Як спалучаюцца Берлін і дранікі? А класічныя беларускія народныя спевы з азіяцкім каларытам? Адказы ведаюць беларускія музыкі, аўтары свежых красавіцкіх рэлізаў, пра якія мы сёння распавядаем у чарговым музычным аглядзе рубрыкі «Гітара Мулявіна».
Берлін і дранікі
Трэк з такой назвай выйшаў сёння ноччу ў гурта Rap&Vogue. І калі вы ніколі не чулі пра іх, то скажу, што гэта аўдыявізуальны поп-арт праект, які балансуе на мяжы мэйнстрыму і сучаснага мастацтва. Такая, іранічная электронная музыка, што спалучае розныя жанры і накірункі папулярнай культуры. Магчыма, вы калісьці нават чулі іх песню «Мінсктранс».
Новая песня «Берлін і дранікі» не мае ні кроплі сур’ёзнасці і на працягу ўсёй кампазіцыі імкнецца данесці нам толькі адну думку «я люблю Берлін і дранікі». Гэта танцавальны рэйв-трэк, пад які крута было б запальваць еўрапейскія танцпляцы з ночы і да раніцы.
Моцна, энергічна, з густам і ўсім тым патаемным патэнцыялам, які хаваецца глыбока ўнутры кожнага беларуса, пакуль ён не прапусціць чарку-другую.
Чаму менавіта Берлін і дранікі? Думаю, гэта вы зразумееце, калі паслухаеце хоць адзін з трэкаў гурта, але магчыма, разумець тут не трэба. Трэба проста адчуваць.
Містычная фігура, хто ж яна?
Такая загадкавая, прывабная і нават, інтраверсіўная сэксуальнасць праходзіць праз усю творчасць Ketevan — акторкі і спявачкі, якая стварае музыку ў шырокім спектры жанраў: ад джаза і соўла да гэрыджа і дзіпа.
Яе новая песня мае назву «Нявеста» і з першых нот падкрэслівае сваю містычнасць, на мяжы з шаманізмам. Кампазіцыя адчуваецца як амерыканскія горкі, бо артыстка то поўнасцю ахінае слухача карагодам гукаў і вакалу, то рэзка сціхае і пераходзіць на шэпт, то нібы марской хваляй, якая ўразаецца ў скалы, рэзка ідзе на вакальна-музычныя эксперыменты. І ўсё гэтая цягам трох з паловай хвілін, ну выдатна ж?
А ў лузі...
Iva Sativa працягвае эксперыментаваць і робіць гэта стылёва! Ці памятаеце яе апошні трэк «А ў лузі»? Вось на яго Яна і вырашыла зняць кліп, дзе паяднала класічныя беларускія народныя спевы з эксцэнтрычным вобразам і азіяцкім каларытам. Не ведаеце, як тое магчыма? То глядзіце кліп!
Эфект VHS яму вельмі пасуе і надае яшчэ больш шарму, а відавочны рассінхрон візуала з тэкстам таксама ідзе толькі ў плюс. З пункту гледжання таго, як аформлены кліп, пытанняў у мяне не ўзнікае, аднак ці не абрыдлі звычайнаму слухачу гэтыя адаптацыі і пераспевы народных матываў у сучаснай апрацоўцы? Спрэчны момант, які патрабуе доўгага разбору і разважанняў.
Хатні Томпсан, Budzma.org
Чытайце яшчэ: «Няма адчування, што я не вярнуся»: спявачка Кецеван пра эміграцыю, творчасць і любоў