За сваё працяглае жыццё шматплённы дзеяч беларускай культуры Сяргей Новік-Пяюн не пабыў у зняволенні толькі за Расійскай імперыяй, калі нарадзіўся, і ў незалежнай постсавецкай Беларусі, дзе памёр. І Рэспубліка Польшча, і СССР каралі Пеюна турмамі і высылкамі, а нямецкія акупанты ўвогуле расстралялі. Ды ён выжыў пасля расстрэлу…
Сяргей Міхайлавіч Новік нарадзіўся 14 (27) жніўня 1906 года ў крайняй хаце сяла Лявонавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Нясвіжскі раён). Бацькі Міхаіл Сцяпанавіч і Еўдакія Пятроўна былі, па адных звестках, тамтэйшымі парабкамі, па іншых – бацька яго быў народным настаўнікам.
Са словаў маці, падчас нараджэння сына звінелі званы тамтэйшай царквы. І жыццё ён пражыў з верай у Бога.
Храм у Лявонавічах – праваслаўны. Ды будавалі і асвячалі яго ў ХVII стагоддзі грэка-каталікі. І менавіта грэка-каталіцкаму святару прагнуў спавядацца Сяргей Міхайлавіч незадоўга да смерці.
Апроч бацькоў самымі блізкімі людзьмі для яго з дзяцінства былі родныя сёстры: Маруся, Алеся і Кацярына. Першая ашчадна захоўвала жывапісныя работы брата, разам з другой ён ладзіў свае першыя тэатральныя спектаклі, а трэцяя вышыла прыгожы герб “Пагоня”. Тую “Пагоню” Пяюн аберагаў ад лішніх вачэй за фіранкай у апошняй сваёй кватэры-аднапакаёўцы на мінскай вуліцы Купрыянава, а калі ізноў створаная са сконам Савецкага Саюза незалежная Рэспубліка Беларусь абірала сабе герб, на пэўны час перадаў “Пагоню” на выставу як адзін з варыянтаў-прэтэндэнтаў.
У яго бацькоўскай хаце спявалі ўсе. І ладзіліся спеўкі аднавяскоўцаў. Новікаў з гэтае хаты мясцовыя звалі Пеюнкамі. Сяргей не выракся мянушкі, а стаўшы дарослым, узяў для сябе дарослы яе варыянт – Пяюн. Тады ж, толькі сягнуўшы даросласці, ён стварыў пастаянны вясковы хор, які ў далейшым стаў народным і перажыў свайго заснавальніка.
У 1918 – 1924 гг. Пяюн вучыўся ў Нясвіжскай рускай гімназіі. Улада ў Нясвіжы тады мянялася шматразова: Беларуская Народная Рэспубліка і немцы, бальшавікі, палякі, ізноў бальшавікі, ізноў Польшча…
Унутры ж хаты “пеюнкоў” адназначна валадарыла БНР – вісеў бел-чырвона-белы сцяг, партрэты беларускіх пісьменнікаў. Па ўспамінах Пеюна на захадзе жыцця, у тыя гады “бацька, з кім бы ён ні гаварыў, заўсёды падкрэсліваў: мы – беларусы”.
Першы друкаваны твор Сяргея Новіка з’яўляецца ў 1921-м, калі сітуацыя з уладамі ўжо больш ці менш стабільная: Нясвіжчына апынулася ў складзе Навагрудскага ваяводства Польшчы. Сяргееў пераклад на беларускую мову апавядання “Запіскі салаўя” друкуе часопіс “Зоркі”.
Захапленне паэзіяй прыйшло да Пеюна наўрад ці пазней за перакладчыцкі першадрук. Сам ён сцвярджаў:
Верасень імглісты
Быў у дваццаць першым.
У той год пісаць я
Пачаў свае вершы.
Вершы былі сатырычныя.
У гімназіі Сяргей грунтоўна авалодваў абавязковымі пры навучанні французскай і нямецкай мовамі. Але найбольш захапіўся штучнай і тады зусім маладой, створанай беластаччанінам Заменгофам мовай эсперанта, пачаў пісаць вершы і на ёй.
Тады ж ён файна і з асалодай навучыўся граць на скрыпцы і мандаліне. Пасярэдзіне жыцця лагерныя вертухаі зломяць Пеюну пальцы на руках, пасля чаго падыгрываць сваім спевам ён ужо аніколі не здолее.
Класічныя гімназіі складаліся з васьмі класаў. Ды Сяргей двойчы “пераступаў” праз клас, здаваў экзамены экстэрнам. У выніку скончыў за шэсць гадоў і адправіўся вучыцца далей у Вільню – на настаўніцкія курсы.
Вярнуўся ў Лявонавічы ў сярэдзіне 1926-га кваліфікаваным настаўнікам і адразу пачаў энергічна дзейнічаць: апроч хору стварыў там яшчэ і самадзейны тэатр і гурток Таварыства Беларускай Школы, узяўся ладзіць у роднай і вакольных вёсках пачатковыя школкі з беларускай мовай навучання.
Тэатр паспеў паставіць і паказаць гледачам тры п’ескі аўтарства Францішка Аляхновіча і Леапольда Родзевіча, пасля якіх ішлі абавязковыя танцы. Народ радаваўся і весяліўся!
У адзін з апошніх жнівеньскіх дзён 1926-га
…паліцыянты
Да мяне прысталі,
Бунтаром назвалі
І арыштавалі.
Пасля кароткага тэрміну адзіночнай камеры паліцэйскага пастарунка вёскі Салтанаўшчына 1 верасня 1926-га за беларуска-рэвалюцыйны рэпертуар хору і асабістыя дамаганні адкрыцця беларускай школы, занадта ініцыятыўнага маладзёна Сяргея Новіка выслалі на 5 гадоў у Паморскае ваяводства – у мястэчка Свеце над Віслай.
Між тым з самага пачатку 1927-га тэксты (спачатку пераклады) Пеюна стала друкаваць нацыянальная газета хрысціянскіх дэмакратаў “Беларуская крыніца”.
У сакавіку 1927-га да Сяргея прыйшла бандэролька з Вільні, ад былой сяброўкі Максіма Багдановіча, вядомай як пісьменніца Зоська Верас – сігнальны нумар новага беларускага часопіса для дзяцей “Заранка”, якім яна бралася кіраваць. Завязалася перапіска, і з трэцяга нумара часопіса ў ім пачалі друкавацца вершы, апавяданні, лісты да чытачоў ад Пеюна, падпісаныя псеўданімам Малады Дзядок.
Пяюн намагаўся ніколі не выпраўляць першапачатковых варыянтаў сваіх вершаў. Ён успрымаў іх гатовымі тэкстамі “што ўзніклі аднойчы адным вечарам, адным днём, калі прыходзіла да мяне натхненне. Як склаліся верш і песня, такімі і застаюцца…”
24 ліпеня 1927-га Сяргей нелегальна паехаў са ссылкі ў Вільню. Авантура ўдалася. Зоська Верас і Малады Дзядок пазнаёміліся сам-насам і дамовіліся пра далейшую супрацу. Пяюн стаў да канца сваёй высылкі штатным, хаця і на адлегласці, супрацоўнікам “Заранкі”.
У тым жа годзе ў Вільні выйшлі тры кніжачкі-брашуркі Сяргея: усе звязаныя з тэатральнымі пастаноўкамі.
Высылка, хоць і абмяжоўвала перасоўванні, не перашкаджала сяброўствам і каханням. Асаблівасць стварэння найвядомейшага і найпапулярнейшага твора Пеюна ў тым, што тут энергетыка верша і песні прыйшла не ад непадзеленага кахання аўтара, а ад кахання побач…
“…Шпацыравалі мы аднойчы па Свеце… паляк Фелікс Балінскі, сам скрыпач, і ўкраінка Галя Парадкіўна, піяністка. Яны былі закаханыя, таму, вядома, я ніякавата адчуваў сябе сярод іх. Даў зразумець, што трэці – лішні, ды і дадому, маўляў, трэба ісці. А Галя пытаецца:
– А шчо Вы будэтэ робыты вдома?
– Ліст пісаць дахаты.
– А можа, і віршы?
– А можа, і вершы, – падладжваўся я пад яе настрой.
– А про шчо?
Ноч была надзіва зорная. Я паглядзеў на неба і жартам адказаў:
– А хаця б пра зорачкі…”
І цуд стварэння адбыўся яшчэ ў дарозе. За паўкіламетра адзінокага вяртання да хаты кватаравання, “пакуль я ішоў, мяне ўсё больш і больш паланіла музыка, якую вы зараз ведаеце, як музыку песні “Зорачкі”. Адначасова з музыкай прыдумаліся і вершы”.
Было 28 сакавіка 1929-га.
Твор Сяргей назваў “На выгнанні” і адаслаў разам з нотамі мелодыі ў Лявонавічы, дзе яе пачаў спяваць хор. Таксама даслаў верш ў газету “Беларуская крыніца”.
З Лявонавічаў песня “На выгнанні” трыумфальна рушыла па заходнебеларускіх асяродках. Новыя выканаўцы прыносілі ў тэкст свае змены, і тых варыянтаў за дзесяцігоддзі народнай папулярнасці ўзнікла многае мноства. Як і перакладаў на многія мовы. Але самае галоўнае: народ змяніў назву твора на “Зорачкі”. Гісторыя яго напісання парасла легендамі й паданнямі, у якіх ён ствараўся і ў нямецкіх і ў калымскіх канцлагерах, каменяломнях і катаргах і ў камерах смертнікаў… Доля праўды была ва ўсіх тых легендах – аўтар “Зорачак” прайшоў і праз нямецкі канцлагер, і праз Калыму, і праз камеру смяротнікаў. Але пасля свайго зорнага твору…
Па вяртанні ў родныя мясціны ў 1931 г. Сяргея ізноў арыштавалі. І выслалі пад нагляд паліцыі ў Слонім.
У Слоніме Сяргей ажаніўся. Людміла мела рускае прозвішча Гарусава, вызнавала сябе каталічкай і часткай польскай супольнасці. У лютым 1936-га Пяюн набыў для сям’і за 5000 злотых драўляны дамок на слонімскай вуліцы Агароднай. Неўзабаве, у тыя ссыльныя і самыя шчаслівыя сямейныя яго гады, Сяргей стаў бацькам – нарадзілася дачка.
У сакавіку 1939 польскія ўлады зняволілі Пеюна ў турму ў Баранавічах. Афармляючы пашпарт, чыноўнік прапанаваў яму запісацца палякам. Сяргей адказаў: “Пішыце беларусам. Я нацыянальнасцю не гандлюю”. Яму адмовілі і ў графе “нацыянальнасць” зрабілі прочырк.
Вызвалены Пяюн быў праз 6 месяцаў кратаў, пасля прыходу Чырвонай арміі.
Тутэйшая галота разам з “вызваліцелямі” рабавала жытло “паноў і буржуяў”. Пяюн далучыўся да “масавых вызваленняў” маёнткаў ад маёмасці, ратуючы і хаваючы ў сябе мноства гістарычных рэчаў, якія неўзабаве знайшлі сваё месца ў экспазіцыі і фондах Слонімскага раённага краязнаўчага музея.
Пры новай уладзе Сяргей спачатку працаваў у сістэме народнай адукацыі, затым стаў дырэктарам якраз таго музея, куды ратаваў экспанаты.
З прыходам 1941-га ў сям’і нарадзілася другая дачка.
У першыя дні вайны з немцамі Пяюн ратаваў каштоўнасці Слонімскага краязнаўчага музея, хаваў іх на ўскраіне горада. Як высветлілася, не дарэмна.
Савецкія вайскоўцы пры ўваходзе немцаў у Слонім 26 чэрвеня ўчынілі артылерыйскі абстрэл горада, у выніку якога быў моцна пашкоджаны цэнтр места, у тым ліку знішчаны гонар месцічаў – праваслаўны сабор. Амаль поўнасцю згарэлі вуліцы Жыраўская і Ражанская, мала што ацалела на вуліцах Панасоўскай і Шырокай. Дом Новікаў на Агароднай не пацярпеў.
Калі сітуацыя пры нямецкай акупацыі стабілізавалася, Пяюн ізноў узяўся за музей, тэатр і хор – пачаў місіянерыць тую беларушчыну, якую місіянерыў і дагэтуль.
Неўзабаве на сувязь да яго выйшлі савецкія партызаны і падпольшчыкі. Акалічнасці тых сустрэч застаюцца для нас невядомымі, але пацярпець ад немцаў Пеюну і сям’і давялося менавіта за сувязь яго з падполлем.
У 1943-м з Сяргеем звязалася мама 12-гадовага Алега Лойкі і перадала яму сшытак твораў сына. Вершы Пеюну спадабаліся, і адзін з іх, “Восень”, надрукавала “Баранавіцкая газета”. Так распачаўся шлях у беларускую літаратуру будучага яе буйнога даследчыка і заўважнага паэта.
А 25 лістапада 1943-га Сяргея арыштавала SD. Немцы пачалі вынішчаць слонімскае савецкае падполле і паспелі схапіць апроч нашага героя яшчэ некалькі слонімцаў.
Кіраўніцтва падполля неяк паспела апярэдзіць падзеі і сысці да партызанаў разам з сем’ямі.
Сярод падпольшчыкаў Пяюн быў не проста ніякай не ключавой асобай. Заслужаны і рэальны кіраўнік падполля, пісьменнік, ва ўспамінах увогуле абвяргаў, што Новік сярод іх быў. Чалавек, уся дзейнасць якога была звязаная з публічнасцю, паэт, спявак, музейшчык, Сяргей адкрыта агітаваў за тое, у што верыў – за беларушчыну – і зусім не фанацеў ад бальшавізму. Наіўна спадзеючыся, што да катастрафічных вынікаў тое не прывядзе.
За кратамі, падчас следства, працягнуў пісаць вершы-песні. Спачатку будучыню ўспрымаў досыць пазітыўна.
Але раптоўна была арыштаваная яго жонка Людміла. А пасля іх абаіх адправілі ў Калдычаўскі лагер смерці. Жонка там і загінула.
Па сведчанні сябры Пеюна Васіля Жуковіча, Людміла загінула ў лагеры разам з маленькім сынам. Адкуль узяўся сын? Жуковіч слухаў тое, што распавядаў яму сам Пяюн. Можа, Людміла была цяжарная? Сяргей, пасля дзвюх дачок і яшчэ адной малой сіроткі, узятай на выхаванне ў гады вайны, пра сына марыў…
Пеюна пры расстрэле шчасліва параніла. Ён дабраўся да партызанаў.
Па вызваленні Слоніма ад немцаў Сяргей Міхайлавіч некалькі месяцаў працаваў дырэктарам музея. А 14 снежня 1944-га па яго прыйшоў НКУС. І пачалося зняволенне ў савецкіх турмах, лагерах і ссылках, якое скончылася толькі ў 1958-м.
Дочкі раслі ў дзіцячым доме, пасля іх забрала ў Польшчу бабуля Леакадыя. Яна і яго хацела ў Польшчу, пісала прашэнне з тае нагоды савецкаму прэм’еру Малянкову, калі ў сярэдзіне 50-х на змену лагеру прыйшла якуцкая ссылка. Ды Пяюн адмовіўся. Пачуццё віны за смерць жонкі засталося і ў яго, і ў цешчы, і ў дачок. Па вызваленні дочкі яго не наведалі ні разу…
Вярнуўшыся з Якуціі, Пяюн нядоўга пажыў у Слоніме, затым у Нясвіжы і ў 1960-м назусім перасяліўся ў Мінск – на вуліцу Купрыянава, у раён вадаёма Мухля.
Цёплых стасункаў не склалася ў яго і з блізкімі суседзямі. Сябрамі сталі цяпер значна маладзейшыя за яго людзі беларускай культуры – яны дапамагалі яму жыць, а ён дзяліўся з імі тым, у чым быў дасведчаны: ізноў праяўляліся яго таленты паэта, спевака, педагога, кіраўніка хору, музейшчыка, эсперантыста…
Пахавалі Сяргея Новіка-Пеюна ў родных яму Лявонавічах у канцы жніўня 1994-га. Быў файны сонечны дзень. Створаны ім у юнацтве народны хор спяваў “Зорачкі”…
Ён памёр за дзень да ўласнага 88-годдзя.
Пры напісанні тэксту аўтар карыстаўся, апроч уласных мазгоў, размовамі са знаёмцамі Сяргея Новіка-Пеюна і больш чым 20 адкрытымі крыніцамі інфы, спасылкі на якія гатовы прадставіць усім, хто дастаткова аргументавана пра тое папросіць.
Кніга “Недастрэлены” пра С. Новіка-Пеюна мае шанцы выйсці цягам гэтага года ў серыі “100 выдатных дзеячаў” пад рэдактарствам Анатоля Тараса.
Андрэй Мельнікаў