Кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша на budzma. by пра цыкл дакументальных стужак «Невядомая Беларусь».
Галівуд нас маральна разбэсціў. Мы ўжо прызвычаліся да таго, што нават самыя дрэнныя гісторыі павінныя абавязкова заканчвацца хэпі-эндам. Але не цяпер, не ў высакосным годзе.
Прайшло ўжо амаль два месяцы з моманту, калі ў страшэнную аўтааварыю пад Мар’інай Горкай трапілі прадзюсар Уладзімір Міхайлоўскі, гукааператар Максім Гаўрыленка і рэжысёрка Любоў Зямцова. Машына, што выехала на сустрэчную паласу, адным махам забіла не толькі трыа маладых і таленавітых кінематаграфістаў. Горш за тое, яна фактычна знішчыла будучыню беларускай дакументалістыкі.
Усё таму, што Уладзімір, Максім і Любоў былі адзінай камандай новага дакументальнага цыклу «Невядомая Беларусь», які ў сярэдзіне лютага толькі стартаваў на пражскім расійскамоўным тэлеканале «Настоящее время», а таксама ў сеціве. Гэты быў праект з магутным мастацкім і публіцыстычным патэнцыялам, які мусіў распавесці замежным гледачам, што з сябе ўяўляе сучасная Беларусь. Не тая, якую паказваюць па дзяржтэлебачэнні, а як раз пазбаўленая пафасу афіцыйнай ідэалогіі. Звычайныя гісторыі простых беларусаў, якія жывуць у своеасаблівых, падчас складаных умовах поставецкай рэчаіснасці.
Але лёс так абсурдна склаўся, што аўтары праекта загінулі падчас працы над ім — вярталіся ў Мінск з Гомеля, дзе толькі адзнялі матэрыял аб працы валанцёраў грамадзянскай кампаніі BYCOVID19, якія і дагэтуль дапамагаюць беларускім лекарам. Такіх страшэнных трагедый беларуская кінасупольнасць не перажывала, магчыма, з канца 70-х гадоў, калі загінула рэжысёрка Людміла Шапіцька, якая зняла па быкаўскай прозе хрысталагічную ваенную драму «Узыходжанне», што скарыла «Берлінале».
Тым не менш гібель аўтараў не забіла сам праект — нядаўна прадзюсары з «Настоящего времени» афіцыйна абвясцілі, што дакументальны цыкл усё ж будзе прадоўжаны, у тым ліку як памяць пра працу Любы, Валодзі і Максіма.
Дык што з сябе ўяўляла «Невядомая Беларусь» да моманту свайго драматычнага спынення?
Гэта быў сапраўдны серыял пра падчас невядомыя старонкі беларускага жыцця, які па сваёй мастацкай форме меў мала агульнага с класічнай тэлевізійнай дакументалістыкай. Тут няма аўтарскіх стэндапаў, якія б дапамагалі гледачу ўвайсці ў кантэкст гісторыі, ці закадравага голасу, які б разжоўваў сутнасць новай сцэны ці плынь далейшага сюжэту. Насуперак фармату, аўтары больш сочаць за героямі, цікавяцца іх учынкамі і паводзінамі тут і цяпер, даючы магчымасць расказаць падрабязнасці толькі калі візуальных прыёмаў ужо не хапае, каб працягваць аповед далей. Больш «кіношны» падыход да тэлефармату быў абумоўлены рэжысёрскімі прынцыпамі, якога прытрымліваліся Любоў Зямцова і Юля Шатун, што прыйшлі ў праект менавіта з класічнага кінематографа.
І іх далікатны і асцярожны падыход у працы з героямі перавандраваў і сюды, што яскрава бачна нават у першым, самым мілым і смешным, фільме-эпізодзе пра легендарны кірмаш «Камароўка». Біяграфіі яго працаўнікоў — гаваркой і рамантычный барысты, бадзёрай сямейнай пары фермераў-прадпрымальнікаў з правінцыі, дыспетчара з мастацкай адукацыяй і грузчыка ў амплуа «простага хлопца з раёна» — сплятаюцца ў адну цікавую мазаіку беларускага жыцця, дахам якога на дадзены момант служыць сталічная «таўкучка».
Нягледзячы на даволі мяккі пачатак, іншыя эпізоды раскрываюць «Невядомую Беларусь» як публіцыстычны праект са злабадзённым зместам, што аддае належнае тэлежурналісцкім караням праекта. Так, аўтары іранічна вядуць гаворку пра існаванне практыкі размеркавання ў сістэме вышэйшай адукацыі, калі маладыя выпускнікі вымушаныя раз’язджацца па краіне на не самыя прывабныя месцы дзяржпрацы, каб «адпрацаваць» грошы, выдаткаваныя на іх навучанне. Ці здымаюць сапраўдны трылер пра хатні гвалт — гісторыі жанчын, якія хаваюцца ад сваіх мужоў, агрэсараў і гвалтаўнікоў, у сацыяльным шэлтары «Радзіслава».
Трэба аддаць належнае: за гэтымі мінісюжэтамі сапраўды цікава назіраць не толькі таму, што яны датычаць ці датычылі ў пэўнай ступені твайго жыцця, але і дзякуючы драматургічнай стройнасці, уласцівай больш ігравому кіно, чым дакументальнаму. Нават нягледзячы на тое, што здымкі шлі амаль што «з колаў», асаблівага заглыблення ў жыццё герояў не было. Балансаваць паміж кінематаграфічным аповедам і журналісцкім зместам аўтары ўсё ж навучыліся.
Гэта адчуваецца і ў апошнім выпуску «Мінск — адкрыты горад», дзе назва, з аднаго боку, з’яўляецца амажам апалагету італьянскага неарэалізму Раберта Раселіні, а з іншага дэманструе бяспечнае стаўленне ўладаў да пандэміі каранавіруса. Яго Любоў Зямцова рэжысавала без Юліі Шатун, сыграўшы на кантрасце паміж жыццелюбівым Валерыем, баяністам футбольнага клуба «Іслач», якога вірус не палохае, і больш асцярожнай і ўважлівай да здароўя родных рэжысёркі Ксеніі.
На гэтым гісторыя «Невядомай Беларусі» заканчваецца шматкроп’ем нявызначанасці. Ці з’явіцца фільм пра валанцёраў, падчас якога загінула здымачная група праекта? Ці знойдуцца іншыя дакументалісты, якія па-іншаму, але працягнуць расказваць пра Беларусь замежным телегледачам? Пакуль што незразумела. Але трэба верыць у лепшае выйсце з такіх няпростых абставін.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!