Новы раман “Тэорыя змовы” Ўладзіслава Ахроменкі ўжо ў продажы

22.06.2011 Афіша

Новы раман “Тэорыя змовы” Ўладзіслава Ахроменкі ўжо ў продажы! 30 чэрвеня – аўтограф-сесія ў кнігарні “логвінаЎ”: выпускінікам вну, якія трапілі пад абавязковае размеркаванне, – зніжкі.
“– А як мне жыць у краі, дзе пануе… суцэльная змова супраць гэтага самага краю?! – інфантыльна заенчыў адраджэнец. – Мова, гісторыя, сымболі…

– Наконт “змовы” абсалютна згодны, – нечакана пагадзіўся фацат у стэтсане. – І ці не галоўны змоўнік – ты! Бо не халеры не робіш, каб саматуж змяніць сваё жыццё да лепшага, а спадзяешся адно на цуды…”

Выйшаў друкам першы “сольны” раман Уладзіслава Ахроменкі – пісьменніка, вядомага чытачу па кнігах “Янкі, або апошні наезд на Літве” і “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша”, створаных ім у суаўтарстве з Максімам Клімковічам.

Жанр: кінараман-фарс

(а таксама сатырычны раман, прыгодніцкі раман і раман-выхаванне, істэрн (вестэрн на ўсходні манер))

Кароткі змест:

Выпускнік сталічнага вну па імені Скіргайла – натхнёны паэт, высокародны адраджэнец і малады спецыяліст – трапляе па размеркаванні ў Таргачоў – тыповы райцэнтр сінявокай. Скіргайлавы рамантычныя парывы сустракаюць татальнае непаразуменне з боку простых таргачоўцаў, раённай улады, а таксама кантынгенту расійскай ракетнай базы “Волга-Волга”, што стаіць у Таргачове. На шчасце, маладзёну выпадае ўнікальны шанец выправіцца ў мінулае – і кардынальным чынам змяніць лёс Радзімы. Патрабуецца для гэтага ўсяго нічога –прадаць душу д’яблу…

Цытаты:

“Скіргайла, ну злазь, Хрыстом-Богам прашу! – амаль спачувальна папрасіў цыбаты сяржант. – Я ўсё разумею, сам беларускую школу канчаў. Толькі вось “спадаром” мяне абзываць не трэба… У нас у Таргачове за такое лыча чысцяць!”

“Тое, што ты душу за Радзіму запрадаў, – зразумець яшчэ можна. З кім не бывае… Але нашто ты ў тое ВКЛ палез? Свайго часу замала?”

“Правільна, баба, гаворыш, – салідарна пацвердзіў былы партызан. – Чытаць, пісаць і страляць кожны мужчына павінен умець нават з заплюшчанымі вачыма!”

Урывак з рамана у “Літаратурнай Беларусі”

Водгук: «Тэорыя змовы» — сатырычны раман. Тут трапна і месцамі злосна выпісаныя ўсе тыпажы беларускай правінцыйнай рэчаіснасці: начальнікі-прыстасаванцы, ветэраны-сталіністы, ведзьмакі-камерсанты, дзяўчаткі-німфеткі і патрыёты-падпольшчыкі. Пільная ўвага надаецца насельнікам расійскай вайсковай базы «Волга-Волга», тон апісання якіх у творы, па чутках, зрабіў яго публікацыю ў рускім перакладзе неажыццяўляльнай. Усе вобразы выкананыя ў тэхніцы карыкатуры, а стыль раману проста вымагае яго раскадроўкі на коміксы.

Дзе купіць:

– У рэальнай кнігарні “логвінаЎ” (Мінск, праспект Незалежнасці, 37а, ст.м “Плошча Перамогі”, будынак у дварах за домам “Подзьвіг народу”)

– Падчас аўтограф-сэсіі 30 чэрвеня з 19:00 па 21:00 ў кнігарні “логвінаЎ” – з подпісам аўтара.

– У віртуальных кнігарнях:

https://knihi.by (worldwide)
https://alib.by (па Беларусі)

– Замовіць па адрасе tarhachou@gmail.com

Увага: акцыя 30 чэрвеня падчас аўтограф-сэсіі выпускніку вну, які прад’явіць дакументы, што пацвярджаюць яго размеркаванне за межамі горада Мінска – зніжка 50%.

РАСКРЫЙ ТЭОРЫЮ ЗМОВЫ!

Ад аўтара. Першыя пяць наведвальнікаў выпіваюць з аўтарам смачныя ўкраінскія трункі.