Палітычныя лідары дзяржаў штогод напачатку ліпеня дасылаюць віншаванні афіцыйнаму Вашынгтону з нагоды чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці ЗША. Да аднаго з найбольш незвычайных віншаванняў маюць дачыненне і беларусы. Якім чынам беларускія і польскія школьнікі 1920-х гадоў павіншавалі ЗША з Днём незалежнасці і як у Кангрэс ЗША патрапілі подпісы продкаў многіх беларусаў, піша Мікалай Заяц.
Пачатак ХХ стагоддзя. Афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША — Белы дом. Фота: i.pinimg.com
111 тамоў у падарунак
1926 год. У Белы дом у Вашынгтоне ў адрас 30-га прэзідэнта ЗША Кальвіна Куліджа даставілі незвычайную пасылку з Польшчы. Склад і аб’ём карэспандэнцыі быў асаблівы: замест дыпламатычных лістоў і афіцыйных дакументаў, у рэзідэнцыю прэзідэнта Злучаных Штатаў праз акіян прывезлі дакумент са 111 тамоў, які налічваў дзясяткі тысяч старонак з уласнаручнымі подпісамі беларусаў і палякаў. Карэспандэнцыя з Польскай Рэспублікі была накіравана ў Вашынгтон з нагоды 150-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Злучаных Штатаў Амерыкі.
Перадача кніг у Белы дом. Фота з асабістага архіву аўтара
Каліграфічны код з некалькіх мільёнаў подпісаў
«Польская дэкларацыя Злучаным Штатам аб захапленні і сяброўстве» — такую назву атрымаў амбітны праект, вынікі якога перадалі ў 1926 годзе ў Белы дом — утрымлівала подпісы прадстаўнікоў розных колаў грамадства і істэблішмента Другой Рэчы Паспалітай, у склад якой, па выніках Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, уваходзіла і тэрыторыя Заходняй Беларусі — сучасная Гродзенская вобласць, часткі Брэсцкай і Мінскай абласцей. Прадстаўнікі фактычна ўсіх узроўняў улады міжваеннай Польшчы, шматлікія грамадскія і рэлігійныя дзеячы, ваенныя і прадпрымальнікі пакінулі свой «каліграфічны код» у перададзеным Вашынгтону дакуменце. Істотная частка «Дэкларацыі» складалася з подпісаў маладых жыхароў Польскай Рэспублікі: не менш за некалькі мільёнаў подпісаў пакінулі навучэнцы польскіх школ, у тым ліку і тых, якія знаходзіліся ў «беларускіх ваяводствах».
Тэкст «Дэкларацыі» складаўся на дзвюх мовах: па-польску і па-англійску — з левага боку — здымак, з правага — пераклад. Фота з сайта Бібліятэкі Кангрэса ЗША
Што напісана ў «Дэкларацыі»
«[...] Народ Польшчы дасылае вам, грамадзяне вялікага амерыканскага саюзу, братэрскія вітанні разам з запэўненнем у нашым найглыбейшым захапленні і павазе да створаных вамі інстытутаў, у якіх свабода, роўнасць і справядлівасць знайшлі сваё найвышэйшае выражэнне і сталі пуцяводнымі зоркамі для ўсіх сучасных дэмакратый.
Шляхетныя амерыканцы, ваша свята — не толькі свята для вас. Яно знаходзіць цёплы водгук ва ўсім свеце, і асабліва ў нашай радзіме Польшчы, якая ганарыцца тым, што ў тую знамянальную гадзіну вашай гісторыі, калі Джордж Вашынгтон падняў сцяг свабоды, побач з ім стаялі і нашы змагары за волю — Тадэвуш Касцюшка і Казімір Пуласкі.
Супольна пралітая кроў з’яднала нас назаўжды вузамі адных пачуццяў да аднаго ідэалу вольнага чалавека і вольнай нацыі [...]»
Аправіўшыся ад «вялікіх» войнаў — пасля Першай сусветнай вайны мінула 8 гадоў, запал савецка-польскай вайны пагас некалькімі гадамі раней, а да Другой сусветнай заставалася яшчэ больш за дзесяцігоддзе — польская ўлада актыўна ўзялася за адукацыю на новадалучаных беларускіх землях. Наведванне пачатковых школ стала абавязковым, таму дзеці многіх мясцовых жыхароў былі абавязаныя ўзяцца за адукацыю — падчас падрыхтоўкі «Дэкларацыі» значная частка сялянскіх дзяцей-беларусаў наведвалі польскую школу. Менавіта таму тамы з подпісамі беларускіх навучэнцаў могуць быць цікавымі для многіх беларусаў — сярод іх могуць знайсціся подпісы продкаў, што навучаліся ў 1920-х гадах у школах Заходняй Беларусі.
Як рыхтавалася выданне
Па ўсёй краіне дасылаліся надрукаваныя ў варшаўскай друкарні «Аркта» карткі, якія пасля запаўнення вярталіся ў арганізацыйны камітэт. Тым часам школы Другой Рэчы Паспалітай падчас падрыхтоўкі «Дэкларацыі» ўступілі паміж сабой у сапраўднае суперніцтва па арыгінальнасці сваіх пасланняў. Намагаючыся выдзеліцца сярод іншых і зрабіць сваё віншаванне найбольш уважным, да некаторых старонак з подпісамі школьнікаў далучаліся паштоўкі, падпісныя лісты былі ўпрыгожаныя ўласнаручнымі допісамі і ілюстрацыямі. Пры тым подпісы пад «Дэкларацыяй» пакідалі як настаўнікі, так і навучэнцы. Акрамя паштовак, меліся фотаздымкі класаў і нават вершы — праўда, у «беларускай частцы» «Дэкларацыі» яны сустракаюцца радзей.
Падпісныя лісты Парэцкай школы (цяпер — Пінскі раён Брэсцкай вобласці) Фота з сайта Бібліятэкі Кангрэса ЗША
Подпісы з больш як 20 тысяч пачатковых і сярэдніх школ, якія прадстаўлялі 235 школьных акруг, змешчаны ў тамах 14-110 «Дэкларацыі». Большасць запісаў (да 93 тома) арганізаваныя ў алфавітным парадку па адміністрацыйных акругах (паветах), яшчэ частка (з 94 па 109 тамы) арганізаваная ў выпадковым парадку. Том 111, выкананы прыгожай каліграфіяй, прадстаўляе сабой агульнае апісанне падарунка.
Ліст «Дэкларацыі». Фота з сайта Бібліятэкі Кангрэса ЗША
Ініцыятарамі падрыхтоўкі «Дэкларацыі», сярод мэт якой была ўдзячнасць амерыканцам за дапамогу падчас Першай сусветнай вайны 1914-1918 гадоў і за ўдзел амерыканскіх лётчыкаў з эскадрыльі Касцюшкі ў савецка-польскай вайне, сталі Амерыканска-польская гандлёва-прамысловая палата Польшчы і Польска-амерыканскае таварыства. Дакумент складаўся пры арганізацыйнай падтрымцы польскіх уладаў. Сярод іншых «Дэкларацыю» падпісаў прэзідэнт Другой Польскай Рэспублікі Ігнацы Масціцкі, прэм’ер-міністр Казімеж Барталь, чальцы Сейма і Сената Польшчы. Сярод падпісантаў быў і Юзэф Пілсудскі — першы кіраўнік незалежнай Польшчы ў 1918-1922 гадах.
Лісты «Дэкларацыі». Фота з сайта Бібліятэкі Кангрэса ЗША
Лёс «Дэкларацыі» ў ЗША
Што стала з «Дэкларацыяй» пасля таго, як яна была дастаўлена ў Штаты?
Амерыканцы з павагай паставіліся да гэтага ўнікальнага дакумента. Прэзідэнт ЗША Кальвін Кулідж даў даручэнне перадаць яго на захоўванне ў бібліятэку Кангрэса Злучаных Штатаў. Сёння дзясяткі тысяч старонак «Дэкларацыі» (толькі ў першых 13 тамах агульная колькасць старонак перавышае 28 тысяч) працягваюць захоўвацца ў бібліятэцы Кангрэса, а ў пачатку XXI стагоддзя «Дэкларацыя» была адлічбаваная — цяпер яе змест дасяжны па ўсім свеце.
Ліст «Дэкларацыі». Фота з сайта Бібліятэкі Кангрэса ЗША
Можа быць, сярод мільёнаў подпісаў — аўтограф вашага продка? Пагартаць аркушы гісторыі і адшукаць сваё прозвішча можна на сайце бібліятэкі Кангрэса ЗША.
Мікалай Заяц, Budzma.org