Новы конкурс на AD.NAK! па стварэнні лагатыпа velcom «Дзеці»

10.06.2015 Adnak!

Генеральны партнёр Шостага фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! кампанія velcom абвясціла пра старт конкурсу па стварэнні лагатыпа для сацыяльнага кірунку дзейнасці кампаніі пад назвай «Дзеці». Лагатып будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах (відэа, друкаваная прадукцыя, анлайн, сувеніры), ствараных у падтрымку розных акцый.

Конкурсныя работы прымаюцца да 22 чэрвеня ўключна.

Пераможца конкурсу атрымае планшэт Huawei MediaPad M1 8.0 ад каманіі velcom.

Чаму

Сацыяльная адказнасць для velcom — важная і неад’емная частка бізнес-філасофіі. Праз рэалізаваныя сацыяльныя праекты і ініцыятывы кампанія імкнецца рабіць пазітыўны ўплыў на жыццё людзей у Беларусі, выкарыстоўваючы для гэтага найлепшы еўрапейскі досвед, укараняючы ўласныя прадукты ў праекты, звязаныя з сацыяльнай адказнасцю, і прыцягвае супрацоўнікаў кампаніі да актыўнага ўдзелу ў іх.

 

Цягам гадоў velcom падтрымліваў розныя сацыяльныя праекты і ініцыятывы. З канца 2014 года ў сваёй сацыяльнай стратэгіі кампанія засяродзілася на двух кірунках:

– дзеці (праекты падтрымкі адораных дзяцей і дзяцей, якія жывуць у нястачы);

– нацыянальная самаідэнтыфікацыя (праекты, накіраваныя на захаванне і папулярызацыю такіх складнікаў самаідэнтыфікацыі беларусаў, як мова, гісторыя, культура).

У другога кірунку (нацыянальная самаідэнтыфікацыя) ужо ёсць элементы айдэнтыкі (гл. ніжэй), у першага ж кірунку айдэнтыка пакуль адсутнічае.

 

Што?

Распрацаваць лагатып для сацыяльнага кірунку дзейнасці velcom «Дзеці», які будзе выкарыстоўвацца ў матэрыялах (відэа, друкаваная прадукцыя, анлайн, сувеніры), ствараных у падтрымку розных акцый.

 

Навошта?

Для пазначэння праектаў сацыяльнай скіраванасці — замест размяшчэння карпаратыўнага лагатыпа, які выкарыстоўваецца ў рэкламных матэрыялах.

 

Для каго?

Гэта лагатып для цэлага кірунку дзейнасці кампаніі, таму асноўнай мэтавай аўдыторыяй з’яўляюцца сацыяльна актыўныя людзі ва ўзросте 16-50 гадоў.

 

Што распрацаваць?

1. Лагатып (каляровы, манахромны) — у вектарным фармаце

2. Прыклады выкарыстання лагатыпа (сувенірная прадукцыя, рол-ап і г.д.)

 

Заўвагі

Трэба ўлічваць патрабаванні інструкцыі па фірмовым стылі velcom, размешчаныя па спасылцы: https://www.velcom.by/ru/about/19623.htm.

Айдэнтыка кампаніі velcom кірунку “Нацыянальная самаідэнтыфікацыя”:

velcom

Патрабаванні да падачы работ у конкурс:

Трэба запампаваць графічны файл у разделе «Падаць работу». Для друку абавязковая каляровая прастора CMYK — фізічны фармат А3 (420х297 мм), лічбавы фармат JPG без сціскання (максімальная якасць), разрозненне 300 dpi, для прэв’ю — максімальны памер 2000 пікселяў па большым баку, каляровая прастора RGB, разрозненне 72 dpi, лічбавы фармат JPG, PNG, GIF.