Верагодна, большасць старшакласнікаў ведае, што класік беларускай літаратуры Якуб Колас па адукацыі быў школьным настаўнікам. Найбольш цікаўныя ведаюць, што Колас атрымаў адукацыю ў нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Але мала хто ведае, што сучасны нясвіжскі педкаледж, які носіць імя аўтара паэмы «Новая зямля», з’яўляецца фактычным «пераемнікам» той самай семінарыі. Гісторыя гэтай навучальнай установы такая ж няпростая і пакручастая, як і гісторыя Беларусі. Прынамсі, апошнія яе паўтара стагоддзі.
Вежа-званіца былога касцёла і кляштара бенедыктынак
Cёння педагагічны каледж размяшчаецца на тэрыторыі былога кляштара бенедыктынак, пабудаванага ў 1591 годзе на сродкі Яўфіміі Радзівіл — жонкі Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Гэта быў першы жаночы кляштар на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Пры кляштары была створана школа для дачок заможных месцічаў, якіх бенедыктынкі навучалі мовам, музыцы, дэкаратыўнай вышыўцы і інш.
Кляштар дзейнічаў да другой паловы ХІХ стагоддзя. Пасля паўстання 1863-1864 гадоў ён быў скасаваны расійскімі ўладамі, а касцёл перададзены праваслаўнай царкве. Памяшканні кляштара выкарыстоўваліся ў якасці вайсковых казармаў. Непасрэдна да самой настаўніцкай семінарыі ён дачынення не меў, але на ім гісторыя кузніцы настаўніцкіх кадраў пэўным чынам працягваецца ў нашыя дні.
Кляштар на малюнку Н. Орды, 1876 г.
У 1875 годзе расійскія ўлады пазачынялі ўсе нясвіжскія кляштары. У будынку дамініканскага кляштара, які знаходзіўся на пляцоўцы за Ратушай побач з так званым «домам рамесніка», зачыняецца шасцікласная школа і пачынае працаваць настаўніцкая семінарыя. Гэтая ўстанова разглядалася як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». Навучанне было бясплатным, а найбольш таленавітыя семінарысты атрымлівалі стыпендыю.
Касцёл з вежай-брамай у 1914 годзе, фота з Вікіпедыі
Усяго семінарыя праіснавала няпоўныя 44 гады. Падчас першай сусветнай вайны з 1915 па 1917 гады семінарысты і выкладчыкі знаходзіліся ў эвакуацыі ў Вязьме (Смаленшчына). Пасля вяртання з эвакуацыі ў семінарыі працаваў кс. Вінцэнт Гадлеўскі, які выкладаў беларускую мову і багаслоўе па-беларуску для навучэнцаў-каталікоў.
Акрамя Якуба Коласа, сярод найбольш вядомых выпускнікоў звычайна згадваюць Адама Багдановіча і Кузьму Чорнага.
У 1919 годзе праз адсутнасць фінансавання семінарыя зачыняецца. Будынак за Ратушай да нашых дзён не захаваўся.
У 1921 годзе, калі Нясвіж па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы ўвайшоў у склад Другой Рэчы Паспалітай, настаўніцкая семінарыя аднаўляе сваю дзейнасць. Навучальная ўстанова пераязджае ў палац Радзівілаў, дзе займае правае крыло. Як і ў часы Расійскай імперыі, навучанне тут было бясплатным, а некаторым навучэнцам гаспадар палаца і апякун семінарыі Альбрэхт Радзівіл плаціў стыпендыю. Навучальная праграма складалася з сямнаццаці дысцыплін, а само навучанне доўжылася пяць гадоў. Вядома, у гэты перыяд семінарыя была «фарпостам польскасці і каталіцызму», але разам з тым вучыцца ў ёй маглі дзеці розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
Настаўніцкая семінарыя ў замку Радзівілаў. Польскі перыяд
У 1939 годзе пасля пачатку Другой сусветнай вайны семінарыя спыняе сваю працу і адчыняецца ізноў праз тры гады — ужо падчас нямецкай акупацыі. Гэтым разам будучыя настаўнікі займаюцца ў памяшканнях Ратушы.
Ратуша да рэстаўрацыі. Фота: kraevednesvizh.by
Ініцыятарам аднаўлення дзейнасці вучэльні быў былы выпускнік яшчэ «царскай» эпохі Алесь Вініцкі.
Навучэнцы семінарыі ў 1943 годзе
Подпіс да фота 1943 года
Пасля вызвалення Нясвіжа ад немцаў летам 1944 года паўстае неабходнасць у забеспячэнні школ БССР педагагічнымі кадрамі. Нясвіжская семінарыя ізноў распачынае сваю працу. Праўда, цяпер яна называецца педагагічным вучылішчам. Летам 1945 года навучэнцы і выкладчыкі займаюць памяшканні былога кляштара бенедыктынак, а праз адзінаццаць гадоў непадалёк будуецца навучальны корпус. Што праўда, павучыцца ў новым будынку студэнтам так і не давялося. У ліпені таго ж года вучылішча было расфармаванае. Большая частка асабістых справаў навучэнцаў была перададзеная дырэктару Пінскага педагагічнага вучылішча, а 18 — асабіста навучэнцам. Афіцыйна прычына закрыцця вучылішча не паведамлялася, але паводле чутак, якія распаўсюджваліся сярод жыхароў горада, нагодай для такога рашэння стаў скандал пікантнага характару. Салдаты з размешчанай у горадзе вайсковай часткі былі частымі гасцямі ў інтэрнаце вучылішча, што нібыта мела наступствы, які псавалі рэпутацыю навучальнай установы...
Чытайце яшчэ: У Нясвіжы як у Парыжы? Горад Радзівілаў вачыма «турыста выходнага дня»
Да 1984 года навучальны корпус і будынкі былога кляштара бенедыктынак займаў інтэрнат для сірот і дзяцей з малазабяспечаных сямей. З 1 верасня таго ж года тут аднаўляе сваю працу педагагічнае вучылішча, якое праз дзесяць гадоў атрымае статус каледжа, а яшчэ праз дзевяць гадоў пачне насіць імя Якуба Коласа.
Калі верыць гарадской легендзе, напрыканцы 1990-х да тагачаснага дырэктара каледжа Валянціна Бруя звярталіся прадстаўнікі каталіцкага ордэна бенедыктынцаў з Польшчы з просьбай вярнуць будынак кляштара касцёлу. На што Бруй нібыта адказаў згодай, але пры ўмове фінансавання пабудовы раўнацэннага па плошчы будынка інтэрната для навучэнцаў. Невядома, чым скончылася тая размова і ці мела яна месца насамрэч, але будынак былога кляштара дагэтуль займае мясцовы педкаледж.
П.П, budzma.org