Гурт «Мерада» зрабіў спробу напісаць беларускі аналяг навагодняй сямейнай песьні, якая б адпавядала па атмасфэры творам Фрэнка Сынатры ці Дына Мартына.
Лідэр гурту Стыў Крамер апавядае, што задумаў «Навагоднюю» яшчэ падчас свайго жыцьця ў ЗША. Музыка, які пачынаў пры канцы 80-х як гукарэжысэр гурта «Бонда», пражыў там 12 гадоў. «У Амэрыцы музычныя традыцыі вельмі ўплываюць на штодзённае жыцьцё, — кажа Стыў. — У іх кожны новы год гэта Фрэнк Сынатра, Бінг Кросьбі, Дын Мартын, „Jingle Bells“ і „Let It Snow“, якія гучаць літаральна з кожнага праса. Гэтыя песьні слухаюць усёй сям’ёй ад унукаў да бабуляў».
Гурт «Мерада» паўстаў сёлета як цалкам беларускамоўны праект. Ён створаны ўдзельнікамі ангельскамоўнага гурта Steve Cramer Band. Цяпер лідэры «Мерады», сямейная пара Стыў і Ганна Крамер, рыхтуюць да выданьня першы альбом. Пры гэтым песьня «Навагодняя» стваралася не для будучай кружэлкі, а адмыслова да сьвятаў.
«Мы хацелі зрабіць песьню, якую можна было б паслухаць ды засьпяваць усёй сям’ёй за сьвяточным сталом, — кажа Ганна Крамер. — У нас большасьць навагодніх песьняў ствараецца для дыскатэк і танцаў у клюбах. Будзем спадзявацца, што наша „Навагодняя“ адродзіць старую добрую традыцыю бачыць у сьвяточнай песьні сэнс, ня толькі танчыць пад музыку, але і слухаць яе».
У запісе песьні ўзялі ўдзел Ганна Крамер — вакал, Стыў Крамер — гітары, Валер Дасюкевіч — бас, Іван Махновіч — барабаны, Іван Кучарэнка — арган і клявішы, а таксама духавая сэкцыя: Андрэй Кляшчоў — саксафон, Валеры Шчэрыца і Аляксандар Цулыгін — труба.
«Навагодняя» бярэ ўдзел у пятым туры аўдыё-чарту на Tuzin.fm, які якраз прыпадае на Новы год.
Мерада — Навагодняя (музыка Стыва Крамера, словы Стыва і Ганны Крамер). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Tuzin.fm, фота Іван Цьвеліх