Роўна 105 гадоў таму, у снежні 1917 года, адбыліся лёсавызначальныя для нашай краіны падзеі. У гадавіну Першага Усебеларускага з’езда, які праходзіў тады ў будынку гарадскога тэатра ў Мінску і быў гвалтоўна разагнаны бальшавікамі, прыгадваем цікавосткі аб гэтай падзеі.
Будынак Мінскага гарадскога тэатра, у якім адбываўся І Усебеларускі з’езд. Фота з Вікіпедыі
З лета 1917 года істотна паскорыліся дзяржаватворчыя працэсы на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Не была выняткам у іх і Беларусь. Калі да восені беларускія салдаты, рабочыя ці сяляне проста мітынгавалі, высоўваючы свае патрабаванні, то цяпер у іх з’явілася цалкам рэальная магчымасць займець сваю рэспубліку.
З аднаго боку, бальшавікі, якія толькі зрынулі Часовы ўрад, дэкларавалі права народаў на самавызначэнне, нават да поўнага аддзялення. А з іншага, выдалі вядомы «Дэкрэт аб міры» — то-бок вырашылі замірыцца з немцамі. Гэтыя падзеі яшчэ больш згуртавалі і актывізавалі тагачасны беларускі рух, бо ўсім стала зразумела: далейшы лёс Беларусі залежыць напрамую ад мірных перамоваў, якія маюць распачацца ў снежні.
Нягледзячы на распаўсюджаныя стэрэатыпы, беларусы тады спрабавалі самі вырашаць свой далейшы лёс. Прычым цікавасць да яго была не толькі ўнутры будучай краіны, але і далёка за яе межамі. У тым жа Петраградзе, Маскве, Кіеве ці Адэсе былі даволі вялікія калоніі беларусаў, якія атабарыліся там яшчэ за часамі імперыі. Сюды варта дадаць беларусаў, якія змагаліся на франтах вялікай вайны ў шэрагах былога царскага войска. Натуральна, што і гэтыя ўчорашнія франтавікі хацелі вырашаць лёс свайго краю.
Сярод тых, хто стаяў за скліканнем Першага Усебеларускага з’езда, былі дзве плыні, якія вельмі ўмоўна можна падзяліць з пазіцый нашага часу на «левых» і «правых». Чаму так? Бо і ў адным, і другім лагеры былі сацыялісты, але разам з тым і там, і там былі і прыхільнікі нацыянальнага адраджэння, беларускай справы і аднаўлення дзяржаўнасці.
Першыя гуртаваліся вакол так званага Беларускага абласнога камітэта, які быў створаны 17 лістапада і які ўзначаліў Яўсей Канчар. Акрамя яго, там былі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Зміцер Жылуновіч, Аляксандр Чарвякоў, Фабіян Шантыр, Фёдар Турук ды іншыя. Ужо ў дзень свайго стварэння БАК выдаў дэкларацыю з патрабаваннем неадкладна паставіць пытанне аб самавызначэнні беларускага народа з мэтай стварэння аўтаномнай Беларусі ў складзе Савецкай Расіі.
Другія гуртаваліся галоўным чынам вакол Вялікай беларускай рады, якая таксама не збіралася канчаткова парываць з Расіяй, але разам з тым ставіла рубам нацыянальнае пытанне. Сярод тых, хто там быў — Язэп Варонка, Тамаш Грыб, Аркадзь Смоліч, Аляксандр Цвікевіч, Раман Скірмунт. На наступны дзень пасля стварэння БАК, то-бок 18 лістапада, выканаўчы камітэт Вялікай беларускай рады выдаў адозву, у якой было абвешчана аб скліканні Усебеларускага з’езда 5 снежня ў Мінску.
Няцяжка здагадацца, што дзве гэтыя плыні канкуравалі між сабой за права арганізацыі лёсавызначальнага мерапрыемства. Але выйшла так, што толькі аб’яднаўшы свае высілкі, дасягнуўшы кампрамісаў, змаглі нешта зрабіць. Разам з тым СНК Заходняй вобласці і фронту, які фактычна быў нібыта законнай уладай у Беларусі, ухіліўся ад хоць бы якога ўдзелу ў з’ездзе. А сумнавядомы Аблвыкамзах дык і наогул замінаў справе яго арганізацыі.
Прычына даволі простая: людзі, якія былі там на ключавых пасадах, не былі беларусамі ні па духу, ні па паходжанні. Не ведаючы мясцовай гісторыі, традыцыі і культуры, яны нават і не думалі аб тым, што хвалявала ўдзельнікаў з’езда. Прасякнутыя ідэалогіяй пралетарскага інтэрнацыяналізму, яны свята верылі ў тое, што сусветная камуністычная рэвалюцыя не за гарамі і патрэба ў нацыях і нацыянальных дзяржавах проста адпадзе сама па сабе. За гэта іх нават у пазнейшы час крытыкавалі нібыта «свае» — той жа Зміцер Жылуновіч, для якога, нягледзячы на яго левыя погляды, прыярытэтнай была ўсё ж радзіма, але не нейкі абстрактны свет.
Картка, якую знайшлі падчас рэстаўрацыі Купалаўскага тэатра магчыма, служыла пропускам на з’езд. Фота з Вікіпедыі
Дэлегаты з’езда пачалі збірацца ў Мінску яшчэ 5 снежня, але афіцыйна ён пачаў працу толькі 7 чысла. Цягам дзесяці дзён, з 5 па 15 снежня, мандатная камісія выдала ўдзельнікам 1167 мандатаў з правам вырашальнага голасу і 705 з правам дарадчага. Чаму так доўга? Бо дэлегатам з’езда было не так і проста дабрацца ў горад, які неўзабаве стане беларускай сталіцай. На гэта быў патрэбны час.
Калі большасць удзельнікаў былі ўжо ў Мінску, 14 снежня, быў сфармаваны Прэзідыум і Рада. Старшынёй прэзідыюму быў абраны Іван Серада, які потым стане заўважным дзеячам БНР. А ў Раду з’езда будзе абрана 57 чалавек, сярод якіх, акрамя ўжо прыгаданых Яўсея Канчара, Язэпа Варонкі, Аркадзя Смоліча і Аляксандра Цвікевіча, будуць выбраныя таксама і такія знаныя беларускія дзеячы, як Алесь Бурбіс, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Язэп Дыла і Яўхім Карскі.
Асноўным днём з’езда стаў апошні — 17 снежня, калі ўдзельнікі мелі выпрацаваць адзіны дакумент аб далейшым самавызначэнні Беларусі — рэзалюцыю. Гартаючы стэнаграму, мы бачым жаданне вырашыць менавіта гэтае пытанне: ад удзельнікаў гучаць заклікі абвесціць Беларускую Рэспубліку проста тут і цяпер. Заля сустракае такія заклікі авацыямі. А справа была ўжо позна ўвечары.
Але рэзалюцыя з’езда, якая мелася складацца з 15 пунтаў і абвяшчала аб стварэнні часовай улады, так і не была прынятая ні 17 снежня, ні на наступны дзень. Пасля таго, як адзінагалосна быў зацверджаны першы пункт, дзе гаворка акурат аб тым і вялася, у залю зайшлі прадстаўнікі Аблвыкамзаху з узброенымі салдатамі і спынілі працу з’езда. Арыштаваныя былі 25 чалавек з прызідыуму, у тым ліку і Іван Серада, а іншыя ўдзельнікі літаральна выгнаныя з будынка тэатра штыкамі.
Праз некалькі дзён арыштаваныя будуць адпушчаны, а Рада з’езда апублікуе адозву з пратэстам супраць гвалтоўных дзеянняў аблвыкамзахаўцаў. Пратэставаць будуць і іншыя беларускія нацыянальныя арганізацыі. І тым не менш факт разгону адыграе трагічную ролю ў справе паўставання дзяржаўнасці.
Гэта будуць пазней адзначаць у сваіх успамінах і Яўсей Канчар, які праз два гады ў Петраградзе выдасць кнігу «Белорусский вопрос», дзе разгон будзе названы фатальным, і Зміцер Жылуновіч, які ўжо праз пяць гадоў пасля тых падзей пачне пісаць іх гісторыю, і Янка Купала ў сваёй публіцыстыцы, і Максім Гарэцкі.
У хуткім часе пасля таго будзе абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, а потым і Савецкая Беларусь. Людзі, якія ў снежні 1917 года знаходзіліся ў будынку гарадскога тэатра і былі ў адным лагеры, акажуцца потым па розныя бакі барыкад. І тым не менш яны ўсё адно будуць захоўваць пэўную прыязнасць. Калі Жылуновіч абвесціць у Смаленску свой «Маніхвэст», Тамаш Грыб на пачатку 1919 года на старонках выдаванай ім у Вільні газеты «Грамадзянін» адгукнецца кампліментарным артыкулам пад назвай «Новы Беларускі ўрад».
Вядома, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але вельмі хацелася б глянуць на тое, як усё склалася б, каб гэты з’езд завяршыўся, як мае быць...
Л. Г., budzma.org