Навошта трэба вывучаць гісторыю і ўвогуле гуманітарыстыку? Тлумачыць настаўніца Ганна Севярынец

Сваімі думкамі пра тое, чым небяспечныя людзі, пазбаўленыя гістарычнага і, шырэй, гуманітарнага мыслення, яна падзяліся на ўласнай старонцы ў Фэйсбуку.


272809093_4946690392060593_8564686202049328838_n.jpg

Людзі, пазбаўленыя гістарычнага і, шырэй, гуманітарнага мыслення небяспечныя не толькі тым, што не глядзяць назад, у мінулае, і не вучаць гістарычных урокаў. Яны небяспечныя найперш тым, што яны і наперад глядзяць толькі ў межах свайго асабістага жыцця. Ім, як дзецям, падаецца, што свет пачаўся з іхным нараджэннем і скончыцца з іхнай смерцю.

Яшчэ з большага людзі ўвогуле з цяжкасцю разумеюць, што яны жывуць у працэсе, а не напрыканцы часоў. Таму яны з лёгкасцю параўноўваюць, напрыклад, жыццё на захадзе і жыццё дома, і бядуюць, што, маўляў, «у гэтай краіны няма будучыні», «тут ніколі нічога не будзе», «мы можам жыць толькі так і не можам па-іншаму» — не думаючы пры гэтым, што для адэкватнага параўнання трэба браць не сінхранічны аспект, а ўсвядомленыя і прааналізаваныя адпаведныя перыяды працэсу. Людзі параўноўваюць паміж сабой розныя краіны і розныя супольнасці так, нібыта можна параўноўваць падлетка і старога чалавека, забываючыся на розніцу ва ўзросце.

Мы часта кажам, што гісторыю трэба вучыць дзеля таго, каб не паўтараць памылак мінулага. А гісторыю трэба вучыць найперш дзеля таго, каб разумець, што тваё асабістае жыццё мела нябачную табе крыніцу і будзе мець небачны табе працяг. На кожнага знойдзецца і першапрычына, і суд. Маральныя пытанні, якія ты вырашаеш, вырашаюцца не сёння на сёння, а сёння і назаўсёды, і сягаюць далёка за межы твайго жыцця, нават калі ты проста лічыш сябе вінцікам у сістэме. Але і гэта ладна, кожны мае права разлічваць ступень сваёй віны альбо канструктыўнага саўдзелу перад будучыняй і браць на сябе столькі, колькі ўлезе. Але тваім біяграфічным, пазначаным на апошнім помніку жыццём не вычэрпваецца твой саўдзел і твая віна, вось у чым просты, але прыгожы фокус.

Цяпер, калі ў Беларусі моцна паменела людзей, вельмі заўважнымі сталі тыя неблагія па задуме, але бедныя па начынні людзі, якія нараджаюцца, жывуць і паміраюць, так і не прыходзячы ў гуманітарную прытомнасць.

Іх было б моцна шкада, каб яны так жудасна не тармазілі бег часу.