З’явіўся аўдыягід па мясцінах Алеся Адамовіча ў Глушы — пасёлку, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, паведамляе тэлеграм-канал bellitinfo.

Ён уключае сем кропак маршруту і складаецца з рэальных гісторый, успамінаў і цытат з кніг. Цяпер яго можна паслухаць праз тэлеграм-бот, пазней стане дасяжным мабільны дадатак.
Гэта аўдыяпадарожжа па Глушы — пасёлку, дзе прайшло яго дзіцінства і прайшоў свой шлях Алесь Адамовіч. Вы пачуеце рэальныя гісторыі, успаміны, радкі яго кніг агучаныя прафесійным акторам (Маляваныч).
Кожная кропка маршруту адкрывае новы пласт жыцця і спадчыны пісьменніка — праз месца, людзей і ідэі.
На дадзены момант даступны толькі на беларускай мове.
Аўдыягід нарадзіўся з жадання зрабіць памяць пра Алеся Адамовіча ў Глушы жывой і даступнай.
«Мы збіралі матэрыялы, удакладнялі факты, працавалі з тэкстамі маршруту і даволі хутка знайшлі голас, які змог перадаць не толькі інфармацыю, але і атмасферу месца. Даўжэйшым быў шлях ад ідэі да рэалізацыі: трэба было знайсці падтрымку, захаваць задуму і дачакацца моманту, калі праект можна будзе зрабіць якасна.
Нам было важна, каб гэта была не сухая экскурсія, а спакойная і ўважлівая сустрэча з Глушай — з яе памяццю, дарогамі, людзьмі і слядамі жыцця пісьменніка.
Так з’явіўся аўдыягід — маршрут, які дапамагае пачуць гісторыю Алеся Адамовіча там, дзе яна пачалася», — адзначаюць стваральнікі аўдыягіда.
«Прыпынак Адамовіча» — ініцыятыва, што нарадзілася з ідэі ўшанавання памяці Алеся Адамовіча ў Глушы, перарасла ў грамадскую кампанію, якая ўключае стварэнне помніка і арт-аб’екта.Слухаць аўдыягід можна па спасылцы.