Мала хто ведае, што замак у Нясвіжы – гэта адна з найлепшых фартэцый часоў ВКЛ, якая прайшла выпрабаванне часам.
Нясвіжскі замак і яго колішнія гаспадары князі Радзівілы сёння ў большасці асацыююцца з падзеямі XVIII–XIX стст. Як правіла, згадваюць росквіт часоў Міхала Казіміра Рыбанькі (1702–1762), дзівацтвы Караля Станіслава Пане Каханку (1734–1790), кароткае але бурлівае жыццё Дамініка Радзівіла (1786–1813). Напэўна, кожны чуў легенды пра “Чорную Даму” і дванаццаць апосталаў, гісторыі пра лёс княжацкай бібліятэкі, калекцый зброі, карцін, манет. І за ўсім гэтым неяк забываецца, што ў свой час Нясвіж быў адной з найлепшых фартэцый Вялікага Княства Літоўскага і, як любая фартэцыя, прайшоў праз ваенныя выпрабаванні.
Нясвіжскі замак, будаўніцтва якога пачалося ў 1582–1583 гг. па ініцыятыве Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, праектаваўся паводле найбольш перадавой на той час фартыфікацыйнай сістэмы. У XVI ст. у сувязі з актыўным выкарыстаннем гармат адпала неабходнасць у высокіх вежах і тоўстых сценах. Галоўным стала наяўнасць земляных валоў і добра ўмацаваных бастыёнаў, на якіх можна было размясціць значную колькасць агняпальнай зброі. У плане замак меў форму не квадрата, як раілі падручнікі па фартыфікацыі, а выцягнутага прамавугольніка памерамі 170х120 м, абкружанага высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах і вадзяным ровам. Па ніжнім краі вала ішоў прыкрыты цагляным брустверам ход, дзе можна было размясціць жаўнераў з ручной зброяй і гарматы. Ад горада замак аддзялялі штучныя ставы на рацэ Уша, і трапіць у яго можна было толькі па доўгай дамбе, якая вяла да ўязной брамы з пад’ёмным мостам. Насупраць брамы, на дзяцінцы, узвышаўся княжацкі палац, злева ад яе – будынак арсенала, справа – трохпавярховы мураваны корпус камяніцы з назіральнай вежай. Адразу за брамай, з левага боку, стаяла двухпавярховая казарма, а з правага боку – астрог. Усе гэтыя пабудовы яшчэ не былі злучаныя ў адзінае цэлае, а іх першыя паверхі прыкрываў земляны вал.
Доўгі час лічылася, што аўтарам праекта замка быў італьянскі архітэктар Ян Марыя Бернардоні. Але сучасныя даследчыкі больш асцярожна падыходзяць да гэтага пытання і гавораць толькі пра яго ўдзел у аздабленні палаца. Сяргей Друшчыц, навуковы кіраўнік рэстаўрацыі пачатку ХХІ ст., пісаў: “Нам невядома прозвішча інжынера – аўтара праекта нясвіжскай мадэлі, але безумоўна гэта была асоба, якая дасканала ведала тэорыю і практыку ўзвядзення самай сучаснай на той перыяд фартыфікацыі. Верагодна, ім мог быць запрошаны вайсковы інжынер, які толькі выканаў мадэль, а яе рэалізацыю здзяйснялі мясцовыя працаўнікі пад кіраўніцтвам геамайстроў і тапографаў, што працавалі на княжацкім двары. Сам князь выдатна ведаў гэты праект, аб чым сведчыць яго ліст, дзе ён дае парады будаўнікам Біржанскага замка”. Тое, што Сіротка сур’ёзна цікавіўся фартыфікацыяй і будаўніцтвам, пацвярджае і яго бібліятэка, у якой было нямала архітэктурных трактатаў. Да таго ж будаўніцтва замка стала для князя справай прэстыжу. Магутныя муры мусілі ствараць уражанне, што мір і спакой у нясвіжскіх уладаннях будуць панаваць вечна і даваць мяшчанам упэўненасць у заўтрашнім дні.
Аднак для паспяховай абароны былі патрэбныя не толькі валы і бастыёны, а і надзейны гарнізон і адпаведнае ўзбраенне, найперш – артылерыя. Ужо ў канцы ХVI ст. на замову М. К. Радзівіла Сіроткі для Нясвіжскага замка было адліта 10 гармат: дзве вялікія з выявамі Святога Мікалая і Святога Крыштафа (кожная вагою каля 3000 кг); чатыры – “для каменных ядраў” з выявамі “элементаў” агню, зямлі, вады і паветра; чатыры “малыя гарматкі” з выявамі евангелістаў. У гэты ж час у замку пачала дзейнічаць людвісарня – майстэрня па вырабе гармат і званоў. Менавіта ў ёй нямецкі ліцейшчык Герман Мольцфельт адліў 8 па-мастацку аздобленых гармат, якія зберагліся да нашага часу: “Гідра”, “Цэрбер”, “Вінаград”, “Цырцэя”, “Папугай”, “Сава”, “Мелузіна” і “Хімера”. Дзякуючы такой інтэнсіўнай дзейнасці, а таксама перавозцы ўзбраення з іншых рэзідэнцый, нясвіжскі артылерыйскі парк выглядаў даволі паважна. У першым вядомым інвентары замка за 1626 г. згадваюцца 27 баявых гармат, 2 старыя жалезныя гарматы, 1 марціра і 4 маленькія гарматкі для падачы сігналаў і салютаў.
Замак упершыню адчуў ваенную небяспеку восенню 1595 г., калі на Беларусь прыйшлі казацкія атрады Севярына Налівайкі. Яны захапілі добра ўмацаваны Слуцк, у ваколіцах якога разрабавалі шляхецкія сядзібы і маёнткі, і пагражалі Нясвіжу. На ўсялякі выпадак Сіротка выправіў жонку і дзяцей у Чарнаўчыцы (пад Берасце), а сам пачаў рыхтавацца да абароны. Паспалітае рушанне збіралася ў суседнім Клецку. Відаць, тамтэйшы замак лепш падыходзіў для размяшчэння войска, чым невялікая нясвіжская фартэцыя. У той год ёй не давялося дэманстраваць свае абарончыя якасці. Пацярпеўшы паражэнне пад Капылём, казакі рушылі на Магілёў. У пагоню за імі скіравалася шляхецкае войска, у складзе якога быў і асабісты атрад Сіроткі.
Сыны Мікалая Крыштафа Радзівіла надавалі замку менш увагі, чым бацька. Яны імкнуліся праводзіць больш часу не ў Нясвіжы, а пры каралеўскім двары. Малодшы сын, Аляксандр Людвіг, нават перанёс сваю рэзідэнцыю ў Белую на Падляшшы, каб быць бліжэй да Варшавы. У Белай ён распачаў будаўніцтва новага бастыённага замка, што патрабавала значных выдаткаў.
Смерць Аляксандра Людвіга Радзівіла амаль супала з пачаткам вялікай вайны, якую сучаснікі параўноўвалі з крывавым патопам. У маі 1654 г. Маскоўская дзяржава пачала баявыя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай. Армія ВКЛ значна саступала праціўніку і вяла манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады непрыяцеля. Ужо праз некалькі месяцаў былі страчаныя Віцебск, Смаленск, Полацк, Магілёў, Гомель. Зімовае контрнаступленне войска Вялікага Княства не выправіла становішча, і вясною 1655 г. яго разбітыя і дэмаралізаваныя аддзелы з’явіліся ў Слуцку і Нясвіжы.
Новы ўладальнік горада Міхал Казімір Радзівіл (сын Аляксандра Людвіга), якому на момант бацькавай смерці не споўнілася і 20 гадоў, мусіў прыкладаць значныя намаганні для ўмацавання Нясвіжа. Былі падсыпаныя валы і збудаваны равелін перад замкавай брамай. Артылерыйскі парк папоўніўся за кошт таго, што войска ВКЛ пакінула тут летам 1655 г. частку сваёй артылерыі, яшчэ 3 гарматы і 50 гакаўніц былі перавезеныя з Клецкага замка. Гарнізон налічваў каля 1800 чалавек. Сюды ўваходзілі як прафесійныя вайскоўцы, нанятыя князем, так і мяшчане, якія хаваліся ад небяспекі.
У верасні 1655 г. аддзелы ваяводы Аляксея Трубяцкога атакавалі Нясвіж. Іх ахвярай стаў т. зв. новы горад, які не меў уласных умацаванняў. Няма яснасці з тым ці адбыўся штурм уласна замка. Міхал Казімір Радзівіл, які на той час знаходзіўся ў крэпасці, пазней пісаў, што “нясвіжская фартэцыя стрымала імпэт Трубяцкога і Залатарэнкі, якія агнём і мячом Вялікае Княства Літоўскае плюндравалі”, а войска таго нібыта было 40 000. Але маскоўскі ваявода ў справаздачы аб выніках рэйду, складзенай для цара, нічога не гаворыць пра дзеянні пад Нясвіжам. Ды і наўрад ці ён наважыўся б на штурм маючы ў сваім распараджэнні адносна невялікае войска (лічба ў 40 000 значна завышаная, насамрэч казакоў было каля 5000). У любым разе нельга адмаўляць, што дзякуючы энергічным захадам Радзівіла Нясвіжскі замак, разам са Слуцкім і Ляхавіцкім, не быў захоплены. Адразу пасля адыходу маскавітаў князь выехаў з рэзідэнцыі, даручыўшы яе далейшую абарону сваім афіцэрам.
А ўжо ў канцы таго самага 1655 г. замак занялі варожыя аддзелы. Праўда, гэта былі не казакі і не маскавіты, а прыватныя войскі слуцкага князя Багуслава Радзівіла – стрыечнага брата нясвіжскага ўладара. Ва ўмовах распаду Рэчы Паспалітай апошні вырашыў стварыць уласнае княства пад пратэктаратам Швецыі. Гэтая дзяржава мусіла ўключаць частку Наваградскага, Менскага, Берасцейскага ваяводстваў і Падляшша, а яе цэнтрам стала б Случчына. Гарнізон Слуцка павінен быў забяспечыць пераход пад уладу Багуслава такіх фартэцый, як Нясвіж, Мір і Ляхавічы. Галоўным выканаўцам княжацкай волі стаў камендант Адам Волакс, швед па нацыянальнасці, які пачаў дзейнічаць, калі надышоў зручны момант.
4 снежня 1655 г. атрад Волакса захапіў Нясвіжскі замак. Перад гэтым было дасягнутае таемнае пагадненне з рэвізорам нясвіжскіх уладанняў Юрыем Загурскім і маёрам княжацкай гвардыі Вільгельмам дэ Інглісам, якія пусцілі непрыяцеля ў крэпасць. Камандзір залогі Васіль Баканоўскі і частка афіцэраў, не ўцягнутых у змову, спрабавалі пратэставаць, але беспаспяхова. Баканоўскага разам з жонкаю і дзецьмі кінулі ў вязніцу, а ў замку адразу ж пачалося рабаванне маёмасці Міхала Радзівіла і шматлікіх шляхецкіх рэчаў, якія там захоўваліся. З цайхгаўза, скарбаў і куфраў выцягвалі ўсё, што мела якую-небудзь вартасць. Адкрытыя рабункі дазволілі схіліць на бок нападнікаў тых афіцэраў, якія яшчэ намагаліся захоўваць вернасць нясвіжскаму князю. Новым камендантам замка быў прызначаны капітан Якуб Робак. Адчуўшы сябе ў бяспецы, Волакс адкрыта абвясціў пра пераход пад пратэкцыю шведскага караля. Неўзабаве пачаўся захоп навакольных маёнткаў, адкуль вывозілі прадукты, свойскую жывёлу, коней, грошы і маёмасць. Аддзелы Волакса без бою занялі і Мірскі замак, з якога забралі ўсе грошы, порах, амуніцыю і агняпальную зброю. Ён таксама здолеў захапіць Койданава і Смалявічы, выслаў войскі супраць Ляхавічаў. Але назваць гэтыя дзеянні паспяховымі цяжка. Слуцкі камендант настроіў супраць сябе ўсё мясцовае насельніцтва, а яго акцыі ўсур’ёз занепакоілі і гетмана ВКЛ Паўла Сапегу, і ваяводаў маскоўскага цара. Тым часам сам Багуслаў Радзівіл знаходзіўся на Падляшшы, а шведы зусім не збіраліся ваяваць за яго мары.
У студзені 1656 г. на Случчыне з’явіліся атрады Самуіла Аскеркі, які павінен быў вярнуць страчаныя гарады ў склад Вялікага Княства. Аскерка стаў лагерам у Нясвіжы і пачаў абстрэльваць замак. Гарнізон адказваў гарматнымі залпамі. Але ні да вялікага штурму, ні да значных вылазак не дайшло. Так доўжылася да канца сакавіка, калі Аскерку ўдалося схіліць на свой бок частку жаўнераў і афіцэраў, якія забілі каменданта Робака. Змоўшчыкаў ачольваў той самы Юрый Загурскі, які аднойчы ўжо парушыў прысягу. За здраду ён быў прызначаны камендантам замка, у якім бескантрольна панаваў да самай смерці ў канцы 1656 г.
Увесь гэты час Міхал Казімір Радзівіл знаходзіўся далёка ад Нясвіжа. Ён нейкі час таксама разглядаў магчымасць пераходу пад уладу Швецыі, але ўрэшце захаваў вернасць Рэчы Паспалітай. У 1656 г. браў удзел у бітвах са шведамі на тэрыторыі Польшчы. Пазней вырашаў дзяржаўныя справы на Падляшшы, суправаджаў караля ў Познань, браў шлюб у Львове, ваяваў у Курляндыі і толькі ў канцы 1659 г. ненадоўга наведаў Нясвіж.
А ўжо вясною 1660 г. горад зноў аказаўся ў цэнтры баявых дзеянняў. Моцная групоўка ваяводы Івана Хаванскага імкнулася ўсталяваць кантроль над паўднёва-заходняй Беларуссю. Перашкодаю да гэтага былі ўсё тыя ж Ляхавічы, Нясвіж і Слуцк – замкі, якія цягам усёй вайны так і не былі захопленыя маскавітамі. У іх былі пасланыя патрабаванні здацца цару. Калі гэта не прынесла вынікаў, у крэпасці накіравалі дэлегацыі прысяжнай шляхты, якая прысягнула на вернасць Маскве. Яны мусілі пераканаць камендантаў у неабходнасці капітуляцыі. Калі такая дэлегацыя прыбыла ў Нясвіж, яе адмовіліся нават пусціць у горад, не кажучы пра тое, каб весці нейкія перамовы. Яшчэ радыкальней паставіліся да пасольства ў Слуцку. Шляхту, якая ўваходзіла ў яго склад, папярэдзілі: “калі яшчэ раз возмецеся за такую паслугу, заплаціце за яе калом”. Тады Хаванскі вырашыў заняць усе тры крэпасці сілай.
У сакавіку 1660 г. яго войска стала пад Ляхавічамі і пасля беспаспяховага штурму пачало аблогу фартэцыі. Наступным мусіў быць Нясвіж. Нягледзячы на пагрозу, радзівілаўскі аканом Лукаш Тыбароўскі, які ўзначаліў гарнізон, быў поўны аптымізму. Ён пісаў, што замак добра забяспечаны правіянтам, амуніцыяй і людзьмі і што калі непрыяцель вырашыць яго штурмаваць, то ён “моцна апячэцца”. У сваю чаргу слуцкія вайскоўцы, якія пільна сачылі за ходам баявых дзеянняў, прытрымліваліся іншага меркавання. Яны сцвярджалі, што ў Нясвіжы бракуе дасведчаных афіцэраў і жаўнераў, а сам Тыбароўкі – чалавек не ваенны і не можа аб’ектыўна ацаніць ступень іх падрыхтоўкі. На думку случчакоў, замак Міхала Казіміра не вытрымае працяглай аблогі і пасля падзення Ляхавічаў здасца непрыяцелю. Сапраўды, у крэпасці было няшмат прафесійных жаўнераў. Аснову гарнізона, які налічваў каля 1200 чалавек, складалі мясцовыя мяшчане, размеркаваныя па драгунскіх і пяхотных аддзелах; залежнае насельніцтва з радзівілаўскіх маёнткаў, а таксама шляхта, якая не хацела заставацца на захопленых ворагам тэрыторыях. З некалькіх дзясяткаў ротмістраў толькі адзінкі мелі баявы вопыт, а большасць была прыдворнымі слугамі, якіх абставіны вымусілі ўзяцца за зброю. Таксама ў замку знаходзіліся 4 пушкары, якія мусілі абслугоўваць 32 гарматы і 2 марціры.
Тым не менш нясвіжскі гарнізон рабіў рэгулярныя напады на абозы і асобныя атрады маскоўскага войска, у той час як салдаты Багуслава Радзівіла захоўвалі пасіўнасць. Прычынай гэтага былі асабістыя інтарэсы князя Багуслава. Каб мінімізаваць уласныя страты, ён вёў таемныя перамовы з маскоўскімі ваяводамі і забараніў сваім афіцэрам рабіць якія-небудзь наступальныя дзеянні супраць іх. Тым часам нясвіжцы рабіліся ўсё больш дзёрзкімі. Конныя і пешыя аддзелы, выходзячы з замка, знішчалі маскоўскія раз’езды, што займаліся нарыхтоўкай хлеба і фуражу. Асобныя атрады даходзілі да Ляхавічаў. Галодныя маскоўскія стральцы думалі не столькі пра штурм, колькі пра тое, дзе здабыць чарговую порцыю ежы. Ваявода Хаванскі скардзіўся цару: “Ляхавічы і Нясвіж сталі прамеж тваіх заваяваных гарадоў і ад іх ратнікам праходу няма”. Не ў стане весці аблогу адразу дзвюх крэпасцяў, ён пасылаў супраць Нясвіжа невялікія атрады для застрашвання абаронцаў. Аднак гарнізон з лёгкасцю адбіваў такія выправы.
У маі 1660 г. пад Ляхавічы падышло падмацаванне – атрад стольніка Сямёна Змеева, які налічваў каля 2500 чалавек. Хаванскі адразу ж накіраваў яго на Нясвіж, загадаўшы распачаць рэгулярную аблогу. Змееў разбіў лагер каля сцен замка, чым спыніў вылазкі абаронцаў і нават сам пачаў высылаць раз’езды на Слуцк. Хоць крэпасць не была захопленая, у тылах маскавітаў усталяваўся адносны спакой, што дазволіла ім бесперашкодна праводзіць рэквізіцыі сярод насельніцтва. Лёс нясвіжскай фартэцыі вырашыла летняе наступленне войскаў Рэчы Паспалітай. 26 чэрвеня Змееў атрымаў загад зняць аблогу і ісці на злучэнне з асноўнымі маскоўскімі сіламі. 28 чэрвеня корпус Хаванскага быў разбіты пад Палонкай і пачаў адступаць. 29 чэрвеня пра перамогу стала вядома ў Нясвіжы. Лукаш Тыбароўскі з 600 жаўнерамі скіраваўся на пераправу праз Нёман у Жукавым Барку, дзе перагарадзіў шлях разбітым маскоўцам. Бітва пад Палонкай стала першай значнай перамогай Рэчы Паспалітай, якая змяніла ход вайны. У далейшым, аж да канца баявых дзеянняў у 1667 г. Нясвіж заставаўся недасягальным для праціўніка. З улікам ролі, якую адыграў замак у кампаніі 1660 г., і зважаючы на панесеныя страты, сойм Рэчы Паспалітай на чатыры гады вызваліў горад ад пастояў і падаткаў.
У канцы 1670-х гг. была зробленая спроба ператварыць Нясвіж у горад-фартэцыю, здольны змясціць вялікі гарнізон і вытрымаць працяглую аблогу. Але калі абарончы патэнцыял замка быў адноўлены, то гарадскія ўмацаванні не ўяўлялі перашкоды для непрыяцеля. Гэта яскрава паказалі падзеі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721 гг.), у якой Караль Станіслаў Радзівіл выступіў як саюзнік Расіі.
У маі 1702 г. шведскі атрад перайшоў Нёман і рушыў у Наваградскае ваяводства. Нясвіжскія мяшчане, не спадзеючыся на гарадскія ўмацаванні, звярнуліся да князя з просьбай дазволіць ім схавацца ў замку разам “са сваёй убогай маёмасцю”, на што атрымалі дазвол. Шведы даслалі ганцоў у Нясвіж, патрабуючы кантрыбуцыю і пагражаючы ў адваротным выпадку штурмам захапіць замак, дзе хаваліся мяшчане, сяляне, яўрэі. Але мяркуючы па тым, што ультыматум быў паспяхова праігнараваны, яны не збіраліся ўвасабляць пагрозу ў дзеянне, больш разлічваючы на псіхалагічны эфект.
У 1706 г. шведы пачалі мэтанакіраванае спусташэнне ўладанняў К. С. Радзівіла, каб прымусіць яго прысягнуць на вернасць Карлу ХІІ. 23 сакавіка падпалкоўнік Ёган фон Траўтфетэр з атрадам драгунаў атакаваў Нясвіж. На той момант тут акрамя замкавага гарнізона стаяў Старадубскі казацкі полк пад камандаваннем Міхайлы Міклашэўскага. Казакі разбілі лагер на гарадскіх вуліцах, паколькі камендант Люберт Полеман адмовіўся пусціць іх у крэпасць. Хутчэй за ўсё, выконваючы волю князя, ён не хацеў правакаваць ворага на штурм, баючыся за лёс фамільных каштоўнасцяў, што захоўваліся ў фартэцыі.
Шведы ў пешым парадку пераадолелі гарадскія валы і атакавалі Рыначную плошчу. Паколькі казацкая варта заснула, зрабіць гэта было нескладана. У кароткім баі было забіта каля 300 казакоў. Астатнія схаваліся ў будынку езуіцкага калегіума і дамах мяшчан, адкуль пачалі весці агонь па непрыяцелі. Тады Траўтфетэр загадаў падпаліць горад. У полымі загінула яшчэ некалькі соцень чалавек. Шведы захапілі 180 палонных, 2 сцягі і 4 гарматы. Атрымаўшы перамогу ў горадзе, яны не сталі штурмаваць замак, адкуль у іх бок не прагучала ніводнага стрэлу. Гарнізон нават не спрабаваў дапамагчы групе казакаў, якую знішчалі каля замкавага рова, што моцна здзівіла шведаў.
У наступныя два месяцы атрад Траўтфетэра вёў аблогу Ляхавічаў. Гэта крэпасць, як і вясной 1660 г., прыцягнула да сябе галоўную ўвагу непрыяцеля. Аднак нясвіжскі гарнізон гэтым разам нічога не зрабіў, каб аблегчыць яе становішча. Камендант Полеман усяляк стараўся пазбягаць сутыкненняў са шведамі. У красавіку 1706 г. тыя бесперашкодна спалілі ўвесь Нясвіж з ваколіцамі. Пасля капітуляцыі Ляхавічаў войскі на чале з Карлам ХІІ скіраваліся на Нясвіж.
Каралеўскі атрад налічваў не больш за 1500 чалавек, якія не мелі пры сабе ніводнай гарматы. Перад ім была крэпасць, “апаясаная валамі, глыбокім абмураваным ровам, з чатырма бастыёнамі на вуглах, дастаткова забяспечаная гарматамі і амуніцыяй”. Слабым месцам гэтай фартэцыі быў гарнізон, з 200 чалавек якога толькі 90 былі прафесійнымі жаўнерамі.
Развярнуўшы войскі для атакі, Карл ХІІ скіраваў да каменданта парламенцёраў з патрабаваннем здацца. Пры гэтым ён заявіў, што калі давядзецца зрабіць хаця б адзін стрэл, то пасля авалодання крэпасцю ўсе абаронцы будуць павешаныя. Такая заява выклікала сапраўдны перапалох. Мяшчане і выбранцы, якія складалі большасць замкавай залогі, не бачылі сэнсу аддаваць жыццё за княжацкую рэзідэнцыю ў той час, калі іх дамы спаленыя, а гаспадарка разрабаваная. Яны ўсведамлялі, што чакаць дапамогі не выпадае, і прымусілі каменданта адкрыць браму. Такім чынам, адна з найлепшых крэпасцяў Рэчы Паспалітай 20 мая 1706 г. стала лёгкай здабычай непрыяцеля.
Увайшоўшы ў замак, шведы дазволілі ўсім мяшчанам бесперашкодна пакінуць яго разам з маёмасцю. Каменданта і афіцэраў адпусцілі на волю, а салдат зрабілі ваеннапалоннымі. Самі ж умацаванні былі цалкам зруйнаваныя. Разбурэннем займаўся атрад палкоўніка Кройца, які адмыслова пакінулі ў Нясвіжы. Каля 200 сялян і княжацкіх слуг, якіх сагналі ў замак былі вымушаныя працаваць ад раніцы дацямна, знішчаючы бастыёны, валы, будынкі, браму. У палацавыя пакоі знеслі дровы, якія падпалілі. 4 чэрвеня 1706 г. Кройц пакінуў спустошаны горад, у якім не засталося нічога, акрамя руінаў, касцёлаў і кляштараў, і рушыў на злучэнне з асноўнымі сіламі. Так скончылася гісторыя мураванага замка, збудаванага па ініцыятыве Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, які павінен быў увасабляць магутнасць дому Радзівілаў. У сярэдзіне XVIII ст. замак быў адноўлены, але яго абарончыя функцыі адступілі на другі план, а з часам і зусім зніклі.
Андрэй Блінец, budzma.by