З 10 па 12 кастрычніка ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханэса Рау адбыўся ІІ Фестываль нефармальнай адукацыі, ініцыятарамі якога выступілі беларускія недзяржаўныя адукацыйныя арганізацыі.
Фестываль сабраў на сваёй пляцоўцы больш за 200 прадстаўнікоў адукацыйных і асветніцкіх арганізацый, якія працуюць у сферы адукацыі дарослых і моладзі ў Беларусі, а таксама адукатараў з Германіі, Даніі, Польшчы, Расіі і Украіны. Падчас Фестываля неаданаразова падкрэслівалася роля нефармальнай адукацыі ў развіцці асобы і грамадства, важнасць забеспячэння магчымасцяў для неперарыўнай адукацыі ў любым узросце, неабходнасць прызнання грамадскай карысці нефармальнай адукацыі і, адпаведна, выпрацоўкі стратэгіі ўзаемадзеяння са структурамі фармальнай адукацыі.
У гэтай сувязі на прыкладзе прамоў аб адукацыйнай палітыцы і развіцціі нефармальнай адукацыі ў Беларусі, Расіі і Нямеччыне былі акрэслены асаблівасці, праблемы і перспектывы гэтай сферы. Удзельнікі Фестываля, сярод якіх, разам з грамадскімі аб’яднаннямі, былі прадстаўнікі Нацыянальнага Сходу, Міністэрства адукацыі, дзяржаўныя навучальныя установы, бізнэс-кампаніі і арганізацыі канфесійнай адукацыі, абмеркавалі магчымасці пашырэння міжсектарнага супрацоўніцтва ў нефармальнай адукацыі, яе важнасць для рашэння актуальных грамадскіх задач і неабходнасць уліку сферы нефармальнай адукацыі ў агульнай адукацыйнай палітыцы краіны.
Асаблівасцю ІІ Фестываля з’явіўся Другі дзень адчыненых дзвярэй, які наведалі каля 250 чалавек. Гасцям былі прапанаваны прэзентацыі шырокага спектру праграм арганізацый-удзельнікаў і майстар-класы па розных адукацыйных тэмах. У гэты дзень можна было азнаёміцца са шматлікімі стэндамі прадстаўленых на Фестывалі арганізацый, сустрэцца з рэдактарамі і аўтарамі культурніцкіх часопісаў Беларусі, наведаць выставу літаратуры з фондаў Навукова-педагагічнай бібліятэкі. На прыканцы другога дня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых адукацыйных выданняў апошніх двух год, вызначаных аўтарытэтным журы, а таксама пераможцаў конкурсу на лепшы стэнд выставы і лепшы майстар-клас, абраных удзельнікамі і гасцямі Фестываля. Спецыяльныя ўзнагароды ад кампаніі “Будзьма!” атрымалі стэнды, якія ў найбольшай ступені падкрэсліваюць важнасць развіцця і шанавання беларускіх традыцый і культуры.
Пытанням развіцця міжнароднага супрацоўніцтва і актуальным задачам грамадзянскай адукацыі, а таксама прызнанню нефармальнай адукацыі ў Беларусі быў прысвечаны трэці працоўны дзень Фестываля. Удзельнікі падкрэслілі неабходнасць інтэграцыі ўсіх форм беларускай адукацыі ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору, агучылі намер арганізоўваць рэгулярныя сустрэчы з еўрапейскімі партнёрамі для абмеркавання і вызначэння доўгатэрміновых стратэгій супрацоўніцтва ў галіне нефармальнай адукацыі.
Арганізатары Фестываля задаволены яго вынікамі. Яны лічаць, што такія падзеі, безумоўна, узбагачаюць грамадскае жыццё краіны і даюць новы імпульс развіццю разнастайнасці і карыснасці працы адукацыйных арганізацый Беларусі. Як самімі арганізатарамі Фестываля, так і яго ўдзельнікамі зроблена прапанова па арганізацыі ў 2010 годзе ІІІ Фестываля нефармальнай адукацыі.