На закрыцьці першага беларускага Oktoberfest’у 10 кастрычніка ў кавярні «Камарова village» зайграюць гурты «Тлушч», Pomidor/off i Dzieciuki.
10 кастрычніка ў Камарова будзе па-сапраўднаму горача. Свае драйвовыя сэты рыхтуюць вядучыя прадстаўнікі беларускай альтэрнатыўнай сцэны. Малады і амбітны панк-рок гурт «Тлушч» пакажа адмысловую праграму, зь якой выступаў падчас мінулагодняга Oktoberfest у Hюрнбергу. «Мы зайграем найлепшыя свае сьпевы – сумесь дыска, панку, ска і глэму ў гуку тлусьцейшым за баварскія кілбаскі. Іх прыхільна прынялі нямецкія слухачы, а сёлета зьбіраемся павесяліць сваімі песьнямі і землякоў», – кажа вакаліст гурту Павал Белы.
Поўны гук і адрыў абяцае і Аляксандар Памідораў, які ўжо ўдзельнічаў у Oktoberfest у Камарова з сваім блюзавым праектам «Пьяныя госьці» і дужа парадаваўся нязмушанай атмасфэры сьвята. Цяпер музыка сыграе электрычны сэт з сваім асноўным гуртом – Pomidor/off, у які ўвойдуць найлепшыя нумары з альбомаў «Сьвята пакрадзенае» і «Патас/Попс/Прапаганда».
Стаўку на вясёлыя песні зробяць і госьці з Гродна – фольк-панк гурт Dzieciuki, які завершыць сёлетні фестываль. «Сама імпрэза задае настрой нашаму сэту, так што сумна ня будзе. Спадзяемся сярод іншага сыграць і наш кавэр на песьню “Streams Of Whiskey” гурту “The Pogues“. Яе вольны пераклад для нас зрабіў паэт Андрэй Хадановіч. Песьня не пра піва, але тэматыка зразумелая для ўсіх», – усьміхаецца вакаліст гурта Алесь Дзянісаў.
НАБЫЦЬ КВІТОК НА КАНЦЭРТ 10 КАСТРЫЧНІКА
Кошт квітка – 200 000 (папярэдне), 250 000 (на ўваходзе). Інфалінія: +375 29 676-81-95. Браніраваньне столікаў на канцэрт – +375 44 538-89-88.
Прыязджаць у Камарова (5 км. ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце – схема праезда. Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная-Камарова, Камарова – д/с Дружная з 16.00 да 0.00. Расклад руху можна паглядзець у афіцыйных суполках УКантакце і Facebook.
Tuzin.fm, фота Tarantino, PhotoBreak, Яўгена Ярчака