Народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Васіль Шаранговіч памёр на 83-м годзе жыцця. Пра гэта паведамілі сваякі мастака. Некалькі дзён таму памерла жонка Шаранговіча, сам мастак не дажыў да свайго 83-годдзя пару тыдняў.
Шаранговіч нарадзіўся 14 студзеня 1939 года, у 1966 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1997 па 2009 год у якасці рэктара узначальваў дадзеную ВНУ.
Пачынаў сваю творчую дзейнасць з серыі лінагравюр па матывах твораў класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. Акрамя графікі, у творчай спадчыне мастака акварэльныя пейзажы і гістарычныя партрэты. Шаранговіч зрабіў ілюстрацыі да больш, чым 70 кніжных выданняў. Яго творы экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, дырэктарам якога Шаранговіч з'яўляўся доўгі час.
Развітанне з народным мастаком пройдзе 3 студзеня 2022 года ў Мінску ў Кафедральным саборы Спаслання Святога Духа, ён будзе пахаваны на мінскіх Усходніх могілках.
Рэдакцыя партала Budzma.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Народнага мастака.