Усе мы бачылі, што адбывалася ў Мінску ўчора і пазаўчора, на ўгодкі ўзяцця Бастыліі. Затрыманні, штурханіна з міліцыяй, заведзеная крымінальная справа. Не, не супраць АМАПаўца, які зламаў руку пенсіянерцы, а супраць маладзёнаў, якія штурхаліся з праваахоўнікамі.
Але размова не пра тое. Штурм і ўзяцце Бастыліі сталі сімвалічным канцом феадалізму і старых парадкаў не толькі ў Францыі, але і ва ўсёй Еўропе. У нас жа 14 ліпеня рызыкуе стаць пунктам адліку «новага сярэднявечча». Не рамантычнай з’явы, якую пад гэтай фармулёўкай разумелі правыя заходнія інтэлектуалы, але «сярэднявечча» у трактоўцы Стругацкіх: з уладай меншасці, забабонамі, гвалтам і адсутнасцю закону як такога.
Нехта скажа: няўжо такога не было раней? Гвалт, рэпрэсіі, манаполія на ўладу — дзясяткі гадоў... Ды не, не ўсё так проста. Не скажу дакладна пра расклад 3 на 97%, але менавіта цяпер улада зразумела, што яна ў меншасці. Няма даверу на нізавым і сярэднім узроўні, а знакамітае прэзідэнцкае «мы» штодня робіцца вузейшым. Яго, як ласо, усё цяжэй накідваць кожнаму чарговаму калектыву, перад якім прамаўляеш.
Яшчэ нядаўна «мы» — гэта былі і бюджэтнікі, і вёска, і пенсіянеры, і чыноўнікі ўсіх узроўняў, і сілавікі. Цяпер жа кола сціскаецца, сацыяльныя групы ў ім перастаюць змяшчацца. Хто ведае, магчыма, у хуткім часе «мы» звузіцца да ўладара пярсцёнкаў, дзевяці назгулаў ды якога-небудзь ЧОПа. Чым меншае кола, тым больш рэзкія метады датычна крытычна-настроенай большасці.
Раней усё ж было нейкае падабенства сацыяльнай дамовы. Мы вам — плюшкі, бяспеку, «мірнае неба», адносны дабрабыт, а вы нам — лаяльнасць. Нязгодныя — гэта «адмарозкі», з імі размова кароткая. Так і жылі. Цяпер жа большасць спрабуюць нейкім чароўным чынам заціснуць у кола «адмарозкаў», што само па сабе немагчыма. Нацягнуць саву на глобус — ідэя так сабе.
У якасці адказу на мадэрн у Еўропе дыктатар Антоніа Салазар, які кіраваў Партугаліяй 40 гадоў, прапанаваў канцэпцыю Estado novo — «Новай дзяржавы». З каталіцызмам, калоніямі, ілюзіяй велічы. Такая сабе спроба ўваскрасіць рэаліі XV–XVI ст. Наш гарант мог бы прапанаваць нешта падобнае пад нашмат больш шчырай шыльдай: «Новае сярэднявечча».
Што гэта значыць? Калі коратка:
— Мы за вас усё вырашым, не лезьце.
— Рэформаў не будзе, галоўнае — хлеб у крамах.
— Манаполія на гвалт толькі ў нас, законы працуюць як мы хочам.
— Уладу мы НІКОМУ не аддамо.
— Беларусь будзе такой або ніякай. Вада сапсуецца, прыйдзе чума, усе памруць.
Цікава з апошнім пунктам, бо ён агучваецца наўпрост, без эківокаў. Лідар з’ехаў на адзін дзень — і вада сапсавалася. А падначаленыя ў гэты адзіны дзень ягонай адсутнасці нават не ведалі, што рабіць: па ТБ казалі, што ваду піць можна, але падвезлі цыстэрны. Да цыстэрнаў сталі чэргі, але на ўсялякі выпадак пад’ехаў АМАП... Сюр нейкі. Вярнуўся лідар — усё наладзілася.
«Прыйдуць іншыя — усё прыватызуюць», «з вас скуру злупяць», «а памятаеце 90-я?» — гэта няпоўны набор страшылак, які, відаць, будзе граць да скону лідара і ягонай эпохі. Апеляцыі да містыкі, бога, народнай сцежкі да абеліскаў перамогі будуць зашкальваць. Ворагі хацелі дэсакралізаваць уладу сваімі мэсіджамі пра «таракана» і «3%», а ў адказ ім — пра вышэйшыя сілы, з якімі толькі лідар можа дамовіцца.
Пра містыку, дарэчы, асобны сюжэт. Выглядае, што з гэтым гуляецца не толькі ўлада, але ўжо і ўсе мы. Журналісты, эксперты, людзі з адукацыямі і дыпломамі цэлы дзень абмяркоўвалі пацука, якога скінуў сокал перад ганкам ЦВК у дзень (не)рэгістрацыі кандыдатаў. Або пра «інфернальны» заход сонца над Нямігай, калі па цэнтры сталіцы пракаціліся бойкі і затрыманні.
Цэлы праўладны эксперт аналізуе пацука і кажа, што гэта сімвал багацця, а значыць, канец «банксцера» Бабарыкі. А знак такі падарыла «Вечнае Сіняе Неба». У СМІ пішуць, што сокал, сімвал сонца, не проста скінуў пацука, але пасля доўга біўся ў вокны ЦВК... Крута! Засталося ўспомніць, што юрыст Бабарыкі Максім Знак — цёзка гарадзенскага ведзьмака, якога спалілі на Рынкавай плошчы ў XVI ст. Знак, дарэчы, тады пракляў сваіх катаў.
Чума ўжо была, «мёртвая» вада — таксама. У каталікоў нібыта забіраюць Чырвоны касцёл у сэрцы Мінска. Далей — мухі і жабы, васіліскі і саламандры ў Свіслачы. Праклён і адлучэнне ад Папы. Працэсы над вядзьмарскімі ці алхімічнымі тэлеграм-каналамі, якія наводзяць «морак» на народ. Ну вось што гэта, калі не новае сярэднявечча? Ва ўсёй красе.
А мы пачакаем свайго шамана або схіігумена Сергія, які аб’явіць «духоўны джыхад» непапулярнаму манарху. Або раз’юшаны народ усё ж возьме ненавісную Бастылію. У кожнага сярэднявечча мае быць свой штурм, свая Бастылія. І яна чакае.
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Альтэрнатыўны герб Мінска — fb.me/marnatrauny
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!
Меркаванне аўтараў сайта budzma.org можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»