У дзень, калі Івану Пташнікаву, якога без перабольшання і лішняга пафасу можна назваць сапраўды выбітным беларускім пісьменнікам паваеннай пары, магло б споўніцца 90 гадоў, прыгадваем некаторыя моманты з ягонай біяграфіі.
Нарадзіўся Іван Мікалаевіч 7 кастрычніка 1932 года ў вёсцы Задроздзе на Лагойшчыне ў сялянскай сям’і. Малым правёў тры гады пад нямецкай акупацыяй, што несумненна пакінула адбітак на ўсім ягоным далейшым жыцці.
Дэбютаваў у друку з пейзажнымі вершамі ў 1952 годзе. Яго раннія вершаваныя творы з’яўляліся не толькі на старонках мясцовай газеты «Ленінец», але таксама і ў агульнарэспубліканскім друку — «Чырвонай змене» і «Звяздзе». Праўда, паэтычная кар’ера літаратара-пачаткоўца была зусім нядоўгай — усяго некалькі гадоў. Затым Іван Мікалаевіч на некаторы час замоўк.
Вяртанне ў літаратуру адбылося ў 1957 годзе, калі на старонках легендарнага «Полымя» з’явіўся першы празаічны твор Пташнікава — аповесць «Чачык» аб жыцці калгаснікаў. Тады часы сталіншчыны ўжо незваротна мінулі і можна было дазволіць сабе троху болей, чым раней. Аповесць Пташнікава, дзе галоўны герой п’яніца ды абібок, нарабіла многа шуму. Яе нават абмяркоўвалі ў мясцовым калгасе, а некаторыя нават пазналі ў героях твора сябе.
У тым самым 1957 годзе Іван Пташнікаў скончыў журналісцкае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі год адпрацаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, а пазней працаваў у рэдакцыях літаратурных часопісаў. З 1962 года і да самага выхаду на пенсію ён быў рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Полымя».
У рэдакцыі часопіса «Полымя» (злева направа): Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Віктар Каваленка, Іван Чыгрынаў, Анатоль Вярцінскі, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка. 1962. Крыніца: narbel.bsu.by
Андрэй Федарэнка ў сваіх успамінах пра пісьменніка прыгадвае, што той троху наракаў на такое спакойнае жыццё. Маўляў, мала вандраваў, вёў здаровы лад жыцця і быў абыякавы да любых стымулятараў, што само па сабе ўжо выбівалася з агульнай каляіны той пары. З такіх «цвярознікаў» адразу ж прыгадваецца хіба што Максім Танк.
1962 г., злева направа: Іван Пташнікаў, Вера Вярба і Іван Чыгрынаў. Аўтар невядомы. Крыніца: www.facebook.com/bellitmuseum
Але ж Пташнікаў і сапраўды на фоне многіх іншых пісьменнікаў савецкай пары выглядае абсалютна неверагодна. Мяркуйце самі: не любіў публічных выступаў і сустрэчаў з чытачамі; не раздаваў інтэрв’ю; не выступаў з публіцыстыкай у рэспубліканскай і саюзнай прэсе. Па тых часах гучыць амаль фантастычна, што ў нас былі і такія аўтары. У тых жа ўспамінах Андрэй Федарэнка разважае і пра яго відавочную адасобленасць:
«І ўсё ж думаю, што не толькі запалохалі, не адна асцярожнасць была прычынай яго дзіўнаватага, дзікаватага адзіноцтва. Надта самадастатковай была яго проза. Цану ён сабе ведаў. Магчыма, ён проста не хацеў пускаць у свой свет чужых. Бо ўсё ж сказана ў творы. І раскладзена па палічках у рэцэнзіях. Калі чалавек не чытаў, ці прачытаў і не зразумеў, дык якія тут выступленні, якія інтэрв’ю могуць яго змяніць? Гэта проста не мой, не Пташнікава, чытач. Хай чытае іншых».
Іван Пташнікаў (стаіць трэці злева) у часопісе «Полымя» сярод супрацоўнікаў і аўтараў. 1963 г. Злева направа: Мікола Хведаровіч, Вячаслаў Аўрамчык, Андрэй Александровіч, Анатоль Вялюгін, Васіль Хомчанка, Ян Скрыган, Барыс Сачанка, Рыгор Шкраба, Іван Чыгрынаў, Анатоль Вярцінскі, Раман Тармола.
(Фота з фондаў БДАМЛМ. www.nlb.by.)
Зрабіў сабе імя Іван Пташнікаў галоўным чынам на дзвюх тэмах — вайне і вёсцы. Пісаў аб тым, што добра ведаў, разумеў і сам перажыў. У 1978 годзе за аповесць «Найдорф», дзе гаворка ідзе пра змаганне партызанаў з немцамі, Іван Пташнікаў атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. З яе спачатку зробяць радыёспектакль, а потым і экранізуюць.
Разам з тым ягоныя творы пазбаўлены плакатнасці і агітацыйнасці: аўтар не спрабуе пераканаць нас у нечым, давесці нейкі адзіна правільны пункт гледжання. Ён проста расказвае гісторыю, дзе паказвае сваё бачанне і мае на тое поўнае права, бо ён аўтар. Чытач у такім разе можа згаджацца, а можа і не, але не захоча адкладаць у бок яго кніжку. Да ўсяго, вясковы свет, створаны Пташнікавым, — глыбока нацыянальны. Гэта акурат той выпадак, калі аўтар, не называючы рэчы, удала паказвае іх.
Асобна трэба спыніцца на мове Пташнікава. Ён, як і Вячаслаў Адамчык, — яскравы прадстаўнік так званага «філалагічнага пакалення». Разам з тым у яго, як і ў прозе Адамчыка, беларуская мова жывая, а не ўзятая з савецкага слоўніка. Па тых часах гэта была вельмі рэдкая з’ява, бо беларускіх пісьменнікаў яшчэ ў 1930-х гадах прывучылі да «літаратурнай» мовы — то-бок стандартызаванай, унармаванай, стэрыльнай.
У прыгаданых ужо ўспамінах Андрэя Федарэнкі ёсць, вядома, і пра мову Пташнікава:
«Сам Іван Пташнікаў быў абсалютным рэкардсменам у беларускай літаратуры па ўжыванні дыялектаў. Калі б іх усе сабраць, атрымаўся б ладны томік. З гонарам расказваў, як яму даводзілася іх адстойваць: «Дамашэвіч усё пагражаў — я вашы плешчаніцкія дыялектызмы і барысаўскія русізмы буду высякаць гэтым вашым «тапаром»!»
А вось з абразка Адама Глобуса «Пташнікаў і чарга» можам даведацца крыху аб цікавасцях пісьменніка ў літаратуры:
«Звычайна кнігі, якія чытае пісьменнік, яго натхняюць і моцна ўплываюць на творчасць. У Івана Пташніка ўсё атрымлівалася роўна наадварот. Пташнікаў пісаў шматвобразную, густаслоўную, вясковую прозу, а чытаў ён дэтэктыўныя раманы ды паліцэйскія аповесці. У пісьменніцкай бібліятэцы ён заўжды стаяў першым у чарзе па свежую кнігу з вострым сюжэтам і крымінальнай фактурай. «Чытанне сур’ёзных кніжак замінае працаваць, мне трэба думаць пра свае, а не пра чужыя творы. Таму я, пакуль пішу раман, стараюся абмяжоўвацца лёгкім чытвом», — так Іван Пташнікаў тлумачыў бібліятэкаркам сваё чытацкае захапленне шпіёнскімі ды бандыцкімі раманамі.
Каб мой чытач займеў уяўленне пра стыль прозы Пташнікава, я працытую адзін з першых сказаў яго галоўнага рамана «Алімпіяда»: «Вецер гнала з Ячнага ў вёску аж да раніцы, ён стукаў у вокны ад гарода, не даючы заснуць, і цяпер, калі Алімпіяда, апёршыся рукамі на край слізкага ад макраты старога зруба над студняй, стаяла і глядзела праз аселіцы далёка на грэблю, чула, як баляць ад бяссоння вочы: рэжа пад павечкамі». Мяне заўсёды дзівіла, што Пташнікаў-чытач і Пташнікаў-пісьменнік былі такімі рознымі людзьмі. Ну і чаргу на чытанне замежных «дзюдзікаў» я заўсёды саступаў шаноўнаму Івану Мікалаевічу Пташнікаву».
Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, Іван Пташнікаў напісаў сваіх «Львоў» — першы ў беларускай літаратуры твор аб чарнобыльскай трагедыі. Вось як там апісваецца эвакуацыя з зоны радыеактыўнага забруджання:
«Сёння над усім гэтым — над вёскай, над людзьмі, над доўгімі чырвонымі аўтобусамі і вялікімі кузаўнымі машынамі, крытымі брызентам, у кабінах, якіх сядзелі ваенныя, вісела нейкая ўтрапёная, гарачая чалавечая трывога, якую Джукі ўлавіў ужо тыдні два назад. Яна адрознівалася ад звычайнай сабачай трывогі, і яе Джукі ніяк не мог зразумець сваім маладым яшчэ розумам... Нарэшце яна вылілася ў адну кроплю, чыстую і празрыстую, як раса на ніжыперніцы: ён больш ніколі не ўбачыць свайго маладога гаспадара з маленькімі дзецьмі на руках...
Над вёскай павіслі гарачае сонца — паліла з засмужанага жоўтага неба — і плач. Дзяцей адлучылі ад грумады і пасадзілі ў вялікія чырвоныя автобусы — садзілі людзі ў белых шапачках на галовах. Ад іх пахла ёдам — аж зрывала нос.
У аўтобусах шчыльна пазачынялі вокны».
Пайшоў з жыцця Іван Мікалаевіч пасля цяжкай хваробы ў ліпені 2016 года ва ўзросце 83 гадоў. Зборнікі ягонай прозы «Зерне падае не на камень», «Сцяпан Жыхар са Сцешыц», раманы «Чакай у далёкіх Грынях», «Мсціжы», «Алімпіяда» і знакамітая «Лонгва» і цяпер чытаюцца не без цікавасці.
Л. Г., budzma.org
P. S. Да 3 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць выстава «Жывая стыхія творчасці». На ёй прадстаўлена літаратурная спадчына гэтага адметнага беларускага празаіка.