Ці лёгка быць паэткай, захапляцца Цвятаевай і мець шмат хатніх клопатаў? Мацярынства і творчасць: ці гэта сумяшчальныя рэчы? Тым больш, як ты жывеш у невялікім, не абласным нават горадзе. «Свободные новости» пагаварылі пра гэта з Настай Кудасавай — беларускай паэткай з Рагачова. Яна аўтарка чатырох зборнікаў, лаўрэатка прэстыжных нацыянальных конкурсаў.
Фота Алены Казловай
— Пачнем з дзяцей?
— Іх двое, Маша і Ягор. Сыну зараз 13 гадоў, а дачцэ 10. Мы жывем у Рагачове, тут яны ходзяць у школу. Ягор нарадзіўся, калі мне было 24 гады. Я тады скончыла ўніверсытэт, магістратуру, і ён з’явіўся: амаль не паспела нідзе папрацаваць, адразу трапіла ў статус маці. Ягор асабліва нічым не займаецца, акрамя школы, бо яму не надта дазваляе здароўе. А Маша кожны дзень ходзіць маляваць у школу мастацтваў.
— Ці ты адчуваеш розніцу паміж сваім дзяцінствам і дзяцінствам Ягора і Машы, у чым яна?
— Ведаеш, я цяпер часта лаўлю сябе на думцы, калі гляджу на дзяцей, што практычна не памятаю свайго маленства. Гэта, напэўна, прыкмета шчасця. Не адклалася нейкіх псіхатраўм. У мяне да 10 гадоў толькі некалькі моцных успамінаў. Напрыклад, як мы — ездзілі з бацькамі на мора кудысьці пад Сочы —вельмі экзатычна: запомніліся нейкія дзівосныя дрэвы, вялізныя павукі.
Калі мне было 10 гадоў, памёр бацька. Смерць стала самым моцным ўражаннем і, бадай, адзіным яскравым успамінам дзяцінства.
Больш-менш сябе памятаю ўжо ў падлеткавым узросце, калі пачаўся перыяд унутранага пратэсту, адзіноты, паэзіі — гадоў у 12-13. Мне вельмі падабалася быць адной, гуляць на прыродзе, прыдумляць нейкія песні і вершы або сядзець дома за пісьмовым сталом і перапісваць у сшыткі ўлюбёныя творы.
Думаю, мы вельмі розныя з маімі дзецьмі, таму што маленькаю я ўвесь час заставалася сама па сабе. Бацькі працавалі шмат, былі занятыя спробамі выжыць, як і ўсе тады, у 90-я. Аднагодкі мае жылі або вулічным жыццём, або, як я, у сваім унутраным свеце з кніжкамі, творчасцю.
Мы ж цяпер можам сабе дазволіць жыць больш-менш сыта і вольна, таму шмат часу на дзяцей. І мае дзеці вельмі прывязаныя да нас. Мы для іх найлепшыя сябры. Прынамсі, пакуль што. Нават даецца, у іх практычна няма сяброў, акрамя нас. Не ведаю, ці гэта добра, ці дрэнна ў выхаваўчым плане, і як яно будзе далей, але тут іншая, чым у мяне з бацькамі, форма стасункаў. Часам мне і хочацца, каб дзеці былі больш самастойнымі, загартаванымі, каб мелі свае сакрэты. А з іншага боку добра, што яны не на вуліцы шукаюць спагаду і паразуменне, а маюць іх дома.
Шчыра кажучы, мне ў дзяцінстве не хапала такога. У нас з бацькамі былі добрыя стасункі, але не сяброўства. Проста добрае сужыцельства. Я ім нічога асабліва не давярала, не расказвала. Усе сакрэцікі абмяркоўвала з сябрамі або хавала ў сабе.
Тата працаваў тут, у рагачоўскім выканкаме, эканамістам. Памёр вельмі рана, калі яму было 32 гады. А маці ўвесь час, да сёння, у дзіцячым садку. Выкладае фізічнае выхаванне.
— А ты памятаеш, калі напісала свой першы верш?
— У першым класе: творчае заданне. На рускай мове, скласці яго дапамагалі бацькі. Гэта была несвядомая спроба, але памятаю, што мяне зацікавіла сама праца з моваю.
Таксама памятаю, што тады вельмі любіла чытаць. Пачала недзе з трох ці чатырох гадоў. Тады гэта было адзінае вакно ў сусвет. Цяпер дзеці мала чытаюць, але я разумею, што ў іх ёсць інтэрнэт, камп’ютар, а я тады проста хадзіла ў бібліятэку. Чытанне было адзіным сродкам развівацца, падтрымліваць уласную адукацыю. Мабыць, адтуль у мяне любоў да кніг, да мовы.
А ўжо гадоў у 13 я пачала пісаць запоем. Нядаўна знайшла ў сябе некалькі нумароў «Нашай Нівы» з маімі першымі публікацыямі. Рэдакцыя ўпершыню апублікавалі іх, калі я вучылася ў 9 класе. Але тое былі слабыя вершы, яны больш нідзе не друкаваліся пасля... І ўсё ж для мяне тады гэта былі істотныя пачатковыя крокі, я зразумела, што ёсць куды расці.
Насамрэч не саромеюся тых першых, слабых, твораў, хаця мне і не хацелася б выцягваць іх у людзі зараз. Мала хто нараджаецца адразу вялікім аўтарам, кожны праходзіць шлях удасканальвання. Бываюць, канечне, выпадкі, калі прыходзяць на зямлю адразу геніямі. Напрыклад, Ігар Паглазаў, які ў 13 гадоў пісаў неймаверна сталыя вершы. Але гэта адзінкавыя выпадкі ў чалавечай гісторыі. Немагчыма, каб кожнаму давалася такая геніяльнасць. Таму трэба над сабою працаваць, развівацца, сталець.
— У тваіх дзяцей абое бацькоў творчых прафесій. Як гэта ўплывае на захапленні Машы і Ягора? Кім яны хочуць стаць, калі вырастуць?
— Дзіцячыя захапленні ўвесь час мяняюцца... Пакуль што Ягор і Маша моцна захопленыя мастацтвам, бо іх тата — мастак, і яны вельмі хочуць быць да яго падобнымі.
Пра філілагічную сферу сказаць пакуль няма чаго, не ведаю, ці ім генетычна нешта перадалося. І ці ўвогуле паэтычны талент можа перадавацца. Прынамсі, бачу, што ў Ягора ёсць добрае пачуццё мовы, але ці зробіць гэта яго аднойчы паэтам, не бяруся меркаваць.
Я не жадаю, каб дзеці імкнуліся быць падобнымі да нас. Нават баюся часам, што яны будуць занадта старацца дасягнуць чагосьці, каб не адставаць ад нас. Ягор доўгі час перажываў, што я мела ў школе залаты медаль, напрыклад, а ў яго не атрымліваецца вучыцца на выдатна.
Таму я іх увесь час спрабую заахвоціць, што зусім не трэба быць такімі, як я. Не трэба на мяне раўняцца, бо ў іх сваё жыццё, свае таленты і свае далягляды. Настройваю не паўтараць наш шлях, а рабіць тое, што ім самім цікава. Канешне, бацькі мусяць дзесці скіроўваць, даваць парады, ад чагосці бараніць. Але я стараюся даваць ім волю і наўмысна ні да чаго не прымушаць. Не патрабую быць выдатнікамі і адразу вызначыцца са сваімі прыярытэтамі. Увесь час схіляю да таго, што не трэба расстройвацца праз школьныя адзнакі. Мне галоўнае, каб дзеці больш гулялі на свежым паветры, былі здаровыя і натхнёныя жыць.
— Якой была твая паэзія да нараджэння дзяцей?
— Для мяне паэзія заўсёды была асабістай сувязю з Богам, з першапрычынай. Гэта настолькі асабістая, інтымная, пазачасавая з’ява, што яна не залежыць ад замужжа, мацярынства ці нейкіх сацыяльных умоваў. Таму дзеці асабліва не паўплывалі на мае вершы, тэмы не змяніліся. Хіба што змяніўся тэмп жыцця і тэмп пісання. Пакуль ты малады, можаш дазволіць сабе бадзяцца, чакаць натхнення, сумаваць, заганяцца праз нейкія дробязі. Калі з’яўляюцца дзеці, цалкам змяняецца ўвесь твой сусвет, лад, рытм жыцця. Пачынаеш ясна разумець, што ні на што не хапае часу і ўжо ніколі не будзе хапаць. Час пачынае выдаткоўвацца толькі на самае галоўнае.
Пасля таго, як нарадзіўся сын, доўга наогул не пісала. Вершы перасталі прыходзіць. Было адчуванне, што тупею. Не пісала цягам некалькіх гадоў і паступова стала адчуваць сябе спустошанай. Бо пісанне вершаў — гэта была тая справа, якая давала задавальненне, нейкі сэнс існавання. І я пачала патроху прымушаць сябе пісаць, скіроўваць сябе наўмысна ў той бок, прыслухоўвацца да ўнутранага голасу.
— Калі мы дамаўляліся аб зручным часе для інтэрв’ю, ты прапанавала першую палову дня, пакуль дзеці ў школе. Я так разумею, гэта рэдкі момант, калі ты цалкам адна, можаш паўнавартасна займацца творчасцю... Ну а калі дзеці былі зусім малыя?
— З нараджэннем Машы ў мяне нібы адкрылася другое дыханне. Я пачала пісаць вельмі шмат. Мабыць, ужо падрыхтавалася да таго, што буду прывязаная да дзіцяці 24 гадзіны на суткі, гэта не сталася такім стрэсам, як з першым дзіцём. І вось з Машай у мяне выбудавалася пэўная сістэма. Прызвычаілася спаць па 4-5 гадзін на суткі. Закалышу яе ўвечары, яна засне, прыкладам, у 22 гадзіны. А ў мяне яшчэ ёсць сілы і імпэт, каб да 2-3 ночы сядзець з ліхтарыкам і штосці пісаць. Амаль усю кнігу «Маё невымаўля» я напісала вось так уначы з ліхтаром.
Цяпер, калі дзеці ў школе, у мяне ёсць гэты час. Гэта супер! Гэта вельмі шмат часу! Цэлых 4-5 гадзін цішыні ўдзень! Таму можна сказаць, што зараз у мяне крутое жыццё. Вельмі падабаецца, як цяпер усё размеркавана. Хаця ўсё адно хочацца пісаць і працаваць больш, канечне.
— У інтэрв’ю пасля творчай рэзідэнцыі ўвесну 2021 ты казала, што нарэшце здолела пажыць у спакойным працоўным рэжыме, якога звычайна ў цябе няма. Ці маеш дома адмысловае месца для працы?
— Ложак. Сапраўдная творчасць пачынаецца, калі я кладуся спаць, накрываюся з галавою коўдрай і магу што-небудзь пісаць унутры сябе. А раніцай галоўнае не забыцца перанесці на паперку. А потым з гэтых паперак я перапісваю ў камп’ютар. Канешне, лепш за ўсё, калі верш адразу пішацца. Калі ён прыйшоў адразу цалкам, ад пачатку да канца. Гэта цуд. Але цяпер такое бывае чамусці рэдка, усё больш даводзіцца запісваць асобныя радкі, а потым іх дапрацоўваць свядома. Ні свайго пакоя, ні нейкага працоўнага куточка я не маю, але ўжо змірылася з гэтым.
Часта я раздражняюся, калі не магу днямі, тыднямі дапісаць задуманае. Таму што сям’я выцягвае з цябе ўсю энергію. Напрыклад, калі была ў рэзідэнцыі ў Чэхіі, я разумела, што там магу зрабіць разоў у 10 больш, чым звычайна дома. Я ў рэзідэнцыі за 4 тыдні напісала столькі, колькі тут ледзь не за год. Але ў той жа момант усведамляю на сто адсоткаў, што каб у маім жыцці не было мацярынства, ніколі не напісала б такіх твораў, як цяпер. Менавіта нараджэнне дзяцей зрабіла мяне тым чалавекам, якім я цяпер ёсць. Мне проста не было б чаго сказаць гэтаму свету, я б не вырасла, не спасцігла б тое, што ведаю цяпер.Таму вось такі парадокс: тое, што табе нібыта замінае, дазваляе табе расці і мудрэць.
— Ці вядуць з табой дзеці размовы пра творчасць, пра вершы? Наколькі яны ўсведамляюць цябе не толькі як маці, але і як паэтку?
— Здаецца, усведамляюць, але для іх гэта проста маміна праца. Для іх я найперш проста маці. І думаю, гэта правільна.
— Ці былі думкі вызваліцца ад мацярынства? У сэсне, каб дзеці хутчэй павырасталі і ты стала больш вольнай.
— Я разумею, што аднойчы гэты час настане, але думаю, што буду моцна сумаваць па іх, як бы цяпер не скардзілася, што не хапае часу. Я стараюся атрымліваць асалоду ад кожнага дня, што мы разам, бо ўсё аднойчы заканчваецца, таму прыспешваць будучыню не хачу і не зазіраю туды нават, каб не сурочыць.
— У кнізе «Маё невымаўля» ёсць верш «Сыну». Таксама ты пісала калыханкі Машы і Ягору. Ці надыхаюць цяпер дзеці напісаць ім верш-прысвячэнне?
— Хочацца, але я пакуль не знайшла, што сказаць. Прысвячаць вершы малазнаёмым людзям нашмат прасцей, бо гэта так, лёгкае судакрананне душаў, магчыма, нават перабольшанае фантазіяй. З дзецьмі ж у мяне блізкая зямная сувязь, вельмі фізічная, вельмі побытавая, таму гэта цяжкая задача. Хаця, ведаеш, мой улюбёны верш Цвятаевай той, які якраз яна прысвяціла дачцэ, там ёсць радкі «Знай одно, что завтра будешь старой: пей вино, правь тройкой, пой у Яра»... Я заўжды плачу, калі яго слухаю. Натхненне жыць, пакуль ты малады. Я цяпер гэта вельмі востра адчуваю. Што сыходзіць наш час і прыходзіць час нашых дзяцей. Гэта ўжо іх сусвет, іх будучыня, а нам застаюцца ўспаміны і спакойнае назіранне, мне пакуль што занадта шчымліва гэта ўсведамляць.
— Ты ўзгадвала, што пасля нараджэння дзяцей цалкам змяніўся рытм напісання вершаў. Я так разумею, сышло першаснае натхненне і пачался праца. Можа цяпер увогуле не будзе болей радкоў. рыфмаў толькі па натхненні?
— Безумоўна, вельмі моцна залежу ад натхнення, як і ўсе людзі творчых прафесій. Цалкам яго ігнараваць лічу цынічным. Але сапраўды, цяпер ужо ведаю механізм пошуку гэтага натхнення, магу яго выклікаць. І гэта ўжо не стыхійны, а працоўны момант. Я не проста жыву і чакаю нейкага звышслова, а ведаю, што мне трэба зрабіць, каб гэтае слова хутчэй прыйшло: куды схадзіць пагуляць, на чым засяродзіцца, якую музыку паслухаць ці што смачнае з’есці.
Чым далей жыву, тым больш разумення, што жыццё паскараецца, часу ўсё менш. Таму калі ў мяне ёсць задума пэўнай кнігі, то я мушу даводзіць гэту лінію да канца, а не чакаць, пакуль яно нейкім чынам само ўладкуецца. Калі ў мяне выходзіла першая кніга, я не ўяўляла, якой яна павінна быць і навошта яна. Проста мае сябры пераканалі, што так трэба. Я сабрала свае юначыя вершы і зляпіла іх у кніжку. На той момант нават не адважвалася называць сябе паэтам — саромелася. Цяпер з большай адказнасцю стаўлюся да таго, што раблю. І калі штосці пішацца, разумею: мушу адкласці ўсе справы і дапісаць гэты верш. Я не маю права не запісваць іх, калі яны праз мяне з’яўляюцца на свет. Бо яны могуць быць для некага патрэбнымі. Канечне, разумею, што не кожны верш атрымліваецца добра, але ёсць верагоднасць, што гэты тэкст можа вельмі камусці прыдасца. Я ўжо шмат разоў атрымлівала лісты з падзякай ад чытачоў. Яны пішуць, што мой верш іх выратаваў, вылекаваў, напрыклад. Ці што я здолела выразіць словамі нешта іх вельмі асабістае, патаемнае.
Таму, канечне, цяпер па-іншаму працуецца.
— Цікава атрымліваецца: спачатку ў цябе крыніцай натхнення былі пэўныя ўнутраныя рэчы, а цяпер з’явілася знешняя крыніца — твае чытачы.
— Не зусім так. Я не думаю, што мы павінны пісаць ва ўгоду чытачам. Насамрэч ты ўсё роўна працуеш для сябе, проста таму што не можаш жыць іначай. Нават калі ў пэўны момант мяне перастануць чытаць ці пачнуць моцна крытыкаваць, то я ўсё адно буду рабіць так, як лічу патрэбным, як мне падказвае ўнутраны голас. Але, канечне, водгукі чытачоў акрыляюць і падвышаюць самаацэнку.
— Ну а верш пра Акрэсціна?
— Напісала яго прынцыпова новым адносна папярэдніх вершаў спосабам. Гэта быў жнівень 2020 г. На той момант у мяне зламалася ўсё, што ўва мне было. Зламалася разуменне сэнсу таго, што я раблю. Гэтае вялікае зло, у якое мы трапілі, вельмі моцна адкінула нас назад у культурным плане. Я ўбачыла, што жыву ў свеце варварства. Што ўскладнёныя сінтаксіс і метафорыка, тая інтэлектуальная творчасць, да якой я ішла, аказаліся недарэчы. І прыйшоў просты верш, напісаны звычайнымі словамі, які трапіў да многіх простых людзей. Простыя словы, простыя рэчы. Да гэтага трэба было вярнуцца, таму што стала зразумела, што яшчэ рана працаваць над мудрагелістымі, тонкімі рэчамі, раз мы яшчэ з «тоўстымі» не разабраліся, з элементарнымі паняццямі: што такое дабро, што такое зло. Раней мне былі цікавыя нейкія моўныя гульні, пошук неардынарных этымалагічных сувязяў словаў, праз гэта выбудоўваўся верш. Пасля падзеяў 2020 года я стала пісаць больш публіцыстычныя творы, каб выказаць даволі банальныя думкі. Аказалася, што трэба зноў паўтараць тое, што ўжо было столькі разоў за гісторыю чалавецтва паўторана. Аказалася, што нам яшчэ рана на новы ўзровень, што можна смела пачынаць з асноў.
— Калісці ты казала пра вершаваную публіцыстыку, што гэта не зусім вершы. Ці змянілася цяпер тваё стаўленне да падобных твораў?
— Раней мне падавалася, што часы стадыённай лірыкі, маніфестацый мінулі. Цяпер я разумею, што час, які патрабуе вершаванай публіцыстыкі, не сышоў, на жаль. І ў людзей зараз ёсць патрэба чытаць вершы трыбунныя, з грамадзянскім пафасам. Але я б хацела, далібог, каб гэты час мінаваў. Не таму што там вершы кепскія, а таму што гэта гора прымушае звяртацца да такіх інтанацый. Шчыра кажучы, мне вельмі не хапае тых нот, якія былі раней у маіх вершах. «Я б хацела па хрумсткіх абшарах ісці сабе ў восень, але тут мой народ штодня разбіваецца вобзем»
— Я думаў, што вершы 2020 года для цябе з’яўляюцца крокам наперад...
— Як паглядзець. Гэта крок наперад у плане тэмы. Але я ж зазвычай пісала дзеля мовы, я фанацею ад самога працэса працы з моваю. Я б хацела пісаць, каб прамаўляць рэдкія словы, шукаць рэдкія рыфмы, захоўваць багацце нашай мовы і набліжаць невымоўнае. Раней гэта было важным. Цяпер жа ў мяне з’яўляюцца вершы, у якіх няма новатвораў, арыгінальных рыфмаў і ключоў. Калі казаць пра тэхнічны, фармальны бок, то для мяне гэта адкат назад. Але, можа, я ўвогуле застануся ў гісторыі толькі публіцыстычнымі вершамі, пра якія я думала, што гэта адкат назад, хто ведае. Калі душа баліць, то ты ўжо не надта шукаеш моўныя цікавосткі, а хочацца праз вершы проста падтрымаць людзей.
— Мацярынства і творчасць: ці гэта сумяшчальныя рэчы?
— Канечне! Я ўпэўненая, што ўсё сумяшчальныя рэчы, калі захочаш. Важна толькі настроіць сваю сям’ю так, каб яны цябе разумелі, прымалі і паважалі. І самога сябе правільна настроіць, каб не адчуваць віну за тое, што адбіраеш час у побытавых заняткаў дзеля творчых. Мяне моцна падштурхоўвае разуменне: калі не я, то хто? У Беларусі шмат цудоўных паэтаў, і ўсе пішуць па-рознаму. У кожнага свой моўны апарат, свая тэхніка. Але я пакуль не ведаю, хто можа напісаць менавіта так, як я, менавіта гэтыя тэксты, хто б мог зрабіць маю працу замест мяне... Вось і раблю. І зусім няважна, чым ты яшчэ заняты па жыцці, колькі ў цябе дзяцей, якое тваё здароўе. Нішто не павінна замінаць твайму асабістаму ўдзелу ў жыцці краіны. Гэта пафасна, але гэта так. Кожны можа рабіць нейкі важны ўнёсак. Хтосці займаецца дабрачыннасцю, хтосьці працуе ўрачом ці настаўнікам. Я магу пісаць. Прынамсі нічога лепшага, чым пісаць, я пакуль рабіць не навучылася.
— Фінальнае пытанне — пра новую кнігу: калі і пра што?
— Кніга называецца «Побач» і мае выйсці сёлета ў выдаўца Рамана Цымберава. Гэта будзе графічны альбом у суаўтарстве з выбітнай беларускай мастачкай Святланай Сафіяй Дземідовіч. Мы жывем у страшны час, калі актывізаваліся рознага кшталту ксенафобіі, мяне гэта вельмі засмучае, таму я хачу нагадаць гэтай кнігай, што свет наш крохкі і ўсе мы блізкія адно аднаму, мы побач.
Аляксандр Драгавоз, sn-plus.com