае тэрапеўтычную ролю, бо не раз я чула ад людзей нешта кшталту: «Табе, Наста, пашанцавала, што ты можаш асабістыя рэчы выказаць словамі, бо я адчуваю, а выказаць гэтага не магу».

То-бок чалавек чытае верш, і яму робіцца лягчэй, бо паэт назваў, агучыў тое, што чытач перажывае. Паэзія — гэта неўміручае мастацтва, бо гэта пераважна кароткія, трапныя тэксты.. Кароткі выдых, неабходны менавіта ў пэўны момант: чытаеш верш — і робіцца лягчэй.

— Ці змянілася паэтычнае мастацтва за апошнія гады?

— Калі глядзець у кароткай перспектыве, то нібыта паэзія змяняецца — зараз, напрыклад, вершы становяцца больш свабоднымі. У наш час гэта асабліва заўважна на прыкладзе еўрапейскай паэзіі, апошняе стагоддзе ўсё большую папулярнасць набірае верлібр. Але я недарма сказала пра кароткую перспектыву, бо калі наш вымер — стагоддзі, мне здаецца, сутнасць паэзіі не вельмі змяняецца, бо яе асноўная мэта — коратка, поўна і ёміста выказаць пэўную думку, і невытлумачальна прыгожа. А гэта застаецца нязменным.

— Ці сучасная моладзь у час гаджэтаў і сацсетак цікавіцца паэзіяй?

— Я не магу глабальна ацаніць, які працэнт маладых людзей цікавіцца паэзіяй, але такія людзі ёсць, я іх бачу вакол. Калі я вучылася ў школе, такіх, як я, аматараў чытаць вершы, таксама ж было не шмат. І цяпер такіх не большасць. Так, у свеце з’явіліся гаджэты, інтэрнэт, але людзі не перасталі быць адзінокімі, часам такое адчуванне, што, маючы гэта ўсё, адзіноты ў свеце стала яшчэ больш. 

Нязменным засталося тое, што чалавеку, у тым ліку і маладому, патрэбны чалавек і сапраўдныя, жывыя стасункі, «намацвальныя», а не віртуальныя. Гэта датычыцца і літаратуры — я веру, што і кнігі папяровыя будуць жыць, таму што камусьці заўжды будзе неабходна трымаць у руках кнігу, гартаць старонкі, чытаць вершы, гэта неабходна людзям, і гэтага нішто не заменіць.

Nasta Kudasava
Наста Кудасава. Фота з яе асабістага архіва

— Ці можа верш унутрана змяніць чалавека?

— Мяне змянялі вершы. Часам адзін моцны радок можа стаць жыццёвым крэда для чалавека, зрабіцца маяком, які будзе яго падтрымліваць у складаныя хвіліны.

Таму, канешне, можа.

— А што сёння больш складана — напісаць добры верш або знайсці чытача, які яго прачытае?

— Мне, безумоўна, складаней напісаць добры верш. Знайсці чалавека, які яго прачытае, — не праблема. У мяне, напрыклад, хапае чытачоў, і я не маю такой праблемы, што пішу і адчуваю — гэтага ніхто чытаць не будзе, гэта нікому не патрэбна, наадварот. У гэтым плане я вельмі ўдзячная беларусам за тое, што яны такія актыўныя, чулыя, цікаўныя чытачы.

— Ці думаеце вы пра чытача, калі ствараеце верш?

— Часам такое здараецца, што я думаю пра чытача, уяўляю, як хтосьці гэты верш прачытае, ці зразумее, ці не зразумее ён, што я хацела сказаць.

Але мне здаецца, гэта ўсё ж такі крыху заганна — думаць пра чытача. Таму што, калі ты пішаш верш, трэба быць максімальна шчырым. Паэту лепей адкінуць думкі пра патэнцыйных рэцыпіентаў. Іначай можна проста пачаць падладжвацца пад чытача і думаць, чаго ад цябе чакаюць. А гэта небяспечна.

Лічу, у паэзіі важна захаваць незалежнасць, непасрэднасць, праўдзівасць і пісаць так, як гэты верш просіцца, ні пра кога не думаючы, не спрабуючы дагадзіць. Таму што паэтычны тэкст — гэта як тваё асабістае сумоўе з Богам, і нават калі станецца так, што чытача не будзе, галоўнае, каб гэты тэкст быў — гэта як малітва, якую ты прамаўляеш, і свет мяняецца. І, у прынцыпе, не важна, колькі людзей гэты тэкст прачытае, паэзія працуе іначай. Гэта фізічная сіла, якая нешта робіць са светам.

— Ці ёсць у вас кніга, якая падзяліла вашу творчасць на да і пасля?

— Ёсць. Гэта кніга «Маё невымаўля». Яна вельмі моцна падзяліла маю творчасць, маё жыццё. Пасля выдання гэтай кнігі ў мяне змянілася ўспрыманне мовы, сфарміравалася асабістае месца ў літаратуры. Для мяне было вельмі нечакана, што гэта кніга атрымала ўзнагароду «Кніга году» і што пра яе так шмат гаварылі.

— А ці сёння гэтага «невымаўля» ў вашым жыцці стала больш ці менш?

— Цяжка сказаць. Калі раней у паэзіі мяне цікавілі больш тонкія невымоўныя рэчы, то, канешне, пасля 2020 года, пасля таго, як вайна пачалася, — усе гэтыя падзеі паспрыялі таму, што мова маіх твораў змянілася — яна стала больш простая і вымоўная. Трэба было артыкуляваць канкрэтныя рэчы, і мая паэзія з такой герметычнай, засяроджанай на ўнутраным, стала паэзіяй грамадзянскай. Я не планавала так пісаць, я хацела б заставацца з маім невымаўлём, у гэтым сваім такім тонкім, далікатным, троху рамантычным свеце, але час патрабаваў іншых тэкстаў. Тым не менш сёння я адчуваю, што я паступова вяртаюся да свайго невымаўля. Лічу, што, нягледзячы ні на што, для мяне сёння важна не згубіць гэты свой камертон.

Nasta Kudasava
Наста Кудасава. Фота з яе асабістага архіва

— Ці адчуваеце вы, што беларуская мова ў паэзіі і ў жыцці беларускага грамадства гучыць іначай, чым дзесяць гадоў таму?

— Я чатыры гады жыву ў эміграцыі, і я тут чую вельмі шмат беларускай мовы, напрыклад, калі я жыла ў Беларусі, я не чула там столькі беларускай мовы, колькі чую тут. Маю на ўвазе жывую мову — каб людзі гаварылі на ёй, чыталі, карысталіся ёй штодня. 

У мяне такое адчуванне, што апошнім часам беларуская мова стала больш запатрабаваная. Мова — гэта наш скарб, які трэба бараніць, менавіта тое, што робіць нас народам. Асабліва зараз, калі так шмат беларусаў раскідана па розных краінах, ёсць такое адчуванне, што беларускай мовы стала значна больш. Зараз вялікая патрэба ў захаванні мовы паўстала, бо калі ты ў чужой краіне — як ты захаваеш ідэнтычнасць — толькі праз мову, таму, напэўна, беларусы так больш ахайна апошнім часам пачалі ставіцца да сваёй мовы.

— Наста, вы перакладалі з удмурцкай мовы, ці маглі б распавесці пра гэты досвед у сваім жыцці?

— На той момант, калі я пачынала вучыць удмурцкую мову, гэта быў мой такі ўласны пратэст супраць каланіяльнага свету. Мне хацелася падтрымаць маленькую мову, якая па сутнасці памірае. Я пачала яе вучыць пасля таго, як прачытала навіну пра тое, што ўдмурцкі актывіст Альберт Разін спаліў сябе перад домам урада ў Іжэўску ў знак пратэсту і ў абарону ўдмурцкай мовы, пасля таго, як у Расійскай Федэрацыі выйшаў закон, што вывучэнне нацыянальных моў не абавязковае ў школах. 

Відавочна, што для мовы гэта шлях памірання. Пры тым, нягледзячы на тое, што ўдмурцкая мова мае статус дзяржаўнай, яе носьбітаў засталося зусім не шмат. Я знайшла вялікую колькасць паралеляў з Беларуссю. Наша краіна атрымала незалежнасць пасля распаду Саюза, а многія народы засталіся ў складзе Расіі, нам пашанцавала болей.

І тое, што я пачала перакладаць з удмурцкай, — гэта быў такі асабісты крок, каб паказаць свету, што Расія — гэта не толькі рускія. У гэтай краіне дзве сотні моў, і многія ў сваіх рэспубліках маюць статус дзяржаўных.

Я раней гэтага не заўважала неяк. Часам падаецца, свету зручна менавіта так бачыць Расію, свет не хоча заўважаць, што ў гэтай краіне жывуць іншыя народы, якія ствараюць сваю ўласную культуру, літаратуру, якая, на вялікі жаль, не выходзіць за межы сваіх маленькіх супольнасцяў і часта ёсць пагарджаная і не ўспрымаецца светам сур’ёзна.

У мяне быў амбіцыйны план выдаць маю ўласную анталогію ўдмурцкай паэзіі. Мне хацелася паказаць, якая яна ёсць, гэтая літаратура, не горшая за іншыя. Я не адмовілася ад гэтай ідэі, але пакуль што, на вялікі жаль, не маю ўмоў для рэалізацыі гэтага плану і працягу перакладу.

— Наста, як пераезд у іншую краіну змяніў вашыя адносіны з творчасцю, словам і чытачом? Ці адрозніваецца паэтычнае жыццё ў эміграцыі ад таго, якім яно было ў Беларусі?

— У Беларусі я жыла даволі бедна — раз на год магла выехаць на Стральцоўскі паэтычны фестываль, і гэта было для мяне вялікае шчасце, трапіць у Мінск, пабачыць блізкіх людзей, знаёмых, пагаварыць па-беларуску, паслухаць вершы, і як бы на гэтым усё. А ўвесь астатні час я знаходзілася ва ўнутранай эміграцыі, у сваім прыватным маленькім свеце, маленькага горада, маленькага чалавека. Мой сын цяжка хварэў з дзяцінства, і я, мабыць, проста замкнулася ва ўласным горы, нічога не чакаючы ад жыцця.

Пасля адбыўся пераезд у іншую краіну і, калі казаць пра саму творчасць, пра гэтыя глыбінныя ўнутраныя працэсы, то жыццё ў эміграцыі ніяк не паўплывала на гэта — я не перастала быць паэтам, не стала іначай успрымаць свет, то-бок мае адносіны са словам, яны засталіся такія ж, якімі былі. Хутчэй, маё жыццё змянілася ў сацыяльным плане — мне стала прасцей выдаць кніжку, мне стала прасцей паехаць выступаць кудысьці, сустракацца з чытачамі. Ды і дзеці ўжо выраслі. На верасень, напрыклад, у мяне ўжо запланаваны вялікі тур па Еўропе, я паеду ў розныя краіны, да беларусаў, з прэзентацыяй кнігі «Лірыка», што пабачыла свет сёлета.

Afiša

За час эміграцыі ў мяне ўжо тры кніжкі выйшлі, і чацвёртую мы рыхтуем да выдання. У Беларусі ў мяне, на жаль, не было такой опцыі. Хаця ў Беларусі мне пісалася больш арганічна і лёгка, бо гэта мая родная зямля, у Беларусі быў нейкі тыл, дом, родныя. А тут трэба няспынна змагацца за выжыванне, бо тут ты адзін — таму часу на напісанне вершаў у эміграцыі значна менш. Шмат вершаў зараз, на жаль, застаюцца ў чарнавіках. То-бок усюды ёсць і плюсы, і мінусы, але таксама ўсюды ёсць жыццё, якое трэба жыць. Таму факт эміграцыі я ўжо ўспрымаю спакойна, разумеючы, што паўсюль свае маленькія радасці. Жыццё ж не перарвалася з пераездам, проста перацякло ў нейкую іншую форму.

— Раскажыце пра выданне сваёй новай кнігі, якой яна будзе?

— Гэта будзе кніга маіх новых вершаў, якія напісаліся за ўсе гэтыя гады, прычым там будуць і вершы, якія былі напісаны ў Рагачове, бо так атрымалася, што калі выходзіла кніга «Побач», туды ўвайшлі не ўсе мае тагачасныя вершы, як мне хацелася. Пасля, калі выходзіла кніга «Я працягваю», там таксама была абмежаваная колькасць старонак і трэба было адабраць пэўную колькасць твораў. То-бок і вершы, якія засталіся з Беларусі, і вершы, якія напісаліся за гэтыя чатыры гады эміграцыі — гэта і будзе мая новая кніга. Я маю задумку і назву і спадзяюся яе выдаць да наступнага Стральцоўскага фестывалю.

Але якой яна будзе цалкам, я пакуль сказаць не магу, адно ведаю: мне вельмі хацелася б, каб яна атрымалася цёплай і ў ёй было больш любові.

Таму што пісаліся розныя тэксты за гэты час, вельмі шмат было роспачы, злосці ў сувязі з тым, што адбываецца ў свеце, але, нягледзячы на ўсе гэтыя пачуцці, хочацца, каб у выніку засталіся любоў і святло. Хачу, каб мая будучая кніга давала веру ў тое, што дабрыні ў свеце ўсё ж такі больш, а яе і павінна быць больш.

— Якіх сучасных беларускіх аўтараў вы хацелі б, каб адкрылі для сябе беларусы?

— Гэта можа быць вельмі доўгі спіс. Ёсць шмат беларускіх паэтаў, якія мне падабаюцца. Адна з найлепшых сучасных беларускіх паэтак — Вольга Гронская, у яе была выдадзена кніга, здаецца, але даўно. Таму мне вельмі хацелася б, каб яна выдала наступную кнігу. Хацелася б, каб пра Вольгу гаварылі, таму што, на жаль, так атрымліваецца, што калі ты выдаеш кнігі, выступаеш на фестывалях — ты ёсць як паэт, а калі ты нідзе не з’яўляешся і пішаш выключна ў Фэйсбуку, цябе мала ведаюць, ты нібы выпаў з літаратурнага жыцця. І хаця папулярнасць вельмі ўмоўна карэлюе з якасцю, усё ж такі справядліва было б, каб пра добрых аўтараў гаварылі болей. Таму мне вельмі хацелася б, каб людзі больш чыталі такую аўтарку, як Вольга Гронская. 

Таксама прагну, каб беларусы больш чыталі Марыю Вайцяшонак, напрыклад. Альбо Сяргея Прылуцкага. У мяне ёсць любімыя рускамоўныя паэты Беларусі, такія як Ліна Казакова і Вольга Злотнікава. Я іх увесь час у Фэйсбуку чытаю, і гэта цудоўныя тэксты, у іх выходзяць цудоўныя кнігі.

Хачу, каб беларусы не дзяліліся на сваіх і чужых. Безумоўна, беларуская нацыянальная літаратура, яна беларускамоўная ў першую чаргу, і вельмі часта тыя, хто піша на іншай мове, застаюцца за бортам, мы пра іх мала гаворым і мала ведаем, але ж гэта людзі, якія пішуць пра Беларусь таксама.

Можа, слова «адкрыць» не зусім пасуе пералічаным паэтам, бо яны ні для каго не закрытыя, яны даўно ёсць. Але часам я адчуваю недахоп справядлівай увагі да некаторых аўтараў, магчыма, гэта ўсё элементарна праз брак нармальна арганізаванага культурнага жыцця, якое ў нас магло б быць, калі б мы мелі сваю нармальную дзяржаву.

— У трох словах, Наста, што для вас паэзія?

— Слова. Маўчанне. Любоў.

Наста Пабягунская, Budzma.org