«Не, ну, нічога такога нечаканага ня здарылася. Проста хочацца ўсё кантраляваць — прыбыткі народа, падаткі, перасоўваньне, выезд з краіны». Лявон Вольскі ў аўтарскай рубрыцы «Мама, не журыся» на budzma.org разважае пра новае палажэнне, прынятае беларускім урадам, датычна неабходнасці атрымліваць дазвол на выезд з Беларусі для пастаяннага пражывання за мяжой.
Вось асабліва гэты выезд вельмі хвалюе людзей ва ўладзе. Бо — як гэта магло здарыцца?! — некалькі сотняў тысячаў за кароткі тэрмін узялі ды зьехалі з краіны! Зьехалі і сядзяць там, за бугром. Ды не, ня проста сядзяць, ладзяць усялякія акцыі, мітынгі, канфэрэнцыі! Крытыкуюць беларускую ўладу і нават таго, каго крытыкаваць ня тое, што нельга — немагчыма! А яны спакойненька дазваляюць сабе вось такія некультурныя паводзіны. Спачатку пратэставалі на радзіме, змагары паганыя, цяпер там, за бугром, пратэстуюць.
Хочаш прадаць маёмасць — прыязджай у Cінявокую
Кінулі на радзіме, у РБ, нажытую за доўгія гады нерухомасьць. І, заўважце, нажылі яны гэтую нерухомасьць дзякуючы нашай уладзе. Зараблялі тут грошы, рабілі свае бізнэсы, ІП, круцілі-муцілі і накуплялі-набудавалі сабе кватэры-катэджы. І замест, каб падзякаваць, падтрымаць уладу — ланцугі салідарнасьці, мітынгі, пратэсты. Чорная няўдзячнасьць! Цяпер спрабавалі адтуль, з-за бугра, сваю гэтую нерухомасьць прадаць. І хто-ніхто нават і прадаў. Але ўлады своечасова заўважылі гэтую тэндэнцыю і паставілі заслон нячыстым зьдзелкам. Цяпер — хочаш прадаць? — калі ласка, прыяжджай у Cінявокую і афармляй, як належыць, дамову куплі-продажу. Ці то пішы даверанасьць на якога свайго брата ці свата. Але ня там, за бугром, а тут, у нас, у дзяржаве для народу. Заадно цябе правераць — ці ўдзельнічаў(ла) ты ў пратэстах, ці не падпісаны(ая) на дэструктыўныя каналы? Калі высьветліцца, што ўдзельнічаў ці падпісаны, ці і тое, і гэтае — тады сплаці радзіме доўг. Адсядзі колькі годзікаў, пашый форму для нашых прыўкрасных сілавікоў.
Пашпарт або тэрмін
Тое ж — для тых, у каго сканчаецца пашпарт. Вы што, хацелі, каб вас там, за бугром, нашыя пасольствы ды консульствы абслугоўвалі? Прыслужвалі вам, такім прыгожым, адукаваным і разьняволеным? «Вось вам, калі ласка — новы пашпарт, прабачце, што давялося чакаць цэлы тыдзень»... Ды нічога падобнага! Прыяжджайце ў РБ, ідзіце ў пашпартны аддзел па мейсцы рэгістрацыі, пішыце заяву на падаўжэньне пашпарту і чакайце, пакуль яго вам (можа быць) зробяць. А яшчэ вас там правераць на тое, пра што казалася ў папярэднім абзацы, і фінал можа быць розны — ці то атрымаеце пашпарт, ці атрымаеце тэрмін.
Нічога нечаканага
Таму я й кажу: нічога нечаканага ня здарылася. Проста цяпер паводле новых правілаў перад тым, як выехаць туды, за бугор, на пастаяннае мейсца жыхарства, вы мусіце, апроч усяго, зьвярнуцца па дазвол у кампэтэнтныя ворганы. А яны, гэтыя ворганы, будуць вас цягам трох дзён узмоцнена правяраць — ці не вісяць на вас штрафы, крэдыты, алімэнты? Ну, і, натуральна, ці ня ўдзельнічалі вы ў пратэстах і ці не лайкалі штосьці ня тое? Ці не камэнтавалі? Ці не падпісаныя на ўсялякія нехарошыя каналы? Ну, і фінал гэтага звароту па дазвол можа быць розны — паставяць вам у пашпарт дазвол на выезд ці то паставяць вас на ўлік у сілавых структурах, ці паставяць на расьцяжку ў камэры.
Таму думайце. Бо пакуль пры выезьдзе за мяжу не патрабуюць паказаць пячатку пра дазвол на выезд на ПМЖ. І пакуль наогул не патрабуюць ніякага дазволу на выезд. Пакуль.
Лявон Вольскі, budzma.org
Меркаванне аўтараў раздзела «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.