Назараў і Men’s Fest, якія ўсіх дасталі

Берасцейскі прамоўтар і рэгіянальны каардынатар грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Зміцер Назараў — чалавек, без сумневу, амбітны. І мары ў яго адпаведныя. Як вам задума зрабіць Берасце сталіцай альтэрнатыўнай культуры Беларусі? Ці хоць бы больш зямное: арганізаваць на заходніх межах краіны музычны фестываль, слава пра які пайшла б далёка за межы Беларусі.

І пакуль мы пасмейваемся, суадносячы мары Назарава і беларускую рэальнасць, дзе ўсяляк глушыцца прыватная ініцыятыва, Зміцер у шапку не спіць, а паціху дабіваецца свайго.

Ужо бадай з месяц у Берасці ўсяляк рэкламуецца чарговы фестываль альтэрнатыўнай музыкі Men’s Fest, які будзе праходзіць 27–28 кастрычніка. У інтэрнэт-афішах і прома-роліках толькі і чуецца: “Такога Берасце яшчэ не бачыла”, — хаця назва фестывалю прасунутым берасцейцам ужо знаёмая. Ды і не толькі берасцейцам, калі ўлічыць, што першы Men’s Fest праходзіў у 2009 годзе ў Мінску. Тамсама праводзіўся і фінал мінулагодняга фестывалю.

Карацей, не зусім зразумела, у чым сенсацыя. А значыць, спытаць трэба непасрэдна ў Змітра Назарава.

— Што цікавага ты прапануеш берасцейцам на сёлетнім Men’s Fest?

— Цікавага будзе шмат. Будзе шмат конкурсаў і віктарын, 20 гуртоў з Горадні, Берасця, Мінска, а таксама з Украіны. Будзе шмат музыкі самых розных плыняў і напрамкаў. Гэта нетыпова для Берасця, першая спроба зрабіць вялікі фестываль у нашым горадзе. Будзем спадзявацца, што людзям спадабаецца. Мы для гэтага робім усё.

— Кожны раз Men’s Fest мяняе фармат, і ўсё роўна гэта Men’s Fest. Ты не бачыш шкоды ў такой непастаяннасці?

— Ну гэта ж мой брэнд (смяецца). Я лічу, гэта добра, калі Men’s Fest кожны год іншы. І дай Бог мне ідэй і магчымасцяў штораз рабіць нешта новае і цікавае. Я хачу, каб Men’s Fest стаў вядомай маркай для берасцейцаў. Каб чалавек, убачыўшы афішу з назвай фестывалю, прыйшоў на яго не задумваючыся, бо ў яго памяці гэта будзе асацыяцыя з трушным фэстам, дзе цікава, дзе можна паслухаць розную музыку на адной пляцоўцы.

— Ты адмовіўся ад конкурснай асновы фестывалю. З чым гэта звязана?

— Не хачу я ў Беларусі больш праводзіць конкурсы. Шмат гуртоў адразу адмаўляецца. Я ж не магу прапанаваць ім добры прыз за першае месца, спонсараў фактычна няма. І гуртам нецікава ў такіх конкурсах удзельнічаць. Яны лічаць, што ў іх ужо ёсць нейкае імя, што яны ўжо вядомыя ў… вельмі вузкіх колах (смяецца). А тыя, хто падае заяўкі… як бы гэта мякчэй сказаць…

— Пачаткоўцы?

— Пачаткоўцы. І не вельмі яны і беларускамоўныя. Конкурс атрымліваецца нецікавы і невідовішчны, на маю думку. Але праца гэтая добрая. Яна падштурхоўвае гурты развівацца і падымаць планку якасці ўсёй беларускай музыкі. Пакуль няма шоу-бізнэсу, бізнэсоўцаў, якія пагадзіліся б падтрымліваць культуру, выдаткоўваць грошы на грамадска-культурныя ініцыятывы, у нас, мабыць, не будзе развівацца конкурсная дзвіжуха.

— Ну а раптам табе прыйдзе ў галаву ў межах Men’s Fest зрабіць асобную конкурсную праграму для маладых, каб пераможцы атрымалі магчымасць выступіць з хэдлайнерамі?

— Можа быць. Але і ў гэтым годзе я кідаў у сацыяльных сетках абвестку, што мне патрэбныя чатыры гурты, якія выступілі б на адной пляцоўцы з больш дасведчанымі камандамі. Я лічу, што гэта стымул для гуртоў, якія яшчэ не маюць свайго ўпэўненага голасу. Але зноў жа, ніякага ажыятажу і абвалу ў маёй паштовай скрыні не было. Напісалі нейкія гурты з Украіны, гатовыя за свой кошт прыехаць і праспяваць. Мне і цікавей было запрасіць украінцаў. А сярод беларускіх давялося шукаць самому. Берасцейскія ўвогуле не рэагавалі, ім было нецікава. Толькі пазней пачалі пісаць некаторыя, пытацца, ці можна ўдзельнічаць небеларускамоўным. Хаця сёлета ў мяне не было такіх жорсткіх умоваў, як летась, калі было абавязкова мець дзве песні на беларускай мове.

— Дык фестываль фактычна перастаў быў фестывалем беларускамоўнай музыкі?

— Я трошкі змяніў погляд і больш ні ад кога не патрабую спяваць па-беларуску. Але прашу. Кажу лідарам гуртоў: “Мне было б прыемна, калі б ты паказаў публіцы, што ты круты і можаш спяваць на любой мове”. Пераконваю, што гэта будзе ў любым выпадку цікава, і сваіх прыхільнікаў гурт не страціць. Бо мова — насамрэч не самае галоўнае ў песні.

— Мінулым разам табе давялося пераносіць фінал Men’s Fest з Берасця ў Мінск праз чыноўніцкія перашкоды. Пасля гэтага нават дзіўна, што сёлета ты зноў арганізуеш яго ў Берасці. Нешта змянілася ў лепшы бок?

— Летась усё сапраўды ішло з вялікімі цяжкасцямі. Але цяпер я думаю, што трэба рабіць вялікі мясцовы фестываль, які быў бы вядомы і ў Беларусі, і за яе межамі. Не ведаю, наколькі мяне хопіць і ці трэба гэта будзе берасцейцам, бо ў нас усё ж асаблівасць менталітэту хадзіць і гундосіць, што ўсё дрэнна, што чыноўнікі нічога не робяць. Ведаеце, я цяпер цесна супрацоўнічаю з абласным упраўленнем культуры і бачу, колькі ў іх працы. Я не ведаю, калі яны на абед ходзяць і нешта яшчэ робяць. Нашы музыкі скардзяцца, што чыноўнікі імі не цікавяцца, не развіваюць іх. Але ж, як мы казалі на ток-шоу “Будзьма беларусамі!” у мінулым снежні, ніхто нічога табе рабіць не будзе, пакуль ты сам для сябе нічога не робіш. Трэба прыходзіць да чыноўнікаў з канкрэтнымі прапановамі. Яны табой не займаюцца не таму, што ты ім непатрэбны. Ты ім у нейкім кантэксце патрэбны, яны разумеюць, што ты — таксама культура. Але дадумваць за цябе, нешта за цябе рабіць яны не могуць, бо ў іх няма ні часу, ні людзей, ні іншых мажлівасцяў.

Я цяпер стараюся працаваць па-еўрапейску. У мяне ёсць канкрэтная ідэя пра Men’s Fest, я прыйшоў, мы некалькі месяцаў абмяркоўвалі, раіліся, як гэта зрабіць. І я не сутыкнуўся ні з адной адмовай ад абласных чыноўнікаў. Я не ведаю, можа, у гэтым годзе нейкі цуд адбыўся, а можа, я іх проста так усіх дастаў, што на мяне вырашылі махнуць рукой.

— Значыць, даставаць іх варта…

— Варта! Варта нешта рабіць. Я ведаю дакладна, што калі буду сядзець на рэпетыцыйнай кропцы са Sciana, Terrakod і тым жа PIROUETTE! і скардзіцца, як усё дрэнна, то нічога не зменіцца. Я буду рабіць праекты, прыходзіць да чыноўнікаў, ад якіх залежыць іх выкананне, і пераконваць, што гэты праект варты існавання і што я магу зрабіць яго якасна.

Гутарыла Іна Хоміч