Пераклады на беларускую перажываюць у апошнія гады сапраўдны ўздым. На паліцах з’яўляюцца як актуальныя аўтары, так і класіка. Запачаткаваныя і актыўна жывуць перакладчыцкія серыі “Паэты планеты”, “Амерыканка”, “Noblesse Oblige” — кніжная серыя твораў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры. Якраз пра нобелеўскую тэму і будзе гаворка.
Кнігі серыі “Noblesse Oblige”
Пакуль Габрыэль Маркес, Кнут Гамсун і Томас Ман з “Noblesse Oblige” чакаюць у сваю кампанію Архана Памука, згадаем некаторыя з кніжак набеліятаў, якія выходзілі па-беларуску раней.
Кніга”І ўзыходзіць сонца”
І пачнём з кнігі Эрнэста Хэмінгуэя “І узыходзіць сонца” (Фэст). Мегапапулярны ў свой час у свеце і Савецкім Саюзе аўтар па беларуску ўпершыню выйшаў асобным выданнем у 1976 годзе дзякуючы працы класіка беларускага перакладу Юркі Гаўрука. Еўрапейская “міжваенка” — Францыя і Іспанія. Маладыя людзі, якія толькі што на ўласныя вочы пабачылі “Вялікую вайну” (1914–1918), спрабуюць асэнсаваць сваё месца ў свеце, і атрымліваецца ў іх гэта не вельмі. Бо калі ты бачыў, як можа дэвальвавацца цана жыцця, цяжкавата разабрацца з каштоўнасцямі. Алкаголь, жанчыны, карыда, бойкі — чым не сэнс. У кантэксце з’яўлення гэтага рамана прагучаў і тэзіс пра “страчанае пакаленне”, які актуалізуецца ў наступных творах Хэма і плеяды аўтараў па ўсім свеце, у тым ліку Максіма Гарэцкага. Сухая па сродках і эмацыйная па змесціве, кніга прыйдзецца даспадобы аматарам несентыментальнай літаратуры.
З беларускіх перакладаў Хэмінгуэя асабліва варта адзначыць кнігу “Па кім звоніць звон” (1991, пераклад Вадзіма Небышынца) — у цэнтры увагі тут ужо грамадзянская вайна ў Іспаніі. Як любая вайна — жорсткая, як любая грамадзянская вайна — бязглуздая. Раман прасякнуты непадробным пацыфісцкім пафасам. Па прачытанні яго застаецца толькі разводзіць рукамі ды немаведама ў каго пытацца: як вы яшчэ можаце прагнуць вайны, калі перажылі ці хоць бы чыталі такое? Пэўна, не перажылі і не чыталі.
Вадзім Небышынец таксама з’яўляецца перакладчыкам аповесці Хэмінгуэя “Стары і мора”, а ў серыі “Школьная бібліятэка” можна пазнаёміцца з раманам “Бывай, зброя” (1996, пераклад Анатоля Бутэвіча)
Кнігі “Гульня шкляных перлаў”, “Сідхартха”, “Стэпавы воўк”
Германа Гесэ можна назваць культавым пісьменнікам для многіх пакаленняў інтэлектуалаў. Мы маем цяпер магчымасць пазнаёміцца з трыма кнігамі швейцарска-нямецкага пісьменніка: “Сідхартха” (2007, пераклад Арцёма Арашонка), “Стэпавы воўк” (2011, пераклад Васіля Сёмухі) і “Гульня шкляных перлаў” (1992, таксама Васіль Сёмуха). У нечым яны ўсе падобныя, бо развіваюць адну і тую ж тэму станаўлення чалавека. Пакуль героі Хэмінгуэя пілі і “змагаліся” (у бойках, войнах, амурных сутычках і з вялікай рыбінай), героі Гесэ займаліся пошукамі адказаў на самыя галоўныя пытанні. Захады робяцца з розных бакоў. У знаёмай ужо міжваеннай Еўропе “стэпавага ваўка” мы разам з героем Гары Гелерам падарожнічаем па падвалінах нашага “Я”, у кампанію прыхапіўшы Фройда і рэчывы для змены свядомасці. Што мы даведаемся пра сябе? Наколькі глыбока можам спусціцца? Ці патрэбная нам такая праўда пра сябе і ці праўда гэта? “Сідхартха”, у сваю чаргу, пераносіць нас на Усход, дзе мы можам прасачыць літаратурную рэканструкцыю жыцця “прасветленага” і яго шлях да прасвятлення. А што яшчэ рабіць, калі заходняя філасофія аказалася ў крызісе і прывяла да катастроф. Куды звярнуць позірк? Праўда, і на ўсходняй філасофіі Гесэ не спыняецца. Ён шукае, і самым грунтоўным яго творам становіцца “Гульня шкляных перлаў”. Гульня з’яўляецца для аўтара спробай пераадолець фельетонную эпоху, па сутнасці інфасмеццевую, нечым падобную на нашу цяперашнюю. Вельмі глыбокі і натхняльны раман, які можа адабраць у вас апошнюю надзею на выйсце. Абыдуся без цытаты, але прапаную ўвазе пераклад верша Гесэ, які добра ілюструе прысмак, што застаецца па прачытанні яго раманаў:
У мгле
(Адзінота)
Маркотна хаджу па зямлі ў тумане.
Расліны й каменні так смутна далёкі,
І дрэвы не бачаць друг дружкі ў імгле,
І ўсе адзінокі.
Калісьці шмат другаў, шмат другаў я меў.
П’янеў я ад сонца ясноты гарачай,
Сягоння скрозь ночак асенніх туман
Другаў не бачу.
Хоць раз хто спаткаўся ў жыцці з цемнатой,
Папраўдзе той мудр, той ведаў, той знае,
Як цемра ад свету бязмежнай сцяной
Яго аддзяляе.
Маркотна хаджу я ў мгле ў тумане.
Ўсе людзі так дзіўна маркотна далёкі,
Не знае друг дружкі ніводзін нідзе,
І ўсе адзінокі.
(пераклад зрабіў Янка Купала, не пазней за 1923 год)
Кніга “У чаканні Гадо”
Працягнем агляд набелянтаў кнігай Сэмюэла Бэкета “У чаканні Гадо”. Пераклад Віталя Воранава. Ух, рыхтуйся непадрыхтаваны чытач. Хаця што гэта я. Кожны беларус, жывучы ва ўмовах тэатра абсурду, ведае правілы гэтай гульні з пялюшак. Калі пасля Першай сусветнай адчувалася ўсеагульная разгубленасць, то пасля Другой сусветнай стала відавочна, што ніякіх сэнсаў увогуле няма. А людзі са сваімі нікому не патрэбнымі жыткамі боўтаюцца, як… хм… І чакаюць. Хто светлай будучыні (амерыканскай альбо беларускай мары), хто героя, які прыме за іх усе галоўныя рашэнні, хто магчымасці нешта там паўтарыць, а хтосьці чакае Гадо. Дзе ты, божанька? Няўжо ты не бачыш, як дзеці твае чакаюць тваёй любові? Вайна знечалавечвае асобу да скаціны, ды і не толькі вайна. Бо інакш не так актуальна чыталася б п’еса знакамітага ірландца, не былі б такімі пазнавальнымі яе героі:
“Эстрагон. Табе балюча?
Уладзімер (злосна). Ці мне балюча?! Ён пытаецца, ці мне балюча!
Эстрагон (паказваючы пальцам). Але зашпіліць прарэх усё ж варта, нягледзячы ні на што.
Уладзімер (нахіліўшыся). Рацыя (зашпільвае прарэх). На дробязі трэба зьвяртаць увагу ў кожнай сытуацыі.
Эстрагон. А чаго ты іншага чакаў, ты ж заўсёды адкладваеш да апошняй хвіліны.
Уладзімер (у задуменьні). Апошняй хвіліны… (успамінае нешта) Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе нешта. Хто гэта сказаў?
Эстрагон. Ты мне дапаможаш?
Уладзімер. Часам мне здаецца, што ўсё-ткі надыдзе. Тады я адчуваю сябе так… (Здымае капялюш, зазірае ў яго, мацае рукою патрасае ім, ізноў надзявае.) Як бы гэта патлумачыць? Мне лягчэй, а ў той жа момант… (Падбірае слова)… мяне працінае вусьцішнасць. (Падкрэсліваючы) Вусь-ціш-насць. (Ізноў здымае капялюш і зазірае ў яго) Дзіўна. (Стукае па капелюшы, як бы хацеў зь яго нешта вытрасці, зноў зазірае ў яго, надзявае) Нічога ня зробіш”.
Так і хочацца сказаць услед аўтару: дык нічога і не робім.
Больш кніг Сэмюэла Бэкета пакуль не выходзіла, але п’есы яго ў перакладзе там-сям ёсць, раскіданыя па часопісах і калектыўных выданнях.
Кніга “Атамная база”
“Атамная база” Халдара Лакснеса з Ісландыі выйшла ў 1991 годзе ў перакладзе Івана Пташнікава, і няхай ператвор зроблены праз рускую мову, чытаецца раман з вялікай прыемнасцю. Музыка, спартыўныя поспехі, удалыя сацыяльна-эканамічныя эксперыменты і серыялы прыцягнулі да гэтай маленькай краіны вялікую ўвагу, таму для разумення ментальнасці “Атамная база” будзе добрай падмогай. Стылістыку твора можна ахарактарызаваць як скандынаўскі магічны рэалізм. У нечым сітуацыя нават падобная на беларускую — калі побач з хрысціянствам арганічна суіснуе паганства. Праз вочы маладой дзяўчыны, што прыехала з маленечкай вёскі ў Рэйк’явік, мы бачым зрухі ў грамадстве Ісландыі: барацьбу ідэй, адыход старога ладу і ўсталяванне капіталізму дый проста жыццё, якое яно ёсць. Праз прызму традыцыйнага ісландскага светасузірання галоўнай гераіні ўсе гэтыя падзеі выглядаюць гратэскам і вычурам. Чаго вартая гісторыя з пераносам парэштак тамтэйшага скальда на радзіму з замежжа, калі замест нацыянальнага героя ў дасланых скрынках знайшлі… хм. “Не будзем гнявіць лёс і веру. У сутнасці, усё роўна, што ў скрынках. Гэта сімвалічная пасылка. Пры пахаванні хімічнае змесціва дамавіны не мае ніякага значэння. Галоўнае — гэта памяць пра нябожчыка ў сэрцах жывых”. Заўсёды згадваецца гэты ўрывак, калі пачынаюцца размовы пра перанос магілы Багдановіча.
Калі азірнуцца назад, дык, аказваецца, ёсць што пачытаць з лаўрэатаў самай вядомай літаратурнай прэміі. Па-беларуску.
Працяг будзе.
Міхал Бараноўскі