У гадавіну атрымання Магілёвам герба — 9 чэрвеня — «Будзьма!» вырашыла звярнуцца да мінуўшчыны і прыгадаць цікавыя факты з гісторыі горада, некаторыя з якіх могуць аказацца для многіх нечаканымі.
Герб за змаганне супраць маскоўскіх акупантаў
На сёння Магілёў з’яўляецца абласным цэнтрам і трэцім у краіне (пасля Мінска і Гомеля) па колькасці жыхароў (383 313). У гістарычным кантэксце згадваецца не так часта, прынамсі ў параўнанні з Полацкам, Вільняй, Мінскам, Гроднам ці Нясвіжам, але таксама шмат чым можа пахваліцца.
Першая згадка пра горад адносіцца да 1267 года ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх», у пачатку наступнага стагоддзя горад ужо далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і стаў цэнтрам воласці. У розныя часы горадам валодалі вялікія князі літоўскія і каралі Рэчы Паспалітай. Так, напрыклад, каралева Ядвіга атрымала Магілёў у падарунак на вяселле ад Ягайлы. Валодала горадам і дачка візантыйскай прынцэсы ды жонка вялікага князя літоўскага Алена Іванаўна.
Вялікую ролю, як пазітыўную, так і негатыўную, у гісторыі Магілёва адыгрывала знаходжанне ля ўсходніх межаў. Так, горад неаднойчы знішчаўся і цярпеў ад маскоўскіх і расійскіх войскаў. З гэтым таксама звязаная гісторыя атрымання герба. У 1577 годзе кароль Стэфан Баторый надаў Магілёву Магдэбургскае права і першы герб з выявай вежы на блакітным фоне, а вось герб, які знаёмы нам сёння — з брамай, рыцарам і «Пагоняй», — горад атрымаў у 1661 годзе ад караля Яна II Казіміра за мужнасць у паўстанні супраць маскоўскіх акупантаў. Акрамя таго, горад быў ураўнаваны ў правах з Вільняй. У сваю чаргу, праваслаўная царква з 1661 года наклала на горад анафему, якая захоўваецца да гэтага часу!
Ужо ў ХХ стагоддзі ў Магілёве фактычна знаходзілася рэзідэнцыя апошняга расійскага імператара Мікалая ІІ, дзе ён жыў са сваёй сям’ёй і дзе знаходзілася стаўка галоўнакамандуючага.
Пра значнасць Магілёва ў новы час сведчыць і той факт, што менавіта сюды планавалася перанесці сталіцу Беларусі ў 1938 годзе (у тым ліку праз блізкасць Мінска да польскай мяжы ў той час). Выйшла нават спецыяльная пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) № 508 «Аб гарадскім будаўніцтве ў горадзе Магілёве ў сувязі з пераносам сталіцы Беларускай ССР». У сувязі з гэтым нават паспелі пабудаваць Дом урада, аналаг мінскага.
Цікава будзе адзначыць, што за савецкімі часамі, акрамя ўсяго іншага, Магілёў двойчы планавалі перайменаваць. Так, у 1924 годзе, пасля смерці Леніна, горад хацелі назваць Уладзімір-Ільінскі, а ў 30-я — Шміт (у гонар ураджэнца Магілёва Ота Шміта).
Ад караля да прэзідэнта
З Магілёвам звязана шмат гістарычных імёнаў. У розныя часы і пры розных абставінах горад наведалі шведскі кароль Карл XII, аўстрыйскі імператар Франц Іосіф II, расійскія імператары, у тэатры выступаў Фёдар Шаляпін, а Аляксандр Пушкін нібыта з балкона ў цэнтры горада абліваў шампанскім.
Але варта адзначыць ураджэнцаў Магілёва. Так, Магілёў — радзіма друкара Спірыдона Собаля і старажытнабеларускага паэта і філосафа Тамаша Яўлевіча. У Магілёве нарадзіліся Эліяху Берлін — адзін з заснавальнікаў Тэль-Авіва і падпісант дэкларацыі незалежнасці Ізраіля, Мадэст Альтшулер — амерыканскі музыка і кампазітар.
Як цікава адзначыў гісторык Уладзімір Арлоў, мала хто здагадваецца, што зусім не Аляксандр Лукашэнка стаў першым беларусам — прэзідэнтам краіны, а ўраджэнец Магілёва Мікалай Судзілоўскі — грамадскі дзеяч з неверагоднай біяграфіяй, рэвалюцыянер, прэзідэнт Сената Гавайскіх астравоў.
У якасці пастскрыптума
На заканчэнне хочацца прывесці яшчэ некалькі цікавых фактаў. У канцы ХІХ стагоддзя Магілёў аказаўся самым беларускамоўным горадам. Вынікі Усерасійскага перапісу 1897 года паказалі, што амаль 30% гараджан лічаць роднай беларускую мову, што стала найвышэйшым паказчыкам у параўнанні з іншымі гарадамі.
У Магілёве знаходзіўся Крыж Ефрасінні Полацкай да яго знікнення. Разам з беларускай рэліквіяй захоўваліся, а потым зніклі і іншыя каштоўнасці, сярод якіх — калекцыя беларускіх рукапісных кніг, булава Жыгімонта III і мітра Георгія Каніскага.
У Магілёве захоўваецца адзіны ў Беларусі арыгінал статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года. Яго ў 2012 годзе выкупілі ў калекцыянера ў Маскве за $45 тысяч і перадалі Музею гісторыі Магілёва.
Кірыл Стаселька, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!