“Навучыцца любіць”

Паэтэса Вера Буланда 22 чэрвеня 2016 года выступіла перад аўдыторыяй радыё-тэхнічнага каледжа на прэзентацыі філасофскага дзённіка Алеся Гібок-Гібкоўскага “Навучыцца любіць”.

vera-bulandajpg_0

Спадарыня Буланда прыгадала цудоўны зборнік паэта “Насамрэч”, які быў выдадзены ў 2007 годзе. У ім, насамрэч, цудоўныя, шчырыя вершы разнастайнай тэматыкі. Але тэма кахання раскрыта найбольш ярка і шчымліва. Да прыкладу:

Не вер, каханая, ты мне

Ні ў радасць, ні ў бяду,

Не вер, калі ў шчаслівым сне

Зноў да цябе прыйду.

 

Не думай дзверы адчыняць,

Бо зноў прыйшоў не той,

Каго стамілася чакаць

Вячэрняю парой…

Назва зборніка – сапраўды, нечакана арыгінальная, канкрэтная і разам загадкавая. У адпаведным вершы (“Насамрэч”) паэт раскрывае тайну, загадку, чаму на жыццёвых стыках так цяжка было: аказваецца, трэба было “шукаць жанчыну”.

Таму выхад філасофскага дзённіка не з’яўляецца нечаканасцю, у якім паэт разважае пра ўменне любіць, пра навуку кахаць. Звернемся да дзённіка:

“З прачытанага: “Каханне патрабуе няўхільнага выканання ўсіх яго прадпісанняў. Нельга мімаходзь прапусціць хоць які нюанс…” А прапускаем… І не толькі нюансы… І потым скардзімся, што нічога ў нас не атрымалася…”

Або: “Сапраўдны вернік не можа патрабаваць любові да сябе. Ён хоча і імкнецца найперш аддаць яе”; “Бачыў аднойчы, як нейкі юнак каля крамы карміў бяздомную котку толькі што набытай сасіскай. Гэта ёсць найпершая прыкмета добрага сэрца – жаданне накарміць галоднага”.

Ад кампаніі “Будзьма беларусамі” аўтар дзённіка і асобныя госці імпрэзы атрымалі ў падарунак паштоўкі і “закладкі” з выявамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.