Вандруем па старажытнай Наваградчыне. Дзень другі

Сёння прапануем пазнаёміцца з другой часткай маршрута па Наваградчыне. Першая частка маршруту. Працягласць яго, з улікам вяртання ў Мінск, — больш за 200 км, адпаведна, можна разлічваць на адзін светлавы дзень. Такім чынам, рушым наступным шляхам: Наваградак — Валеўка — Радагошча — Косічы — Свіцязь — Райца — Варонча — Туганавічы — Завоссе — Вольна — Паланечка — Ішкалдзь.


1.jpg
Фота:
vedaj.by

Валеўка

Агледзеўшы Наваградак, наведаўшы ўсе музеі, пакаштаваўшы кавы пана Адама, пазнаёміўшыся з месцічамі, прапануем працягнуць вандроўку ў паўднёвым кірунку па шашы Р5. Праз 17 кіламетраў нас чакае вёска Валеўка і адзін з найстаражытнейшых драўляных храмаў Беларусі. Упершыню Валеўка згадваецца як паселішча на рацэ Неўда ў 1606 годзе. І ўжо ў 1656 годзе тут будуецца драўляны барочны Траецкі касцёл пры кляштары дамініканаў, які праз 5 гадоў пасля закрыцця кляштара ў 1832 годзе стаў праваслаўнай Петрапаўлаўскай царквой. Будынак рэканструяваўся ў 1736 годзе, апошні раз — у 1870-х. Менавіта ў гэтым храме бралі шлюб Адам і Зося ў паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Яшчэ храм адметны тым, што тут можна пабачыць іканастас рукі Віктара Васняцова.

2.jpg
Фота racyja.com

Радагошча

Ад Валеўкі варта збочыць з асноўнай дарогі да вёскі Радагошча. Тут за пару сотняў метраў ад вёскі на беразе ракі Неўда можна пабачыць парослы дрэвамі ўзгорак — гарадзішча ІХ—Х стагоддзяў.

3.jpg
Фота: TUT.BY

Краявіды з гарадзішча неймаверна маляўнічыя.

4.jpg
Фота: Racyja.com

Тут жа, у Радагошчы, у маёнтку Чамброва (53°28’06.8"N 25°53’13.5"E), які не захаваўся да нашых дзён, здымаўся першы польскі блакбастар 1928 года «Пан Тадэвуш» па аднайменным творы Адама Міцкевіча.

5.jpg
Фота: onebid.pl

6.jpg
  Фота: onebid.pl

Ашмяны: горад з пакручастай гісторыяй

Месца было абранае невыпадкова, бо шмат хто з даследчыкаў лічыць сядзібу ў Чамброве прататыпам міцкевічаўскага Сапліцова. Міцкевіч часта бываў тут, ягоная маці Барбара Маеўская дапамагала па гаспадарцы тагачасным гаспадарам Узлоўскім, у прыватнасці, гаспадыні Анэлі. Пазней Анэля Узлоўская стане хроснай маці Адама Міцкевіча.

7.jpg
   Фота: kresy.pl

Цікавы факт: у здымках бралі ўдзел мясцовыя жыхары і тагачасны і апошні гаспадар сядзібы Караль Карповіч. Падчас Другой сусветнай вайны Караль з сынам быў рэпрэсаваны НКУС, а сядзібу спалілі партызаны.

8.jpg

9.jpg
Караль Карповіч


Сёння ад сядзібнага комплексу засталіся крушні гаспадарчых пабудоваў і рэшткі парку. А на родавых могілках пару гадоў таму была адноўленая каплічка, якую можна пабачыць. (53.475017 , 25.8764).

000.jpg
Фота: novgazeta.by

Косічы

Вандруючы па Наваградчыне, нельга абмінуць яшчэ адно незвычайнае месца. За 4 кіламетры на поўнач ад вёскі Косічы (7 км ад Валеўкі), праваруч ад дарогі знаходзіцца ўнікальны прыродны помнік, так званыя крыніцы з «жывой» і «мёртвай» вадой (53.46172374970768, 25.808367460108744)

11.jpg
   Фота: @homo.gradiens

Месцічы кажуць, што пра гэтыя крынічкі ведаюць нават тыбецкія манахі, якія і распавялі аднаму з вандроўнікаў пра іх гаючыя ўласцівасці. Ходзяць чуткі, што такіх месцаў у свеце ўсяго 7, па некаторых звестках — нават 2: у Тыбеце і ў Беларусі.

Мястэчка чатырох канфесій: вандруем у Іўе!

12.jpg
   Фота: @homo.gradiens

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што мёртвая вада чысціць арганізм, забівае бактэрыі і мікробы, а жывая — аднаўляе арганізм. Таму нанач варта ўжываць мёртвую ваду, а раніцай — жывую, і не толькі піць, але і абмываць ранкі.

13.jpg
Фота: racyja.com

Ёсць і навуковае абгрунтаванне: мёртвая вада (аналіт) мае кіслотнае асяроддзе і ўласцівасці дэзінфекцыі, жывая ж (каталіт) — шчолачнае асяроддзе і эфект рэгенерацыі. Два струмені крынічнай вады нават цякуць па-рознаму. Мёртвая — паволі і незаўважна, жывая — гучна і хутка, у калодзежы з мёртвай — чысцюткі жвір, калодзеж з жывой зацягнуты налётам водарасцяў. Крыніцы зліваюцца і поўняць рэчку Ятранку. Вельмі моцнае месца. Сюды абавязкова варта трапіць.

Вандруем разам з «Будзьма»! На што паглядзець у Паставах?

14.jpg
  Фота: racyja.com

Свіцязь

Наступным пунктам вандроўкі па Наваградчыне прапануем зрабіць самае загадкавае возера Беларусі — Свіцязь. Возера размяшчаецца амаль у цэнтры Наваградскага ўзвышша, мае практычна ідэальна круглую форму і мяккую і чыстую ваду. Шчыльным колам паабапал возера расце лес.

15.jpg
Фота: 
planetabelarus.by

Паводле паданняў, у ціхую ноч у возеры можна пабачыць брук зніклага горада, які належаў князю Тугану. Горад пайшоў пад ваду разам з жыхарамі, якія замест жыцця ў няволі абралі смерць. Гэтую легенду ўвасобіў у паэтычнай форме Адам Міцкевіч у сваёй баладзе «Свіцязь».

Найстаражытнейшы горад Панямоння. Вандруем у Слонім!

16.jpg
  Фота: @homo.gradiens

Глыбіня Свіцязі — каля 15 метраў. На берагах можна сустрэць чырванакніжныя расліны і рэдкіх малюскаў. Паводле навукоўцаў, рэдкая раслінная форма tetradinium javakanium уласцівая толькі для выспы Ява і для Свіцязі, а свіцязянскі малюск planorbis stelmachaelius водзіцца толькі ў азёрах Францыі, Нямеччыны і Бельгіі. Шмат загадкавых момантаў яшчэ ў гэтага старажытнага куточка Беларусі.

17.jpg
    Фота: @homo.gradiens

З інфраструктурай на беразе Свіцязі ўсё ў парадку: процьма аграсядзібаў на любы густ, для бюджэтных турыстаў і аматараў «дзікага» адпачынку — 2 месцы пад кемпінг, у найбліжэйшых Навасадах ёсць месца пад аўтакемпінг на тэрыторыі аграсядзібы. Калі захочацца застацца тут, то з месцам, дзе спыніцца, не будзе праблемаў.

Райца

Далей прапануем наведаць вёску Райца, дзе захавалася вельмі атмасферная гатычная царква 1817 года пабудовы. Першапачаткова яна выконвала функцыю пахавальнай капліцы роду Раецкіх. Але пасля паўстання 1863–1864 гг. была ператвораная ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву. У 2003 годзе пасля аднаўлення асвечаная ў гонар св. Барбары.

18.jpg
  Фота: planetabelarus.by

Царква размяшчаецца на ўзвышшы, за кошт сваіх архітэктурных адметнасцяў выглядае асабліва велічна і не зусім тыпова для мясцовых краявідаў.

Варонча

Далей прапануем рушыць у вёску Варонча. Уладзімір Караткевіч у сваім эсэ «Зямля пад белымі крыламі» называў яе «вёскай-музеем». І не дзіва. Тут захавалася шмат маўклівых сведак значных гістарычных падзеяў, асобаў, эпохаў. А яшчэ больш — не захавалася. Але ўсё тут дыхае памяццю, ценямі слаўнай і трагічнай мінуўшчыны, якая моцна ўплывае на край і сёння. Варта толькі ўспомніць.

19.jpg
   Фота: viedaj.by

Вёска размяшчаецца сярод пагоркаў Наваградскага ўзвышша, над ёй велічна ўзвышаецца барочны касцёл Святой Ганны. Касцёл тут быў пабудаваны на сродкі бацькі самага вядомага гаспадара Варончы, Казіміра Несялоўскага, у 1781 годзе (узарваны саветамі ў 1960-я, адноўлены ў 1990-я).

20.jpg
  Фота: viedaj.by

А ўжо сын Казіміра, Юзаф Несялоўскі, апошні наваградскі ваявода, у канцы ХVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў зрабіў Варончу адным з найбольш уплывовых мясцовых гаспадарчых і культурніцкіх цэнтраў. Адам Міцкевіч у творы «Пан Тадэвуш» згадвае Юзафа Несялоўскага як заўзятага паляўнічага, што найлепшую ў Еўропе пароду ганчакоў, па якіх у Варончу прыязджалі адмыслоўцы з усяго Старога свету. У маёнтку функцыянавалі млын, сыраварня і вінакурня. Вінакурня працуе і сёння як філіял Гродзенскага лікёра-гарэлачнага завода.

21.jpg

22.jpg

Несялоўскія пабудавалі і ўласны «скарбчык» — будынак, дзе захоўваліся матэрыяльныя каштоўнасці і які архітэктурна нагадваў невялікую гарадскую ратушу. «Скарбчык» у Варончы меў нават вежу з гадзіннікам.

23.jpg
Варонча, малюнак Напалеона Орды

Сядзіба Несялоўскіх была закладзеная на маляўнічых схілах Наваградскага ўзвышша і арганічна ўпісвалася ў мясцовы ландшафт. Імаверна, палац быў пабудаваны на месцы старога замчышча. Навокал быў створаны парк, дзе ашчадна захоўвалі шматвекавыя дубы. Некалькі з іх захаваліся да нашых дзён. Паводле легенды, пад адным з іх любіў спыняцца сам Адам Міцкевіч, які часта бываў у Несялоўскіх. Але гадоў з дзесяць таму дрэва знішчыла маланка.

24.jpg
Фота: Алесь Гізун

У Варончы перапляталіся лёсы шматлікіх асобаў, значных для гісторыі краю. У Варанчанскім касцёле быў хрышчаны сябар і паплечнік Міцкевіча паэт Ян Чачот і каханне ўсяго жыцця Адама Марыля Верашчака. Варанчанскія могілкі — значны шляхецкі некропаль, які захаваўся з ХVIII—ХІХ стагоддзяў. Надмагіллі тут уражваюць сваёй мастацкай вартасцю і нічым не саступаюць могілкам Вільні ці Львова. Зрэшты, шматлікіх сваякоў, пахаваных тут, можна сустрэць на могілках згаданых гарадоў.

25.jpg
  Фота: Алесь Гізун

У Несялоўскіх аканомам 3 гады служыў знакаміты навуковец Зарыян Даленга-Хадакоўскі (сапраўднае імя — Адам Чарноцкі, узяў псеўданім, бо за прыхільнасць да ідэяў Напалеона цярпеў пераслед ад расійскіх уладаў). Унёсак у мясцовую навуку гэтага чалавека цяжка пераацаніць, а галоўнае, што ён зрабіў, — адкрыў для навукі як паўнавартасны аб’ект даследавання мясцовую традыцыю: побыт, абрады, фальклор. Запісаў каля 500 беларускіх песняў.

26.jpg
  Фота: Алесь Гізун

Ля касцёла Святой Ганны ў Варончы можна пабачыць шэраг надмагілляў. Гэта пахаванні роду Булгакаў — сваякоў пачынальніка фотамастацтва на Беларусі, дзякуючы працам якога мы можам сёння ўявіць, як выглядала эпоха, якая незваротна сышла пасля апошняй вайны.

27.jpg

30 красавіка 1943 года савецкія партызаны спалілі сядзібу ў Варончы разам з апошнімі гаспадарамі — сям’ёй Чарноўскіх, якія набылі яе ў нашчадкаў Юзафа Несялоўскага. Мясцовыя жыхары з вялізнай павагай і ўдзячнасцю згадваюць гаспадыню Аляксандру Чарноўскую, яе сыноў Лукаша і Юзафа, маці Ганну Ізабэлу Любанскую.

28.jpg
  Фота: Алесь Гізун

У памяць пра нявінна забітых людзей пад старым дубам на варанчанскіх могілках сёння ўсталяваны крыж. Імёны забойцаў вядомыя, гэта быў атрад Золатава разам з кіраўніком. Каты выконвалі план да 1 траўня. У справаздачы напісалі, што зліквідавалі нямецкіх агентаў. Пра гэтую трагедыю можна паглядзець фільм «Край светлых мрояў».

29.jpg

Туганавічы

Наступны пункт нашага маршрута таксама звязаны з жыццёвым шляхам Адама Міцкевіча. Варта пабачыць Туганавіцкі парк — усё, што захавалася ад колішняга маёнтка Туганавічы — радзімы каханай Міцкевіча Марылі Верашчакі, пачуцці да якой паэт пранёс праз усё жыццё і творчасць.

30.jpg

Жыццё ў Туганавічах віравала палову тысячагоддзя. У часы Вітаўта гаспадаром навакольных земляў быў Ян Няміра. Малады Міцкевіч, каб пабачыцца з Марыляй, прылятаў сюды штоноч на кані за дзесяць кіламетраў з роднага Завосся, дзе гасцяваў у сваякоў. Маёнтак у Туганавічах — яшчэ адзін прэтэндэнт на прататып Сапліцова ў творы «Пан Тадэвуш». У 1863 годзе гаспадар маёнтка Канстанцін Туганоўскі быў акруговым начальнікам паўстання. Туганавічы маляваў Напалеон Орда, фатаграфаваў Ян Булгак.

31.jpg

Яшчэ ў мінулым стагоддзі ў Туганавічах на сродкі мясцовай шляхты была створаная селекцыйная база з найноўшым абсталяваннем, дзе паляпшалі гатункі збожжавых. Сёння ад былой велічы мы пабачым толькі рэшткі прысядзібнага парку.

32.jpg
   Фота: nn.by

Камень філарэтаў Тут жа, побач з Туганавіцкім паркам, ля вёскі Карачова ва ўрочышчы Кут варта наведаць Камень філарэтаў (53° 22’25.20"N, 26 ° 6’42.21"E)

33.jpg
   Фота: nn.by, Надзея Бужан

Існуе меркаванне, што ў 1820 годзе падчас гасцявання ў Верашчакаў ля гэтага камення А. Міцкевіч і яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамейка, Ю. Яжэўскі, Ф. Малеўскі давалі клятву адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.

34.jpg
   Міхась Карпук «Ля каменя філарэтаў», 2006.

Завоссе

Нельга, вандруючы на Наваградчыне, не завітаць да месца нараджэння Адама Міцкевіча, у фальварак Завоссе. Ён быў адноўлены адносна нядаўна, у 2000-я. Аўтэнтычныя будынкі тут былі спаленыя падчас Першай сусветнай вайны. Аднавіць іх дапамаглі малюнкі Напалеона Орды і Эдварда Паўловіча.

35.jpg
Фота: planetabelarus.by

Сёння ў адноўленых будынках размяшчаецца музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе». Наведаць музей можна з 10 па 18 штодня, апроч панядзелка. Варта звярнуць увагу, што ў першую сераду кожнага месяца ўваход вольны. Апроч стандартных экскурсіяў наведвальнікам прапануюць cкарыстаць інтэр’ер сядзібы для фотасесіі за 30 BYN. Цэны на іншыя паслугі можна знайсці тут.

36.jpg
   Фота: nn.by, Надзея Бужан

Бацькі паэта, Мікалай і Барбара, перасяліліся ў Завоссе незадоўга да нараджэння Адама. Праз некалькі гадоў маёнтак здалі ў арэнду, пасля ён дастаўся сваякам, але Адам і ў юнацкія гады бываў тут.

37.jpg
  Фота: nn.by, Надзея Бужан

Паколькі ў сваякоў Адама была вялікая сям’я, Міцкевіч, наведваючы Завоссе, спыняўся ў лямусе. Лямус у незаможнай шляхты — гэта адначасова і камора для харчоў і інструментаў, і летняе жытло. Жылы пакой рабілі звычайна на другім паверсе.

38.jpg
  Фота: nn.by, Надзея Бужан

Сядзібны дом стаіць роўна на старым месцы — падчас археалагічных працаў пачатку 1990-х знайшліся яго падмуркі. Асобнай вітрынай у музеі выстаўленыя дробныя рэчы, знойдзеныя падчас раскопак.

39.jpg
Фота: nn.by, Надзея Бужан

Вольна

Далей рушым у мястэчка Вольна, дзе захаваўся ўнікальны Свята-Траецкі храм 1768 года пабудовы. Ён быў узведзены пры мужчынскім кляштары базылянаў. Пасля скасавання ўніяцтва Расійскай імперыяй быў аддадзены праваслаўным.

40.jpg
   Фота: Наста Азарка

Адметнасцю храма з’яўляецца ягоная незвычайная архітэктурная форма. Храм збудаваны невядомым майстрам у стылі віленскага барока, але з масіўнымі гатычнымі элементамі абарончай архітэктуры.

41.jpg
   Фота: 
vetliva.by

Арганічна тут выглядае нетрадыцыйная для храмаў кампазіцыя на ваенную тэматыку.

42.jpg
  Фота: 
vetliva.by

Унутры храма апроч мураванага алтара захаваныя: амбон, упрыгожаны скульптурай прарока Маісея, фератроны (двухбаковыя рымска- і грэка-каталіцкія пераносныя алтары) першай паловы ХІХ ст., шыльды памяці Юзафа Мацкевіча, былога каморніка наваградскага, і ягонай жонкі Марцыяны.

43.jpg
   Фота: @futureal2006

Праваслаўныя абразы тут ужо больш позняга часу, прыблізна канца ХІХ стагоддзя.

44.jpg
  Фота: @futureal2006

Царква знаходзіцца ў маляўнічым антуражы старога парку, закладзенага пры сядзібе колішніх гаспадароў Вольна — роду Слізняў, якая, на жаль, сёння не захавалася.

45.jpg

Адным з самых вядомых прадстаўнікоў роду Слізняў быў скульптар Рафал Слізень. Пачатковую мастацкую адукацыю ён атрымаў у школе пры базылянскім манастыры ў Вольне, вучыўся ў езуіцкай школе ў Полацку, у Віленскім універсітэце. Сябраваў з паплечнікамі па арганізацыі філаматаў Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам і іншымі.

46.jpg

Самымі вядомымі творамі Рафала Слізня сталі медальёны з выявамі знакамітых асобаў, пераважна яго сяброў. Калекцыя медальёнаў і бюстаў рукі Рафала знаходзілася ў палацы Тышкевічаў у Лагойску. Але сёння на тэрыторыі Беларусі няма ягоных твораў, іх можна сустрэць у музеях ці ў прыватных калекцыях іншых краінаў.

Што паглядзець у Глыбокім? Згушчонка, барока, радзіма Ластоўскага

47.jpg
Медальён з выявай Тамаша Зана

Паланечка

Далей рушым у вёску Паланечка. У пісьмовых крыніцах Паланечка ўпершыню згадваецца як мястэчка ў ХVI стагоддзі. Сёння тут варта пабачыць драўляны касцёл св. Юрыя 1899 года перабудовы па праекце архітэктара К. Вайцяхоўскага, узведзены ў неагатычным стылі з рысамі мадэрну.

48.jpg
   Фота: viedaj.by

Імаверна, у касцёле, які быў на месцы сённяшняга, 1751 года пабудовы, хрысцілі Ігната Дамейку. Сёння ў касцёле мы можам пабачыць арган канца ХІХ стагоддзя. У алтарнай частцы знаходзяцца дзве мемарыяльныя шыльды 1829 і 1836 гг., прысвечаныя Радзівілам, якім з ХVIIІ стагоддзя належала мястэчка.

49.jpg
Фота: viedaj.by

Захаваўся палац гаспадароў Паланечкі, яго можна пабачыць непадалёк ад касцёла. Як мяркуецца, у сённяшнім выглядзе ён існуе з канца ХVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзя.

50.jpg

Пабудаваны ў стылі ампір, палац быў вядомы раскошай аздаблення, характэрнай для Радзівілаў, вялікай бібліятэкай, архівам, калекцыяй мастацкіх твораў і манет.

51.jpg
Фота: viedaj.by

Падчас войнаў палац неаднаразова быў пашкоджаны, але заўжды аднаўляўся. За савецкім часам тут размяшчалася сярэдняя школа. З 1990-х гадоў палац ператвараўся ў крушню. Але не так даўно з’явіўся план ягонага аднаўлення. Застаецца спадзявацца, што ўсё атрымаецца.

52.jpg
Фота: viedaj.by

Ішкалдзь

Далей рушым да колішняга магдэбургскага мястэчка ХVI стагоддзя, якое ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах ажно ў першай палове ХV стагоддзя, дзе пабачым самы стары неперабудаваны мураваны храм, які захаваўся да нашых дзён амаль у першасным сярэднявечным гатычным выглядзе з 1470-х гадоў, — у вёску Ішкалдзь.

53.jpg
   Фота: planetabelarus.by

Мясцовы Траецкі касцёл зведаў усе рэлігійныя ваганні нашага краю. Першапачаткова ён быў пабудаваны на сродкі смаленскага ваяводы Мікалая Неміровіча як каталіцкі храм. У другой палове ХVI стагоддзя Мікалай Радзівіл Чорны ўладкаваў касцёл пад кальвінскі збор, у 1641 годзе будынак вярнуўся да каталікоў, за Расійскай імперыяй на пяцьдзясят гадоў быў перададзены праваслаўным, у міжваенны час зноў вернуты каталікам.

ШЧУ-ЧЫН-ШЧЫ-НА: Вандроўка па знакамітым краі

54.jpg
   Фота: planetabelarus.by

Ля касцёла знаходзіцца магіла мясцовага ксяндза Вінцэнта Латарэвіча, забітага бальшавікамі 19 сакавіка 1919 года. З 1918 па 1921 год у Беларусі забілі больш за 100 ксяндзоў. Вінцэнта Латарэвіча месцічы памятаюць і шануюць і сёння.

55.jpg
   Фота: nn.by

За савецкім часам касцёл быў некалькі гадоў зачынены, у 1969-м яго хацелі зруйнаваць, але мясцовыя жанчыны, пакідаўшы ўсю гаспадарку, прыбеглі і літаральна леглі пад колы машыны, нагружанай касцельнымі рэчамі, і адстаялі храм. Пра гэтую гісторыю сведчыць незвычайны сюжэт, які можна заўважыць на адным з вітражоў касцёла. Касцёл вярнулі вернікам ужо ў 1970-я гады.

56.jpg
Фота: Андрэя Дыбоўскага

У касцёле апроч вітражоў варта звярнуць увагу на ўнікальны для Беларусі арган ХІХ стагоддзя, імверна, зроблены ў колішнім горадзе Dorpat (сёння Тарту, Эстонія) невядомым майстрам.

57.jpg
   Фота: arhany.by

Месцічаў у Ішкалдзі засталося няшмат, збольшага хаты выкарыстоўваюць у якасці лецішчаў. Моладзь перабралася ў гарады ў пошуках працы і адукацыі, толькі ў старэйшага пакалення захаваліся ўспаміны пра слаўныя часы росквіту роднага мястэчка. Варта знайсці час на размову з мясцовымі жыхарамі ці хаця б на тое, каб прагуляцца па старадаўнім бруку і адчуць, як знітаваныя ў гэтым старадаўнім месцы розныя эпохі і лёсы.

58.jpg
   Фота: planetabelarus.by

На гэтым прапануем вяртацца дадому ці працягваць шлях далей, па яшчэ нязведаных куточках нашай Бацькаўшчыны. Вандруйце разам з «Будзьма!».

ПЖ, Budzma.by