Яго першы верш надрукавалі, калі яму было 15 год. Ён пераклаў звыш 400 твораў на беларускую мову, але ніводную яго п’есу не паставілі на сцэне. Апошняму Народнаму паэту Беларусі, навукоўцу і перакладчыку сёння магло б споўніцца 92 гады. Budzma.org узгадвае цікавыя факты з жыцця паэта.
Ніл Гілевіч за працай. Фота: pln.by
Будучы паэт нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У бацькоў Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны было 8 дзяцей. Пяць хлопцаў: Нінэл, Леў, Мікалай, Марат, Сальвір. І тры дачкі Ліна, Іда і Святлана. Пры нараджэнні бацькі назвалі сына — Нінэл. Калі чытаць гэтае імя наадварот, то атрымоўваецца — «Ленін». У будучыні паэт змяніў сваё імя, скараціўшы яго да Ніл.
Дзіцячыя і падлеткавыя гады Ніла Гілевіча прайшлі ў вёсцы. Першыя гады пасля акупацыі будучы творца працаваў паштальёнам у калгасе. Тады ў 1946-м годзе паэт дэбютуе ў часопісе «Бярозка» з вершам «Яблынька». З гэтага часу яго творы пачынаюць рэгулярна друкаваць у рэгіянальнай і рэспубліканскай прэсе.
У наступным, 1947-м, годзе Гілевіч пераязджае ў Мінск. Там ён паступіў ў Мінскую педагагічную вучэльню імя Крупскай, якую скончыў у 1951 годзе. Апошні год навучання Гілевіч спалучаў з працай настаўніка ў Мінскай школе.
За ўсё жыццё Гілевіч пераклаў звыш 400 твораў. Паэт перакладаў творы з балгарскай, расійскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай моваў. Але большую перавагу аддаваў балгарскай літаратуры. Бо лічыў, што яна практычна невядомая беларускаму чытачу.
Сам Гілевіч шкадаваў, што шмат увагі надзяляў перакладам, а не сваёй творчасці. «Шкадую, што займаўся перакладамі ў такім аб’ёме. Маю на ўвазе, што я даў беларускаму чытачу таўшчэзны баўгарскі раман, дзьве аповесьці, шмат апавяданьняў, казкі югаслаўскіх народаў і г.д. Гэта я не павінен быў рабіць. Паэзія — мая стыхія, а без перакладаў прозы можна было абысьціся спакойна. (...) мог бы я трошкі больш сілы пакінуць на сваё. Сям-там я трохі перастараўся. Што зробіш — назад не адкруціш».
За гады сваёй творчасці Гілевіч напісаў 15 п’ес. але ніводную з іх не паставілі на сцэне тэатра. Сам паэт казаў: «Відаць, я ня маю неабходных драматургу здольнасьцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я — палец аб палец не ўдарыў».
Але для рамана «Родныя дзеці» Ніл Гілевіч напісаў лібрэта для радыёп’есы. Прагучаўшы некалькі разоў па радыё, п’еса атрымала добрыя водкукі.
Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Васіль Быкаў
Паэт лічыў, што трасняка — пераходная ступень да поўнай ліквідацыі беларускай мовы і катэгарычна выказваўся супраць яе. «Трасянка — з’ява пачварная, іншай ацэнкі быць ня можа», — казаў Ніл Гілевіч.
Таксама Народны паэт даволі скептычна ставіўся да беларускага лацінскага алфавіта. Ён параўноваў пераклад на лацінку са зменай арабскага пісьма на кірылічнае, калі бальшавікі прыйшлі ў Сярэднюю Азію:
Ніл Гілевіч, люты 2015 г. Фота: Sputnik / Віктар Талочка
Званне Народнага паэта Беларусі Ніл Гілевіч атрымаў у 1991 годзе. Але нават маючы ганаровае званне ў 2006 годзе атрымаў адмову ў выданні кнігі «Выбранае» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэта было звязана з тым, што падчас перадвыбарчай прэзідэнцкай кампаніі ў 2006 годзе паэт уваходзіў у выбарчы штаб кандыдата Аляксандра Казуліна.
АШ, budzma.org