Уладзімір Някляеў павіншаваў з Днём народзінаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук Змітра Дашкевіча і Змітра Вайцюшкевіча, прысвяціўшы ім свае вершы.
Фота: facebook.com/uladzimir.niakliaeu
«20 ліпеня — дзень народзінаў двух маіх малодшых сяброў. Двух Зьмітроў.
Адзін Зьміцер — цясляр. Бацька чатырох дзетак, якіх трэба гадаваць, даглядаць, карміць. А яго пасадзілі ў турму. Ды яшчэ і маці ягоных дзетак, адно з якіх немаўля, зняволілі. І як ён ні пытаўся ў судзе, за што? — адказу не пачуў...
Другі Зьміцер — музыка. Артыст, у вобразе якога магла б увасабляцца мужная, годная, рыцарская Беларусь. А яму, занесенаму ў чорныя спісы, перагарадзілі шлях да сцэны. Да людзей, якія любяць ягоныя песні. Як і жонцы ягонай, якая, як некаму здалося, не тое спявае...
Мы да такога ўжо звыклі, нас яно не здзіўляе. Хоць жыццё, у якім штодня ламаюцца чалавечыя лёсы, інакш, як нялюдскім, не назавеш. І абодва Зьміцеры, цясляр Дашкевіч і спявак Вайцюшкевіч, робяць, што могуць, што ў іх сілах, каб жыццё наша стала людскім.
З днём народзінаў, Зьміцеры!
ДУХ
Зьміцеру Дашкевічу
Каб у замглёны час
Дух Волі ў нас не згас,
Ты ўсё зрабіў, што змог, —
І тое бачыць Бог!
ДУША
Зьміцеру Вайцюшкевічу
Душа — хоць ты крычы!
А ты спяваеш зноў...
Так рэхам уначы
Гукаецца любоў...
Так Нёману цячы
Ля родных берагоў...»
Рэдакцыя budzma.org далучаецца да віншаванняў.